Чым скончыцца грузінскі «правы марш»?

Грузінскія ўлады пачалі затрыманні ўльтраправых радыкалаў. Аднак не выключана, што скандал закране і больш салідных палітыкаў.

 Фота www.blog.sololaki.ru

 Фота www.blog.sololaki.ru

У Грузіі існуе невялікая субкультура, прадстаўленая такімі групоўкамі, як «Грузінскі марш», «Нацыянальнае адзінства Грузіі», «Нацыянальныя» і гэтак далей. І хаця іх палітычная праграма дастаткова размытая, на акцыях гучаць пераважна ксенафобскія, гамафобныя і расісцкія заявы і заклікі.

1 верасня праваахоўнікі затрымалі 32-гадовага Георгія Чэлідзэ — лідара руху «Нацыянальнае адзінства Грузіі». 4 верасня тбіліскі гарадскі суд адправіў Чэлідзэ ў папярэдняе зняволенне і адмовіў боку абароны ў патрабаванні выпусціць яго пад заклад у 1000 лары. Следства вядзецца паводле артыкулу Крымінальнага кодэкса Грузіі, які забараняе незаконнае захоўванне агнястрэльнай зброі. У выпадку доказу віны лідару ўльтраправых пагражае ад 3 да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Уласна кажучы, Чэлідзэ сам дапамог уладам адправіць яго за краты. Лідара «Нацыянальнага адзінства Грузіі» затрымалі пасля таго, як той выклаў у Facebook два відэа пад назвай «Фашысцкая нядзеля». На адным з іх было паказана, як сябры руху ўмоўна вядуць зачыстку будынкаў, а на другім — дэманструюць асновы стральбы з аўтамата. Пры ператрусе жылога дома Чэлідзэ канфіскавалі рознага кшталту агнястрэльную зброю, а таксама патроны.

Пакуль юрысты рыхтуюцца да папярэдняга судовага слухання, якое прызначана на 17 кастрычніка, палітолагі спрабуюць зразумець логіку ўлады. Праблема ў тым, што Чэлідзэ можна было і раней прыцягнуць да адказнасці, напрыклад, за прапаганду нацызму. Асабліва не хавалі правыя радыкалы і мілітарысцкага складніку свайго праекту. Чэлідзэ, у прыватнасці, неяк выхваляўся: «У большасці сяброў арганізацыі ёсць зброя: паляўнічыя стрэльбы, «Вінчэсцер», пісталеты, паўаўтаматычныя стрэльбы».

242338658.jpg

Фота www.inosmi.ru

Можна меркаваць, што Чэлідзэ вырашылі ізаляваць з-за гучнага рэзанансу ў Еўропе пасля акцыі нацы ў цэнтры Тбілісі. 21 мая Чэлідзэ і яго аднапартыйцы прайшліся з фашысцкім салютам па праспекце Руставелі, пратэстуючы супраць правядзення акцыі абаронцаў правоў ЛГБТ. На падзею адрэагавалі многія еўрапейскія аўтарытэтныя СМІ.

Тым больш, што тэма правоў сексуальных меншасцяў у Грузіі сёння зноў выклікае жарсці з-за Гурама Кашыя — гульца зборнай Грузіі па футболе, які адначасова выступае за нідэрландскі клуб. Неяк Кашыя ў якасці жэсту падтрымкі ЛГБТ выйшаў на поле з вясёлкавай стужкай. Кансерватыўныя суайчыннікі такога не зразумелі, паставіўшы спартсмену ўльтыматум: альбо прабачэнне за стужку, альбо сыход са зборнай. Цяпер кожны матч зборнай Грузіі ператвараецца ў скандал.

Трапілі пад руку і беларусы. Правыя ўварваліся на нядаўні таварыскі матч паміж Грузіяй і Беларуссю ў Кутаісі, спалілі сцяг ЛГБТ і абазвалі Кашыя нецэнзурнымі словамі. Апошні раз бойка з-за гэтай тэмы здарылася 10 верасня на стадыёне ў Тбілісі.

Зрэшты, тэмай ЛГБТ спіс версій пра прычыны арышту Чэлідзэ не абмяжоўваецца. Некаторыя грузінскія палітолагі лічаць, што зачыстка фашыстаў — гэта пасланне праваслаўнай царкве, дзе шмат хто незадаволены апошнімі рэформамі: дазволамі акцый ЛГБТ і легалізацыяй марыхуаны. Падазраюць, што радыкальныя групоўкі падтрымліваюцца грузінскай патрыярхіяй.

Справа Чэлідзэ выглядае яшчэ больш цікавай праз прызму версіі мясцовых лібералаў. Апошнія даўно намякалі на сувязь экстрэмістаў і кіруючай партыі «Грузінская мара». Партыі патрэбна была нейкая аўтаномная ад улады сіла, здольная фізічна ціснуць на апанентаў. І сапраўды, ахвярамі многіх вылазак правых ультра шмат разоў былі крытыкі рэжыму. Калі праварадыкалы траплялі за краты, іх часта вызвалялі па просьбе дэпутатаў ад «Грузінскай мары».

Акрамя таго, за кошт актыўнасці ўльтраправых улады атрымлівалі магчымасць выступіць у ролі прымірыцеля. Напрыклад, вясной пратэсты грузінскага грамадства выклікалі зачысткі сілавікамі начных клубаў. Справа дайшла да масавых маніфестацый у цэнтры сталіцы. Але тут жа, як чорцік з каробкі, узнікалі праварадыкалы Чэлідзэ, каб разабрацца з маніфестантамі, якіх назвалі наркаманамі. Раскручвання спіралі гвалту, здавалася б, не пазбегнуць. Але на сцэну выйшла паліцыя і развяла бакі — да радасці абывацеляў, якіх тэма паліцэйскага гвалту ў клубах ужо перастала цікавіць.

І, нарэшце, варта згадаць вынікі расследавання арганізацыі «Міжнародная празрыс­тасць — Грузія». Яго аўтары сцвярджаюць, што асобныя лідары грузінскіх правых звязаныя з расійскімі дзяржаўнымі арганізацыямі. У дакладзе згадваюцца такія ўстановы, як «Інстытут міжнародных адносін», «Фонд падтрымкі публічнай дыпламатыі імя Гарчакова», «Фонд Гарчакова» пры Міністэрстве замежных спраў Расійскай Федэрацыі.

Калі версіі пра кантакты Чэлідзэ з апаратчыкамі «Грузінскай мары» або Крамлём маюць падставы, то кастрычніцкі працэс над ім можа абярнуцца вялікім скандалам.