Першыя крокі Мерца

Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц прадставіў у Бундэстагу курс урада ў галіне ўнутранай і знешняй палітыкі. Чаго чакаць жыхарам Германіі?

Фрыдрых Мерц. Фота: Sandro Halank,  commons.wikimedia.org

Фрыдрых Мерц. Фота: Sandro Halank,  commons.wikimedia.org

Нагадаем, Фрыдрых Мерц быў зацверджаны на пасадзе канцлера Германіі яшчэ ў красавіку ў другім туры галасавання Бундэстага пасля перамогі блока ХДС/ХСС на выбарах і фармавання «вялікай кааліцыі» з эсдэкамі.

Аднак свае канкрэтныя планы на новай пасадзе новы канцлер агучыў толькі 14 траўня. У сераду Мерц выступіў перад дэпутатамі з першай заявай у ролі кіраўніка ўрада.

У суме палітык выступаў прыкладна 45 хвілін. Больш за палову адведзенага часу спікер прысвяціў розным аспектам еўрапейскай палітыкі. Перш за ўсё кіраўнік кааліцыі загаварыў аб вайне Расіі супраць Украіны, у якой, па яго словах, вырашаецца лёс кантынента.

У якасці адказу на выхадкі Крамля канцлер ФРГ анансаваў палітыку стрымлівання Расіі праз узмацненне абароназдольнасці як Германіі, так і ўсяго Захаду. Мерц спадзяецца, што гэтую пазіцыю будуць падзяляць усе — не толькі ў Еўропе, але і ў ЗША, над чым, паводле яго слоў, ідзе праца.

У прыватнасці новы канцлер заявіў аб намеры істотна ўзмацніць узброеныя сілы краіны, даўшы для гэтага ўсе неабходныя фінансавыя рэсурсы. Па ягоных словах, ФРГ павінна ўзяць на сябе вялікую адказнасць за абарону Еўропы.

Але чырвоныя рысы пераходзіць Мерц яўна не збіраецца. Многія звярнулі ўвагу на тое, што Мерц нічога не сказаў аб пастаўках Украіне нямецкіх крылатых ракет TAURUS. Між тым раней, будучы кіраўніком апазіцыі, ён не скупіўся на абяцанні на гэты конт. Магчыма, Мерц змяніў меркаванне па просьбе партнёраў па кааліцыі. Напярэдадні сацыял-дэмакраты пацвердзілі сваю пазіцыю супраць паставак ракет такога тыпу. 

Выступоўца таксама не згадаў пра праект аб увядзенні абавязковага воінскага абавязку ў краіне. Што, верагодна, тлумачыцца адсутнасцю ў грамадстве кансэнсусу па гэтаму пытанню. Частка экспертнай супольнасці падтрымлівае рэформу, аднак грамадства, асабліва моладзь, не ў захапленні ад вяртання вайсковага прызыву. 

Ва ўнутранай палітыцы Мерц абяцае сканцэнтравацца на праблемах эканомікі, якая перажывае трэці год рэцэсіі запар. Калі верыць новаму канцлеру, ФРГ здольная, абапіраючыся на ўнутраныя рэсурсы, вярнуць сабе страчаную ролю вядучай эканамічнай дзяржавы ў Еўропе.

Мерц таксама плануе ўзмацніць кантроль над міграцыяй і павялічыць колькасць дэпартацый нелегальных мігрантаў, але паралельна абяцае палепшыць інтэграцыю ў грамадстве і на рынку працы тых, хто застаецца ў краіне і не супраць такой інтэграцыі.

Якая ацэнка праграмнага спічу Мерца? Буйному бізнесу, падаецца, яна спадабалася. З пункту гледжання кіраўніка берлінскага Інстытута эканамічнага развіцця (DIW), Мерц узяў правільны тон у адносінах з бізнесам, зрабіўшы стаўку на неабходнасць дасягнення эканамічнага росту.

А вось апазіцыі чакана тэзісы Мерца не да спадобы. Сустаршыня правай апазіцыйнай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (АдГ) Аліс Вайдэль (Alice Weidel) абвінаваціла новы ўрад у намеры ўцягнуць Германію ў ваеннае супрацьстаянне з Расіяй. Правыя папулісты таксама задаюцца пытаннем — дзе праект адраджэння атамнай індустрыі, пра які Мерц шмат казаў падчас выбарчай кампаніі?

Блізкая да Зялёных газета Tageszeiting разглядае праграму Мерца як неадэкватную часу. «Мерц хоча стаць канцлерам знешняй палітыкі. Яго светапогляд здаецца некалькі састарэлым: Кітай у канцлера выступае ў ролі суперніка, а Трамп — у ролі партнёра, якому канцлер спадзяецца асвятліць шлях у заходні свет каштоўнасцяў з дапамогай сяброўскіх тэлефонных размоваў (…). Заява ўрада Мерца раскрывае пустэчу; гэты цэнтрысцкі ўрад у плане праграмы ніякі».

Апладысментамі ў прэсе і грамадстве былі сустрэты толькі праграма актывізацыі будаўніцтва муніцыпальнага жылля і меры, накіраваныя супраць росту квартплаты прыватнымі домаўладальнікамі.

Як бы тое не было, зараз Мерцу патрэбна рабіць канкрэтныя крокі ў рэалізацыі агучаных 14 траўня ідэй. Інакш яму, у тым ліку, не зламаць і непрыемныя для сябе сацыялагічныя трэнды. Як паведамляе Bild са спасылкай на даныя даследавання інстытута Insa, амаль палова ўдзельнікаў апытання (49%) выказалі незадавальненне працай канцлера, яшчэ 28% не змаглі вызначыцца з адказам. Пакуль Фрыдрых Мерц на пасадзе кіраўніка нямецкага ўраду карыстаецца падтрымкай толькі 23% грамадзян.