Калі Трамп не пераканае Пуціна заключыць мір, ЕС падвоіць вайсковую дапамогу Украіне

Сусветныя лідары падкрэсліваюць, што ў пытанні спынення агню і мірнага пагаднення па Украіне мяч цяпер цалкам на баку Расіі. Аднак мір прынясе Пуціну вельмі багата праблем. Але, калі ён не пагодзіцца на перамовы, улады свету гатовыя дзейнічаць рашуча. Ідзе 1167-мы дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

У цэлым, за мінулыя суткі зафіксавана 269 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 5 траўня. Па-ранейшаму самым напружаным застаецца Пакроўскі кірунак, дзе абаронцы Украіны спынілі 115 атак расіян ў бок Старой Мікалаеўкі, Новай Палтаўкі, Аляксееўкі, Багатіру, Малінаўкі, Дачэнскага, Шаўчэнка, Катляроўкі, Траецкага і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 52 штурмы расіян паблізу Канстанцінопалю, Равнаполю, Навасёлкі, Прывольнага і іншых

На Ліманскім кірунку расіяне атакавлі 22 разы ў раёнах Новага, Капанкі, Цвердахлебава, Альгоўкі, Рэдкадуба і іншых

На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 16 атак у раёнах Тарэцка, Дружбы і ў напрамку Дыліеўкі. На Краматорскім кірунку адбылося дзесяць боесутыкненняў.

У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі УСУ адбілі 23 атакі расіян.

* * *

Украінскія войскі нядаўна прасунуліся пад Тарэцкам, але расійская армія таксама прасунулася ў гэтым раёне. Прасоўванне расійцаў фіксуецца і пад Купянскам, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Геалакацыйныя кадры ад 1 траўня паказваюць, што войскі РФ прасунуліся на паўночны захад ад Заходняга (на поўнач ад Купянска).

Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся на Тарэцкім кірунку. Як паказваюць апублікаваныя 4 траўня геалакацыйныя кадры, УСУ прасунуліся ў паўднёвай частцы Новаспаскага (на захад ад Тарэцка).

Таксама геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 4 траўня, паказваюць, што войскі РФ прасунуліся на поўдзень ад Старой Мікалаеўкі (на паўднёвы захад ад Тарэцка).

Прадстаўнік АСГВ «Хорціца» палкоўнік Віктар Трэгубаў заявіў, што расійскія войскі пастаянна праводзяць ратацыю войскаў на Пакроўскім кірунку, сцягваюць рэзервы. Прадстаўнік украінскай брыгады, якая дзейнічае на Пакроўскім кірунку, паведаміў, што расійцы спрабуюць узяць пад агонь трасу Е-50 Пакроўск — Паўлаград, і ў першую чаргу прыцягваюць да штурмаў нованабраны і дрэнна навучаны асабовы склад, былых асуджаных і даўжнікоў.

* * *

Расійская армія ў ноч на панядзелак, 5 красавіка, атакавала Украіну 116-ю беспілотнікамі і двума балістычнымі ракетамі Іскандэр-М/KN-23 з Курскай вобласці.

Пацверджана збіццё 42 ударных дронаў тыпу «Шахед» і беспілотнікаў іншых тыпаў, яшчэ 21 беспілотнік быў лакацыйна страчаны без негатыўных наступстваў.

Камбінаваны ракетна-дронавы ўдар прыйшоўся па Канатопу Сумскай вобласці. У выніку атакі знішчаны інфраструктурны аб'ект, паведаміў гарадскі галава Канатопа Арцём Семяніхін. Паводле папярэдніх звестак, абышлося без загінулых і параненых.

* * *

495865187_1037896298523448_5859839183710038310_n.jpg

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у інтэрв'ю для NBC News зноў заявіў, што яму патрэбны час, каб адказаць, ці водзіць яго за нос расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін.

Падчас гутаркі Трампу нагадалі ягоныя словы пра тое, што кіраўнік Крамля «водзіць яго за нос» і, магчыма, не хоча заканчваць вайну ва Украіне. Таксама ў канцы красавіка Трамп сказаў, што яму трэба два тыдні, каб адказаць, ці давярае ён Пуціну.

Цяпер жа ў інтэрв'ю NBC на пытанне, ці недаацаніў Трамп Пуціна, той сказаў, што трэба яшчэ пару тыдняў ці месяц.

«Я скажу вам пра гэта праз месяц ці праз пару тыдняў. Паняцця не маю. Але магу сказаць адно: яго амбіцыі былі шмат у чым стрыманыя, калі ён зразумеў, што цяпер я ўзначальваю працэс. Таму што ён нікога ў Еўропе сур'ёзна не ўспрымаў — ён нават не ператэлефаноўваў ім», — заявіў Трамп.

Пры гэтым кіраўнік ЗША дапусціў, што калі Крэмль не будзе рухацца да міру ва Украіне, то ён можа падпісаць законапраект сенатара Ліндсі Грэма аб новых санкцыях супраць РФ. 

«Гэта залежыць ад таго, ці будзе Расія паводзіць сябе так, каб прыйсці да міру. Мы хочам мірнага пагаднення. Мы хочам, каб Расія і Украіна прыйшлі да пагаднення. Мы думаем, што мы даволі блізкія да гэтага, і мы выратуем шмат людзей ад гібелі. Мы таксама ашчадзім шмат грошай», — сказаў прэзідэнт ЗША.

Нагадаем, законапраект Грэма прадугледжвае 500% мыту на імпарт з краін, якую купляюць расійскую нафту, нафтапрадукты, прыродны газ або ўран, а таксама забарону грамадзянам ЗША купляць расійскую суверэнную запазычанасць.

* * *

У заходніх урадавых колах расце перакананне, што рэжым Уладзіміра Пуціна не здольны спыніць вайну без сур'ёзных палітычных наступстваў унутры краіны, піша Bild.

Выданне адзначае, што нягледзячы на міжнародны ціск, Расія не дэманструе гатоўнасці да кампрамісу. Як лічыць Bild, прычына заключаецца ў глыбокіх ўнутраных фактарах: палітычных, эканамічных і сацыяльных.

Са слоў расійскіх эканамістаў, калі выключыць з аналізу сектара, дзе дамінуе ваенна-прамысловы комплекс, эканоміка РФ фактычна пераходзіць у стан рэцэсіі. Спад назіраецца ў многіх галінах, такіх як вытворчасць прадуктаў харчавання, вугалю, будаўнічыя матэрыялы, металапрадукцыя або машынабудаванне. «Толькі абаронная прамысловасць маскіруе спад», — піша выданне.

На думку экспертаў, асобную пагрозу для рэжыму Пуціна ўяўляюць ветэраны вайны. Многія з іх, вярнуўшыся з фронту, могуць стаць крыніцай сацыяльнай нестабільнасці, асабліва ў рэгіёнах з нізкім узроўнем жыцця і абмежаванымі эканамічнымі перспектывамі. Калі Крэмль не зможа прапанаваць гэтым людзям эканамічнай будучыні, існуе рэальная небяспека, што частка ветэранаў стане ўдзельнікамі арганізаванай злачыннасці.

* * *

Калі Трамп не пераканае Пуціна заключыць мір, ЕС падвоіць вайсковую дапамогу Украіне, заявіў камісар Еўрасаюза ў пытаннях абароны і космасу Андрус Кубілюс

Па словах Кубілюса, цяпер ЗША і ЕС штогод вылучаюць каля 40 мільярдаў еўра на ваенную дапамогу Украіне. Аднак, з ягоных слоў, гэтыя сродкі можна выкарыстоўваць больш эфектыўна, бо кошт узбраенняў, вырабленых ва Украіне, прыкладна ўдвая ніжэйшы, чым аналагічнага ўзбраення з ЕС або ЗША. Такім чынам, інвестуючы грошы ў закупку ўзбраення непасрэдна ва ўкраінскіх вытворцаў, аб'ём прадастаўленай Украіне зброі можна фактычна падвоіць без павелічэння выдаткаў.

«Рэальны кошт нашай падтрымкі ўзрасце да 80 мільярдаў еўра», — падсумаваў ён.

* * *

Чэшская ініцыятыва са снарадамі ўжо змяніла сітуацыю на фронце, і Прага гатовая працягваць падтрымку Украіны да дасягнення міру. У планах — пастаўка 1,8 мільёна боепрыпасаў, заявіў прэзідэнт Чэхіі Пётр Павел падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім.

«Мы робім усё, каб на полі бою Расія не была паспяховай. Мы ведаем, што дзякуючы нашай ініцыятыве ўдалося змяніць сітуацыю ў адносінах да Расіі 2:1», — сказаў Павел. Ён запэўніў, што Чэхія працягне пастаўляць снарады Украіне датуль, пакуль гэта будзе трэба, «пакуль не будзе дасягнуты справядлівы мір».

Зяленскі, у сваю чаргу, падкрэсліў, што «Чэшская ініцыятыва» для Украіны «працуе бліскуча» і адзначыў, што ў гэтым годзе ў яе рамках існуе дамоўленасць аб пастаўках 1,8 мільёна снарадаў.

* * *

Украіна ўжо гэтым летам атрымае сістэму супрацьпаветранай абароны Patriot з Ізраіля. Яшчэ адну сістэму можа даць Германія ці Грэцыя, піша The New York Times.

Як вядома выданню, сістэма Patriot, якая базавалася ў Ізраілі, з'яўляецца старой мадэллю і будзе адпраўлена ва Украіну пасля яе капітальнага рамонту.

Цяпер, паводле інфармацыі NYT, украінская армія мае на ўзбраенні 8 сістэм Patriot. Дзве з іх знаходзяцца на аднаўленні. З сістэмай ад Ізраіля і адной ад Германіі ці Грэцыі ўкраінскія сілы СПА будуць мець 10 Patriot.

Як адзначыла NYT, еўрапейскія краіны валодаюць каля 40 гэтымі ЗРК, а ў Германіі і Грэцыі разам — каля 15 сістэм Patriot.

Летась краіны NATO паабяцалі перадаць Украіне 7 дадатковых сістэм Patriot. Як заяўляў генеральны сакратар NATO Марк Рутэ працэс пастаўкі зацягнуўся, але ўжо хутка яны прыбудуць ва Украіну. У той жа час Уладзімір Зяленскі заяўляў, што для абароны неба Украіны ад расійскіх ракет і дронаў трэба 25 сістэм Patriot, а сямі дадатковых сістэм хопіць толькі для прыкрыцця буйных гарадоў Украіны.