На Дзяды ў Парыж

На Дзяды мы выбіраемся на могілкі да блізкіх ці, апынуўшыся ўдалечыні ад дому, да тых, каго лічым блізкімі. Вядома, у Вільні, Варшаве ці Кіеве шмат мясьцінаў, могілак, зьвязаных зь беларускай культурай. Але, на дзіва, і ў далёкім Парыжы з 19 ст., а мо’ і раней, пахаваныя беларусы, да якіх рэдка зазіраюць суродзічы. Якраз на Дзяды парыскія беларусы ці тыя, хто раптам апынуліся там, могуць прайсьціся па цікавых і эстэтычных могілкавых маршрутах. 

Могілкі Пэр-Ляшэз

Могілкі Пэр-Ляшэз

Заўсёды шматлюдна на могілках Пэр-Ляшэз, Манмартар і Манпарнас — пахаваныя там сусьветныя славутасьці вабяць турыстаў. Гэтыя нэкраполі ўжо здаўна сталіся своеасаблівымі музэямі і месцамі памяці і гонару, у тым ліку і для беларусаў.

Пэр-Ляшэз

На Пэр-Ляшэз варта пайсьці ня толькі дзеля Калет, Оскара Ўайлда ці Джыма Морысана, але і дзеля памяці Ніны (1916-2003) і Міколы (1903-1970) Абрамчыкаў, якія пахаваныя недалёка ад цэнтральнага ўваходу.

Могілка Ніны і Міколы Абрамчыкаў

Могілка Ніны і Міколы Абрамчыкаў

Тамсама, але ў калюмбарыі пахаваны вядомы беларуска-францускі мастак Барыс Забораў (1935-2021). Рэдка хто даходзіць на Пэр-Ляшэзе да могілкі Валерыя Ўрублеўскага (1835-1905), беларускага і польскага  дзяяча рэвалюцыйнага руху, які, дарэчы, разам з Кастусём Каліноўскім рэдагаваў, друкаваў і распаўсюджваў «Мужыцкую праўду».

Надмагілак Оскара Ўайлда

Надмагілак Оскара Ўайлда

Манмартарскія могілкі

На Манмартарскія могілкі многія йдуць да братоў Ганкураў, Даліды, П’ера Кардэна і многіх іншых. Беларус-к-ам апрача ўсяго цікава будзе знайсьці могілку слыннага менскага мастака Валенція Ваньковіча (1800-1842). Ён пахаваны насупраць могілкі Юльюша Славацкага. Між іншым, у В. Ваньковіча супольны надмагілак з браслаўскім стрыечным братам Людвікам Замбжыцкім (1803-1834). Іншыя ўдзельнікі паўстаньня родам зь Беларусі пахаваныя там: Стэфан Незабытоўскі (1783—1849), Кароль Нямцэвіч (1797—1867), Алаіз Яновіч (1792—1849) і шматлікія іншыя. 

Манпарнаскія могілкі

Зрэшты, на іншых славутых могілках Парыжу — Манпарнаскіх — акрамя такіх славутасьцяў, як Сымона дэ Бавуар, Жан-Поль Сартр, Сымон Пятлюра, Сьюзан Зонтаг, пахаваныя асобы, зьвязаныя зь Беларусьсю: беларуска-габрэйскі, францускі і польскі мастак Яўген Зак (1884-1926), Восіп Задкін (1890-1967), францускі скульптар, які нарадзіўся ў Віцебску, Хаім Суцін (1893-1943), францускі мастак з беларускіх габрэяў, Леў Пулагаеўскі (1934-1995), савецкі шахматыст зь беларускіх магілёўскіх габрэяў, Восіп Любіч (1896-1990), францускі мастак зь беларускіх габрэяў Горадні. 

Могілка Хаіма Суціна на Манпарнаскіх могілках 

Могілка Хаіма Суціна на Манпарнаскіх могілках 

Новыя могілкі ў Булоні

У заходнім прадмесьці Парыжу — Булоні — на Новых могілках пахаваны беларускі праваслаўны сьвятар, архімандрыт Уладзімер Фінькоўскі (1906-1988).

Сартрувіль і Вільпэнт

У Запарыжжы варта паехаць у Сартрувіль і Вільпэнт — калісьці беларускія калёніі былі там шмалюдныя. На могілках у Вільпэнце пахаваны мастак і актыўны дзяяч дыяспары Міхась Наўмовіч (1922-2004). У Сартрувілі можна наведаць могілкі Уладзімера (1911-1977) і Эвеліны (1908-1994) Шыманцоў. Побач з Сартрувілям у Мэзон-Ляфіце жыў і памёр слынны менчанін Ежы Гедройц (1906-2000). Але пахаваны ён у суседнім Лё-Мэній-лё-Руа. Яшчэ крыху далей ад Парыжу — у Ланьі-сюр-Марн — пахаваны беларускі мастак і сьпявак Віктар Жаўняровіч (1913-2005).

Глядзіце таксама

Іншыя тысячы менш вядомых ці цалкам не беларусаў-ак пахаваныя ў Парыжы і Францыі, часам на польскіх, праваслаўных і габрэйскіх частках шматлікіх могілак. Часьцей усяго пададзеныя на польскі, расейскі, а часам і францускі манер прозьвішчы хаваюць ідэнтычнасьць памерлых зямлякоў. Беларусы заўсёды ўмелі хавацца, шыфравацца, што толькі ўскладняе працу дасьледнікаў-беларусістаў, але прыгэтым робіць яе гэткай жа захапляльнай, як эгіпталёгія.  

Няма сумневу, 2020 год дапамог многім беларус-к-ам пераасэнсаваць свае карані, ідэнтычнасьць, а таму вельмі часта пошукі беларусаў-ак у эміграцыі, у выгнаньні ці проста ў вандроўцы вядуць да мясьцінаў памяці, якіх лепш, чым у бібліятэках і архівах, захаваліся ў парыскіх ды наагул францускіх нэкраполях.

Парыж

Парыж