МВФ спадзяецца на заканчэнне вайны ва Украіне ў канцы 2025 года
Базавы сцэнар МВФ прадугледжвае, што вайна Расіі супраць Украіны скончыцца ў канцы 2025 года. Але пакуль няма ніякіх перадумоў да гэтага — баявыя дзеянні па-ранейшаму працягваюцца, а Расія, па даных ISW, рыхтуе новы наступ. Ідуць 1131-я суткі вайны РФ супраць Украіны пры падтрымцы агрэсіі рэжымам Лукашэнкі.

Фота Getty Images
На фронце за 29 сакавіка адбыліся 223 баявыя сутыкненні. Амаль палова з іх адбылася на Пакроўскім кірунку, паведамляе ў зводцы 30 красавіка Генштаб УСУ.
На Пакроўскім кірунку ўкраінскія абаронцы спынілі 93 наступальныя дзеянні расійцаў у раёнах Александропалю, Вадзянога Другога, Елізаветаўки, Лісоўки, Котліна, Удалага, Успенаўкі, і іншых, а таксама ў напрамку Катляроўкі.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 23 разы, спрабуючы прасунуцца наперад паблізу Надзеі, Ямпалаўкі, Торскага, у напрамках Новага, Ольгаўкі.
На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 19 атак непадалёк Крымскага, Тарэцка і ў напрамку Дыліеўкі.
На Новапаўлаўскім кірунку сілы абароны Украіны спынілі 15 атак паблізу Канстанцінопаля, Беднага і ў напрамку Разліву.
На Краматорскім кірунку зафіксавана 13 боесутыкненняў. У Курскай вобласці Расіі падраздзяленні УСУ за мінулыя суткі спынілі 31 атаку расійскіх войскаў. Расійцы нанеслі па сваёй тэрыторыі 18 авіяцыйных удараў з ужываннем 23 кіраваных бомбаў.
* * *
Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся пад Пакроўскам і ў Белгародскай вобласці. Войска РФ прасунуліся пад Купянскам, Тарэцкім і на Пакроўскім кірунку піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 29 сакавіка, паказваюць, што УСУ прасунуліся ва ўсходнюю частку Папоўкі (Белгародская вобласць). Расійскія блогеры сцвярджалі, што УСУ працягвалі атакі паблізу Папоўкі і Дзямідаўкі (на ўсход ад Папоўкі).
Апублікаваныя 29 сакавіка геалакацыйныя кадры паказваюць, што войскі РФ прасунуліся на поўнач ад Стэпавай Навасёлаўкі (на ўсход ад Купянска) Луганскай вобласці. 29 сакавіка расійская крыніца сцвярджала, што пуцінскія войскі ўмацавалі пазіцыі паблізу Таполі (на паўночны ўсход ад Купянска ўздоўж міжнароднай мяжы).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 29 сакавіка, паказваюць, што войскі РФ прасунуліся на заходняй ускраіне Тарэцка, на захад ад Тарэцка і на поўнач ад Дружбы (непасрэдна на паўночны ўсход ад Тарэцка).
Сілы абароны Украіны, згодна з геалакацыйнымі кадрамі ад 28 сакавіка, прасунуліся на захад ад Шаўчэнкі (на поўдзень ад Пакроўска) Данецкай вобласці. У той жа час войскі РФ прасунуліся на паўднёвы захад ад Катляроўкі і на ўсход ад Багданаўкі падчас штурму пры падтрымцы бронетэхнікі, і акупавалі Прэабражэнку.
Аналітыкі адзначаюць, што войскі РФ узмацнілі атакі ў гэтым раёне цягам апошніх трох тыдняў, і, падобна, спрабуюць прасунуцца на паўночны ўсход ад Пакроўска ўздоўж трасы Т-0504 Пакроўск — Канстанцінаўка і на паўднёвы захад ад Пакроўска ў кірунку адмінмяжы Данецкай і Днепрапятроўскай абласцей. «Расійскія войскі, падобна, не сканцэнтраваны на нападзе непасрэдна вакол Пакроўска або на яго, а ўкраінскія сілы працягваюць праводзіць лакалізаваныя контратакі непасрэдна на поўдзень ад горада», — адзначылі ў ISW.
* * *
Расія запусціла па Украіне 111 дронаў і балістычную ракету ў ноч на 30 сакавіка. СПА збіла больш за палову дронаў, нягледзячы на атаку з розных напрамкаў, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.
Пацверджана збіццё 65 ударных БПЛА на поўначы, поўдні, усходзе і ў цэнтры краіны. Яшчэ 65 беспілотнікаў былі лакацыйна страчаныя.
У прыватнасці расійцы ўвечары 29 сакавіка атакавалі Харкаў. Удар прыйшоўся на ваенны шпіталь, што з'яўляецца парушэннем нормаў міжнароднага гуманітарнага права. Таксама былі атакаваныя офісны будынак, у шматпавярховых жылых дамах выбітыя вокны, згарэлі прыватныя аўтамабілі і гаражы. У выніку атакі два чалавекі загінулі, яшчэ 27 пацярпелі.
Таксама расійскія вайскоўцы атакавалі Купянск. З-за абстрэлаў знішчаныя будынкі, мірныя жыхары атрымалі раненні.
Акрамя таго, раніцай 30 сакавіка расійцы абстралялі Славянск Данецкай вобласці. Пад удар трапіла прамзона, абышлося без пацярпелых.
* * *

* * *
Расія плануе маштабныя атакі на некалькіх участках фронту ва Украіне, спрабуючы паўплываць на перамір'е і перамовы, мяркуюць аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW). Але, на іх думку, яна не здольная дасягнуць значных поспехаў.
У Інстытуце адзначаюць актывізацыю наступальных аперацый расійцаў на Ліманскім, Пакроўскім і Арэхаўскім кірунках, а таксама наступальныя дзеянні ворага на поўначы Сумскай вобласці як спробу выцесніць УСУ з пазіцый у Курскай вобласці. Але, нягледзячы на актывізацыю, расійскія войскі пакуль не дасягнулі тактычна значных поспехаў на гэтых кірунках, а УСУ працягваюць лакальныя контратакі на Пакроўскім і Тарэцкім кірунках.
У ISW перакананыя, што расійскае камандаванне наўрад ці перадыслакуе войскі з Курскай вобласці для патэнцыйнай наступальнай аперацыі з мэтай захопу або прасоўвання ў кірунку горада Сумы. Прычынай эксперты называюць недастатковую колькасць у расійцаў рэзерваў аператыўнага ўзроўню для правядзення значных наступальных аперацый супраць Сум, Харкава і Запарожжа без перадыслакацыі сіл, якія ўжо задзейнічаны на іншых участках фронту.
У Інстытуце лічаць малаверагодным здольнасць арміі РФ правесці тры маштабныя наступальныя аперацыі супраць названых буйных украінскіх гарадоў нават пасля правядзення такіх перадыслакацый. Прычынай называюцца істотныя страты Расіі ў бронетэхніцы і асабовым складзе за апошнія тры гады баявых дзеянняў. Аналітыкі нагадалі, што з зімы 2022 года расійцы не прадэманстравалі здольнасці праводзіць складаныя аперацыі з адначасовым наступам па некалькіх кірунках.
«Крэмль пакуль апынуўся няздольным набраць дастатковую колькасць навабранцаў з дапамогай крыптамабілізацыі, каб істотна павялічыць групоўку расійскіх войскаў або рэзервы стратэгічнага і аператыўнага ўзроўню для ўдзелу ў баявых дзеяннях ва Украіне. Калі толькі Пуцін не наважыцца правесці найбліжэйшым часам непапулярны частковы прызыў, што цяпер уяўляецца малаверагодным», — гаворыцца ў справаздачы.
Нагадаем, раней Associated Press са спасылкай на крыніцы ва ўкраінскай выведцы паведаміла аб падрыхтоўцы ў бліжэйшыя тыдні арміяй РФ наступальнай аперацыі на нявызначаным участку фронту.
* * *
Эксперты Міжнароднага валютнага фонду абнавілі негатыўны сцэнар для Украіны на выпадак больш інтэнсіўнай вайны. Калі так здарыцца, эканоміка краіны будзе падаць у 2025 і ў 2026 годзе.
Сцэнар прадугледжвае, што вайна працягнецца да сярэдзіны 2026 года, а шок пагаршэння сітуацыі пачнецца ў другім квартале 2025 года. «Гэты шок акажа моцны ціск на настроі кампаній і хатніх гаспадарак, а таксама на тэмпы вяртання мігрантаў і пацягне за сабой далейшы буйнамаштабны ўрон энергетычнай інфраструктуры і адключэння электраэнергіі ў параўнанні з базавым сцэнаром», — гаворыцца ў мемарандуме.
Негатыўны сцэнар прадугледжвае падзенне рэальнага ВУП на 2% у 2025 годзе і на 0,5% у 2026 годзе. У пасляваенны перыяд бежанцаў вернецца яшчэ менш, чым базавым сцэнары, што замарудзіць рост у 2027 годзе.
Нагадаем, базавы сцэнар МВФ прадугледжвае, што вайна Расіі супраць Украіны скончыцца ў канцы 2025 года. Гэты сцэнар прадугледжвае рост эканомікі Украіны 2025 годзе на 2-3% і паскарэнне росту да 4,5% у 2026 годзе.