Мішэль Абаму — у прэзідэнты

Пакуль яшчэ няма афіцыйных вынікаў выбараў 2016-га, але можна сказаць, што ўжо вызначыўся фаварыт прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Паводле апытанняў, 64% амерыканцаў гатовыя аддаць свае галасы Мішэль Абама.

154810789_pic4_452x302_94045.jpg

«Яна не любіць палітыку ў цэлым. Яна не любіць гульні, у якія гуляюць у Вашынгтоне», — пісаў пра Мішэль Абаму адзін часопіс пасля таго, як яе муж вырашыў стаць прэзідэнтам. Сама яна не аспрэчвала плётку, што заўжды цуралася палітыкі. Нават прызнавалася, што тытул першай лэдзі ёй мала цікавы.

Аднак, апынуўшыся на згаданай пасадзе, Мішэль не падкачала. Восем год у Белым доме прэса каментавала яе ўчынкі і заявы, як правіла, пазітыўна. Калі верыць СМІ, яна здолела спалучыць дысцыплінаванасць Барбары Буш і элегантнасць Жаклін Кенэдзі.

Калі крытыка і мела месца, то выключна на адрас гардэроба Мішэль, якую называлі «папуліст ад моды». Некаторыя знаходзілі, што строі першай дамы трошкі вольныя, але гэта вельмі спрэчна. Прынамсі, такі жаночы часопіс як “Vanity Fair”неаднаразова ўключаў Мішэль у спіс дзесяці людзей, якія апранаюцца найпрыгажэй у свеце.

Асноўная актыўнасць Мішэль Абамы ў часы дзвюх кадэнцый мужа была звязаная з філантропіяй, падтрымкай правоў жанчын і геяў, прапагандай здаровай, так званай «арганічнай ежы», барацьбой з дзіцячым атлусценнем, дапамогай дзецям з рабочых сем’яў.

Аднак у апошні час імідж Мішэль радыкальна змяніўся. Усё часцей публіка пачала бачыць у ёй перспектыўнага палітыка. Яшчэ напачатку цяперашніх выбараў пачаліся спекуляцыі наконт таго, што ў прэзідэнты ад дэмакратаў мусіць ісці не Хілары, а Мішэль. Аднак гэта ўспрымалася, хутчэй, як жарт.

Усё змянілася праз тое, што Мішэль Абама нечакана шмат для каго стала адной з самых прыкметных асоб апошняй выбарчай кампаніі. Паблісіці ёй міжволі зрабіла сама Хілары Клінтан, якая запрашала першую лэдзі па свае мітынгі. Па выніках тых мітынгаў высветлілася, што Мішэль больш папулярная за Хілары. Адзін з яе выступаў, у якім яна раскрытыкавала Трампа за яго сэксуальную агрэсію, выклікаў агульнанацыянальны інтарэс. Аднак яшчэ раней Мішэль выступіла падчас нацыянальнай канвенцыі дэмакратаў. У некаторых фрагментах спіча, на думку прэсы, адчувалася жаданне пайсці шляхам мужа.

Як следства, яшчэ ўлетку на старонках прэсы пачалі абмяркоўваць шанцы Мішэль заняць прэзідэнцкую пасаду. Думкі каментатараў, натуральна, падзяліліся. На першы погляд, перспектывы ў Мішэль проста бліскучыя. Перш за ўсё, у кампаніі 2016-га тон задавалі кандыдаты ў салідным узросце (Хілары Клінтан 68 год, а Дональду Трампу — 70). Хто б з іх не стаў прэзідэнтам, ёсць падставы для сумневаў, што ён (яна) будзе ў добрым здароўі, каб ісці на другі тэрмін.

Разам з тым, ужо зараз адчуваецца запыт на больш маладых палітыкаў. У 2020-м Мішэль будзе 56 гадоў — для палітыка вельмі спрыяльны ўзрост. Адпавядае Мішэль і іншым крытэрам для перспектыўнага кандыдата ў прэзідэнты: яна мае нацыянальную пазнавальнасць, дасканалую прафесійную рэпутацыю, вобраз добрай і клапатлівай маці.

«Мішэль Абама як прэзідэнт — гэта знак таго, што Амерыка сапраўды самая вялікая нацыя на Зямлі», — піша выданне Observer. Цікава, што ідэю кандыдацтва Мішэль вельмі ўзрадавала грамадства ў краінах Трэцяга свету, паколькі, будучы першай ледзі, яна праводзіла шмат акцый за мяжой.

Асноўны аргумент супраць вылучэння Мішэль звязаны з пазіцыяй яе мужа. Па словах Барака Абамы, ні ў 2020-м, ні ў 2024-м Мішэль не будзе балатавацца ў прэзідэнты. «Яна таленавітая і яскравая асоба, і я ганаруся ёй, аднак у Мішэль няма намеру станавіцца кандыдатам. Вы павінны занатаваць гэтыя словы», — сказаў ён, размаўляючы не так даўно з прэсай. Барак Абама таксама лічыць, што Мішэль можа быць карысная краіне, працуючы па-за межамі палітычнай сістэмы.

Цікава, што сама Мішэль апошнім часам упарта маўчыць на тэму сваёй палітычнай кар’еры, хаця да пачатку асноўнай фазы выбарчай кампаніі, у сакавіку, клялася, што ідэя прэзідэнцтва яе не цікавіць. Маўчанне Мішэль у тым ліку тлумачаць тым, што восем гадоў у Белым доме — гэта цяжкае выпрабаванне для кожнага. Мішэль Абаме, як піша прэса, спатрэбіцца нейкі час, каб прыйсці ў сябе і зрабіць канчатковы выбар.

Відавочна, гэты выбар таксама будзе залежыць ад таго, у якім стане амерыканскі палітыкум выйдзе з вельмі скандальнай кампаніі 2016-га. У любым выпадку, перад тым, як стаць кандыдатам, Мішэль пажадана стаць як мінімум сенатарам. Яшчэ адзін варыянт — спачатку добра зарэкамендаваць сябе на пасадзе губернатара роднага штату Ілінойс, якога будуць абіраць у 2018 годзе.

І яшчэ. Прыкладна пару тыдняў таму былі апублікаваныя дадзеныя сацыялагічнага агенцтва Gallup. Паводле іх, прыкладна 64 працэнты амерыканцаў гатовыя галасаваць за жонку Барака Абамы, калі яна праз чатыры гады заявіць пра свае прэзідэнцкія амбіцыі.