Папа Рымскі: царква павінна папрасіць прабачэння ў геяў
Папа Рымскі Францыск заявіў, што Рымска-каталіцкай царкве варта папрасіць прабачэння ў геяў за сваё ранейшае стаўленне да іх.
Гэтыя заявы пантыфік зрабіў па дарозе з Арменіі, адказваючы на пытанні журналістаў у самалёце. Выказванне Францыска з нагоды гомасексуальнасці адбылося праз два тыдні пасля нападу на гей-клуб у амерыканскім горадзе Арланда, дзе былі застрэленыя 49 чалавек.
Многія прадстаўнікі гей-супольнасці лічаць цяперашняга пантыфіка самым літасцівым Папам Рымскім у найноўшай гісторыі, адзначае ВВС.
Па словах пантыфіка, царква не мае права судзіць геяў і павінна ставіцца да іх з павагай.
"Пытанне заключаецца ў наступным: калі чалавек знаходзіцца ў такой сітуацыі, маючы добрую волю і імкнучыся да Бога, хто мы, каб судзіць яго?" — сказаў пантыфік, паўтарыўшы сваю знакамітую фразу пра стаўленне да гомасексуалістаў, сказаную ў 2013 годзе неўзабаве пасля яго абрання кіраўніком каталіцкай царквы, паведамляе www.dw.com.
Пры гэтым, як адзначыў Францыск, некаторыя палітызаваныя мадэлі паводзінаў супольнасці геяў можна асудзіць за тое, што яны "крыху абразлівыя для іншых".
Таксама, па словах Францыска, царква павінна прасіць прабачэння ў іншых людзей, да якіх яна раней ставілася несправядліва: беднякоў, жанчын і дзяцей, якія падвяргаліся эксплуатацыі. Акрамя таго, на яго думку, царква павінна прасіць прабачэння ў грамадства за тое, што не змагла падтрымаць сем'і, якія перажылі развод або сутыкнуліся з іншымі сур'ёзнымі праблемамі.