Перамір’е ў Газе скончанае. ЦАХАЛ паведаміў пра аднаўленне баявых дзеянняў
Перамір'е перапынілася, баі ў Газе аднавіліся. Бакі ў ноч на пятніцу не змаглі дамовіцца наконт падаўжэння перамір'я і працягу абмену закладнікаў на палесцінскіх зняволеных.
Армія абароны Ізраіля паведаміла пра аднаўленне баявых дзеянняў у сектары Газа. Раней, у 7 гадзін раніцы, скончыўся тэрмін рэжыму спынення агню ў Газе.
Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) раніцай у пятніцу, 1 снежня, заявіла аб аднаўленні баявых дзеянняў у сектары Газа. "ХАМАС парушыў рэжым аператыўнай паўзы, а акрамя таго, абстраляў ізраільскую тэрыторыю. Ізраільскія сілы абароны аднавілі баявыя дзеянні супраць тэрарыстычнай арганізацыі ХАМАС у сектары Газа", — гаворыцца ў паведамленні ЦАХАЛ у тэлеграм-канале.
Незадоўга да гэтага ЦАХАЛ заявіў, што з сектара Газа па тэрыторыі краіны быў здзейснены запуск ракеты — яна перахопленая.
Раніцай ізраільская армія абвясціла, што яе СПА перахапіла ракету, запушчаную з сектара Газа. Перад гэтым на поўдні Ізраіля была абвешчаная паветраная трывога.
У англамоўным тэлеграм-канале ЦАХАЛА не гаворыцца, што менавіта было перахоплена — ракета ці нешта яшчэ, напрыклад, дрон, — але ізраільская прэса піша пра ракету.
Навінавае агенцтва Shehab, якое лічыцца блізкім да ХАМАС, паведаміла са спасылкай на свайго карэспандэнта, што на поўначы сектара Газа былі чутныя некалькі выбухаў і страляніна — на той час да заканчэння перамір’я заставалася яшчэ гадзіна.
Раніцай газета The Wall Street Journal (WSJ) паведаміла аб тым, што перамір'е Ізраіля і ХАМАС падоўжанае яшчэ на адны суткі, адак гэта інфармацыя не пацвердзілася. WSJ са спасылкай на афіцыйных асоб у Егіпце пісала, што Ізраілю і ХАМАС удалося дамовіцца пра пагадненне, якое прадугледжвае вызваленне яшчэ 10 закладнікаў, у асноўным жанчын і дзяцей, захопленых падчас нападу тэрарыстаў на Ізраіль.
У чацвер, 30 лістапада, днём ХАМАС вызваліў двух ізраільскіх закладніц, затым групоўка перадала Чырвонаму Крыжу яшчэ шэсць чалавек.
Перамір'е доўжылася сем дзён і прывяло да вызвалення 110 закладнікаў, якія ўтрымліваліся ХАМАС, і 240 палесцінскіх зняволеных, якія ўтрымліваліся Ізраілем.
Умовы часовага перамір'я
Часовы рэжым спынення агню, узгоднены Ізраілем з ХАМАС пры пасярэдніцтве Катара на чатырохдзённы тэрмін, дзейнічаў з 24 лістапада. Паводле ўмоваў здзелкі, за гэты час баевікі ХАМАС павінны былі перадаць Ізраілю 50 жанчын і дзяцей з ліку закладнікаў, захопленых 7 кастрычніка. Ізраіль жа павінен вызваліць са сваіх турмаў 150 палесцінскіх зняволеных-жанчын і падлеткаў.
За некалькі гадзін да заканчэння тэрміну дзеяння ранейшага пагаднення, увечары 27 лістапада, МЗС Катара паведаміў, што Ізраіль і ХАМАС дамовіліся наконт падаўжэння рэжыму спынення агню яшчэ на два дні. Пасля чаго бакі працягвалі падаўжаць перамір'е на адзін дзень.
Акрамя вызвалення закладнікаў, умовы часовага перамір'я прадугледжваюць прыпыненне палётаў ізраільскай авіяцыі над сектарам Газа на шэсць гадзін на дзень, штодзённы пропуск ва ўсе раёны сектара 200 грузавікоў з гуманітарнай дапамогай і медыкаментамі, а таксама чатырох грузавікоў з палівам.
Напад ХАМАС на Ізраіль
Эскалацыя канфлікту на Блізкім Усходзе пачалася пасля таго, як 7 кастрычніка 2023 года радыкальны ісламісцкі рух ХАМАС, прызнаны ў Еўрасаюзе і ЗША тэрарыстычнай арганізацыяй, здзейсніў маштабную атаку на Ізраіль. Тэрарысты нанеслі масіраваны ракетны ўдар па Ізраілю, уварваліся на яго тэрыторыю і зладзілі самую масавую расправу над мірным насельніцтвам у гісторыі сучаснай Ізраільскай Дзяржавы. Яе ахвярамі сталі 1200 чалавек. Баевікі таксама захапілі больш за 240 закладнікаў і вывезлі іх у сектар Газа.
Ізраіль у адказ абвясціў вайну ХАМАС. Армія краіны наносіць масіраваныя ўдары па гэтым густанаселеным палесцінскім рэгіёне, які знаходзіцца пад уладай ХАМАС, а таксама праводзіць наземную ваенную аперацыю. Па сцвярджэнні падкантрольнага ХАМАС Міністэрства аховы здароўя, у сектары Газа загінулі звыш 15 тысяч чалавек. Пацвердзіць гэтыя даныя з незалежных крыніц не ўяўляецца магчымым.
Паводле ВВС, Нямецкай хвалі