Ізраіль і «Хезбала» дамовіліся аб спыненні агню ў Ліване. Нетаньяху: «Калі Хезбала парушыць пагадненне, мы нанясем удар»

Прэм'ер-міністр Ізраіля патлумачыў: «Ёсць тры асноўныя прычыны спыніць агонь. Першая: каб засяродзіцца на іранскай пагрозе. Другая: аднаўленне сіл і папаўненне рэсурсаў. Трэцяя: падзел франтоў і ізаляцыя ХАМАСа».

Ілюстрацыйны здымак Getty Images

Ілюстрацыйны здымак Getty Images

Улады Ізраіля і ліванская групоўка "Хезбала" дамовіліся аб спыненні баявых дзеянняў на лівана-ізраільскай мяжы, паведаміў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.

Паводле яго слоў, з прапановай аб перамір'і выступілі Злучаныя Штаты, а прэм'ер-міністры Лівана і Ізраіля прынялі яе. У канцылярыі кіраўніка ізраільскага ўрада Біньяміна Нетаніягу пацвердзілі, што ваенна-палітычны кабінет краіны адобрыў прапанову аб спыненні агню ў Ліване.

Згодна з дамоўленасцямі, рэжым спынення агню набыў моц у 4:00 па мясцовым часе 27 лістапада.

Акрамя таго, Ізраіль на працягу 60 дзён павінен будзе паступова вывесці свае войскі з ліванскіх тэрыторый.

Байдэн падкрэсліў, што ЗША не будуць размяшчаць свае войскі на поўдні Лівана. Замест гэтага, паводле яго слоў, Злучаныя Штаты разам з Францыяй і іншымі краінамі "дадуць неабходную дапамогу" бакам канфлікту.

Біньямін Нетаніяху ў сваім звароце да народу Ізраіля падкрэсліў: «Вайна не скончыцца, пакуль мы не дасягнем усіх мэт і не вернем жыхароў поўначы дадому ў бяспецы».

Глядзіце таксама

«Хезбала» вырашыла атакаваць нас 8 кастрычніка. Прайшоў год — гэта ўжо не тая «Хезбала», — кажа прэм'ер-міністр Ізраіля. — Мы адкінулі яе на дзесяцігоддзі таму. Мы знішчылі Насралу, аснову восі. Мы ліквідавалі ўсіх лідэраў арганізацыі, знішчылі большую частку яе ракет. Ліквідавалі тысячы баевікоў. А таксама разбурылі падземную тэрарыстычную інфраструктуру ля нашых меж, якая будавалася гадамі. Мы нанеслі ўдары па стратэгічных аб'ектах па ўсім Ліване, разбурылі дзясяткі тэрарыстычных гмахаў у Дахія». 

Глядзіце таксама

Біньямін Нетаньяху адзначыў, што працягласць спынення агню залежыць ад падзеяў у Ліване:

«Калі «Хезбала» парушыць пагадненне і паспрабуе пераўзброіцца — мы нанясем удар. Калі яны паспрабуюць аднавіць тэрарыстычную інфраструктуру каля мяжы — мы нанясем удар. Калі яны выпусцяць ракету, калі вырыюць тунэль, калі завязуць грузавік з ракетамі — мы нанясем удар».

Прэм'ер-міністр Ізраіля патлумачыў: «Ёсць тры асноўныя прычыны спыніць агонь. Першая: каб засяродзіцца на іранскай пагрозе. Другая: аднаўленне сіл і папаўненне рэсурсаў. Трэцяя: падзел франтоў і ізаляцыя ХАМАСа».