Палітычны цынізм: У Вярхоўнай Радзе пракаментавалі віншаванні Лукашэнкі
У Вярхоўнай Радзе пракаментавалі віншаванні Лукашэнкі ўкраінскаму народу і пажаданні міру.
Роўна 32 гады таму, 24 жніўня, Украіна абвясціла сваю незалежнасць. Гэтаму гістарычнаму дню папярэднічала доўгая барацьба. Але сёння ўкраінцы зноў вымушаныя адстойваць права свабодна жыць на сваёй зямлі. Ужо другі раз галоўнае свята краіны праходзіць ва ўмовах поўнамаштабнай вайны з Расійскай Федэрацыяй.
Віншаванні ўкраінскаму народу ад Лукашэнкі — праява палітычнага цынізму, а сам ён не можа быць пасярэднікам у мірных перамовах. Так у каментары «Люстэрку» заявіў кіраўнік Камітэта Вярхоўнай рады Украіны па замежнай палітыцы і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Аляксандр Мярэжка.
«Калі кіраўнік аўтарытарнага рэжыму дзяржавы — саўдзельніцы агрэсіі жадае міру народу дзяржаве — ахвяры агрэсіі, то гэта нельга разглядаць інакш, як праяву палітычнага цынізму. Калі б Лукашэнка сапраўды хацеў міру, то ён звярнуўся б да крамлёўскага дыктатара з патрабаваннем спыніць агрэсію супраць Украіны і неадкладна вывесці акупацыйныя войскі», — мяркуе Мярэжка.
На ягоную думку, Лукашэнка не можа быць пасярэднікам у мірных перамовах прынамсі з дзвюх прычын.
«Па-першае, каб быць пасярэднікам у якім-небудзь міжнародным канфлікце, дзяржава ці палітык павінны карыстацца даверам бакоў і быць дастаткова нейтральным. У выпадку Беларусі аб пасярэдніцтве не можа быць і гаворкі, бо з пункту гледжання міжнароднага права Беларусь — гэта дзяржава — саўдзельніца агрэсіі. Па-другое, спадар Лукашэнка мае сумнеўную легітымнасьць. Ён — не дэмакратычна абраны прэзідэнт Беларусі, а, па сутнасці, узурпатар», — дадаў кіраўнік Камітэта Вярхоўнай рады Украіны па знешняй палітыцы і міжпарламенцкім супрацоўніцтве.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народ Украіны з Днём незалежнасці. Ён заявіў, што дзеля будучыні «мы павінны стварыць бяспечныя магчымасці для годнага суіснавання ўсяго рэгіёну», а таксама пажадаў украінцам міру.
«Мы павінны выкарыстоўваць каштоўнасць нашага суседства дзеля спынення канфрантацыі. Беларускі бок гатовы зрабіць для гэтага ўсё неабходнае і нават больш. Веру ў тое, што нам гэта па сілах», — заявіў ён у віншаванні.
Летась Аляксандр Лукашэнка жадаў украінцам «мірнага неба, талерантнасці, мужнасці, сілы і поспехаў у аднаўленні годнага жыцця».
24 жніўня Украіна адзначае Дзень незалежнасці. А паўтара гады таму, 24 лютага 2022 года, Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Расійскія войскі ўвайшлі ў краіну ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі, што зрабіла нашу краіну саўдзельніцай акту вайсковай агрэсіі, нягледзячы на ўсе абяцанні Лукашэнкі ўкраінскім лідарам, што «ніколі з нашай тэрыторыі не будуць атакаваць Украіну».
Да таго ж з тэрыторыі Беларусі наносіліся ракетныя ўдары па ўкраінскіх пазіцыях — гэта прызнаваў і сам Лукашэнка. Ён прызнаў, што Беларусь «лечыць і корміць» расійскіх вайскоўцаў. На тэрыторыі нашай краіны расійскія войскі таксама праходзяць навучанне.