Канадскі сенат прагаласаваў за легалізацыю марыхуаны

Улады Канады зрабілі важны крок да дэкрыміналізацыі ўжывання марыхуаны, якую пакуль у краіне можна выкарыстоўваць толькі ў медыцынскіх мэтах.

_101928346_gettyimages_522828222.jpg


Верхняя палата канадскага сената паўгода разглядала законапраект, які дазваляе ўжыванне марыхуаны. У выніку сенатары 56 галасамі прагаласавалі за яе легалізацыю, 30 сенатараў былі супраць, паведамляе bbc.com.
У законапраект унесена некалькі паправак, ён вернуты ў палату абшчын для паўторнага разгляду.
Размовы аб легалізацыі марыхуаны ў Канадзе ідуць даўно. Сенат лічыўся галоўнай перашкодай, паколькі кансерватары ў гэтым заканадаўчым органе спрабавалі заблакаваць законапраект.
Некаторыя папраўкі ў законапраекце адлюстроўваюць іх пазіцыю. Прапанаваныя, напрыклад, больш жорсткія абмежаванні рэкламы марыхуаны, а таксама прадастаўленне рэгіянальным уладам дадатковых паўнамоцтваў у кантролі над вырошчваннем канопляў прыватнымі асобамі.
Законапраект падзяляе адказнасць паміж федэральнымі і рэгіянальнымі ўладамі. Федэральны цэнтр будзе рэгуляваць вытворчасць, а рашэнні аб тым, як прадаваць марыхуану і ці можна будзе паліць яе ў грамадскіх месцах, будуць прымаць мясцовыя ўлады.
Канадцам у выпадку прыняцця закона дазволяць вырошчваць дома да чатырох раслін канопляў. 30 грамаў марыхуаны можна будзе мець пры сабе для асабістага карыстання.
У той жа час тых, хто без ліцэнзіі паспрабуе прадаваць марыхуану, чакаюць сур'ёзныя штрафы. Строгія пакаранні прадугледжаны таксама для тых, хто дае яе падлеткам ці водзіць машыну пад дзеяннем наркотыку.
Калі законапраект будзе канчаткова прыняты, Канада стане першай краінай "Вялікай сямёркі", дзе можна будзе ўжываць марыхуану ў рэкрэацыйных мэтах.
Па спажыванні марыхуаны канадцы, асабліва моладзь, ужо цяпер знаходзяцца на адным з першых месцаў у свеце.
Выкарыстанне канабіса ў медыцынскіх мэтах тут было дазволена ў 2001 годзе, яго тут вырабляюць па спецыяльнай ліцэнзіі.
Легалізацыя марыхуаны застаецца спрэчнай тэмай. Прынятая ў 1961 годзе Адзіная канвенцыя аб наркатычных сродках, якую падпісалі 186 краін, дапускае вытворчасць канабіса, аднак вызначае канкрэтныя меры па кантролі над яго вытворчасцю і абарачэннем.