Камандуючы аб'яднанымі сіламі УСУ Наеў заявіў пра немагчымасць паўторнага прарыву з боку Беларусі
Па яго словах, Узброеныя Сілы Украіны стварылі комплексную сістэму агнявога паражэння, якая прадугледжвае паражэнне праціўніка на далёкіх подступах і ў бліжэйшай глыбіні яго баявых парадкаў.
Пра гэта паведамляе аддзел сувязяў з грамадскасцю камандавання аб'яднаных сіл УСУ ў сацыяльнай сетцы Facebook.
У прыватнасці, Наеў наведаў адны з ключавых пазіцый украінскіх вайскоўцаў у Паўночнай аперацыйнай зоне, што на Кіеўшчыне, і пераканаўся ў якаснай падрыхтоўцы да абароны.
«Мы прааналізавалі папярэднія дзеянні суперніка на кіеўскім кірунку і, вывучыўшы гэты вопыт, прадугледзелі і нашы адэкватныя дзеянні. Абарончыя пазіцыі размешчаны менавіта ў тых месцах, дзе найбольшая верагоднасць наступлення варожых сіл. Аналізуючы верагодныя варожыя дзеянні, мы стварылі комплексную сістэму агнявога паражэння, якая прадугледжвае паражэнне праціўніка на далёкіх подступах і ў бліжэйшай глыбіні яго баявых парадкаў», — заявіў Наеў.
Паводле яго слоў, камандзір злучэння Узброеных Сіл Украіны, што забяспечвае абарону на гэтым участку мясцовасці, знаходзіцца ў пастаянным узаемадзеянні з падраздзяленнямі Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, Нацыянальнай гвардыі, Нацыянальнай паліцыі і Службы бяспекі Украіны. Усе разам яны выконваюць планавыя мерапрыемствы па прадухіленні дзеянняў варожых сіл. Гэта тычыцца як супрацьдзеяння дыверсійна-выведным групам, так і адбіцця магчымага наступу праціўніка.
«У сваю чаргу насельніцтва, адчуўшы на сабе цяжар варожай акупацыі, цалкам падтрымлівае ўзброеныя сілы Украіны і іншыя ваенныя фарміраванні і праваахоўныя органы. Упэўнены, што вораг гэтым кірункам больш не пройдзе. Мы робім усё для таго, каб гэтая ўпэўненасць была рэальнай», — падкрэсліў Наеў.
Украінскі бок лічыць, што беларуская армія стала больш падрыхтаванай для абарончых аперацый, але яна па-ранейшаму не гатовая да маштабных наступальных аперацый з-за адсутнасці рэальнага баявога вопыту.