ISW: Расія выкарыстоўвае супраць NATO тэхналогіі, апрабаваныя ў вайне з Украінай
Расія шпіёніць у Германіі з дапамогай дронаў, якія інтэнсіўна распрацоўвае для вайны з Украінай. Верагодна таму нямецкія палітыкі лічаць, што РФ будзе працягваць агрэсіўныя дзеянні супраць Захаду і Еўропы. Пакуль ідуць размовы пра мір ва Украіне, Еўропе варта рыхтавацца да агрэсіі Расіі, мяркуюць яны. Ідзе 1083-ці дзень шырокамаштабнай вайны ва Украіне, развязанай Расіяй пры саўдзеле рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
![Расійскі беспілотнік «Ланцэт». Фота з overclockers.ru Расійскі беспілотнік «Ланцэт». Фота з overclockers.ru](/img/v1/images/404752_o.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1739175698&w=528)
Расійскі беспілотнік «Ланцэт». Фота з overclockers.ru
На фронце за мінулыя суткі зафіксавана 99 баявых сутыкненняў падраздзяленняў Сіл абароны Украіны з расійскімі войскамі, на Пакроўскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы адбілі 33 штурмы. Пра гэта 10 лютага паведаміў Генштаб УСУ.
На Тарэцкім кірунку войскі РФ здзейснілі 13 атак непадалёк ад Тарэцка, Крымскага і Шчарбінаўкі.
Як паведамляе АСУВ «Хорціца», з мэтай стварэння адпаведнай карцінкі для расійскіх прапагандысцкіх тэлеканалаў і медыя, расійцы шэсць разоў спрабавалі ўсталяваць сцягі краіны-агрэсара ў розных лакацыях Тарэцка. Але ў выніку працы ўкраінскіх аператараў дронаў расійскія сцягі-трыкалоры былі знішчаныя разам са «сцяганосцамі».
На Ліманскім і Новапаўлаўскім кірунках расійцы атакавалі па 10 разоў. У Курскай вобласці Расіі падраздзяленні УСУ адбілі 18 расійскіх атак. Расіяне нанеслі 39 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі з ужываннем 69 кіраваных авіябомбаў.
* * *
Сілы абароны Украіны прасунуліся ў Курскай вобласці на паўднёвы ўсход ад Суджы, і паблізу Ваўчанска Харкаўскай вобласці. Пры гэтым фіксуецца прасоўванне расійскіх войск каля Тарэцка, Пакроўска і Вялікай Навасёлкі, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Геалакацыйныя кадры ад 9 лютага паказваюць, што УСУ прасунуліся ўздоўж трасы 38k-028 Суджа — Абаянь.
Таксама апублікаваныя 8 лютага геалакацыйныя кадры паказваюць, што УСУ прасунуліся ў Харкаўскай вобласці — на Валчанскі агрэгатны завод у цэнтры горада.
Геалакацыйныя кадры ад 9 лютага паказваюць, што сілы абароны Украіны прасунуліся паблізу шахты №3 у паўднёва-ўсходняй частцы Пясчанага Данецкай вобласці, а расійскія войскі прасунуліся на захад ад Зверава ў той жа вобласці.
9 лютага ў Генштабе УСУ апублікавалі карту, дзе паказана, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на поўнач ад Новаелізаветаўкі (на паўднёвы захад ад Пакроўска) і ў межах паўднёва-ўсходняй часткі Малінаўкі (на ўсход ад Пакроўска). Спікер АСУВ «Хорціца» маёр Віктар Трэгубаў паведаміў, што расійскія войскі працягваюць абыход Пакроўска з захаду і пастаянна сцягваюць у гэты раён падмацаванні.
* * *
У ноч на 10 лютага 2025 года расійцы атакавалі Украіну 83 ударнымі дронамі тыпу Shahed і беспілотнікамі розных тыпаў, паведамляюць Паветраныя сілы Украіны. Пацверджана збіццё 61 ўдарнага дрона тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў. Таксама 22 беспілотнікі лакальна страчаныя, папярэдне — без негатыўных наступстваў.
БПЛА гэтай ноччу атакавалі Краснадар і Афіпскі нафтаперапрацоўчы завод у Краснадарскім краі Расійскай Федэрацыі. Як адзначыў кіраўнік Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі (ЦПД) Андрэй Каваленка, Афіпскі НПЗ, з'яўляецца адным з ключавых НПЗ на тэрыторыі Расіі з магутнасцю 6,25 млн тон нафты ў год, грае стратэгічную ролю ў забеспячэнні палівам расійскай ваеннай тэхнікі на паўднёвым кірунку.
* * *
![photo_2025_02_10_07_28_37.jpg photo_2025_02_10_07_28_37.jpg](/img/v1/images/photo_2025_02_10_07_28_37.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1739175856&w=528)
* * *
Расія пачала ўжываць супраць краін NATO новыя ўласныя тэхналагічныя распрацоўкі, апрабаваныя ў вайне з Украінай, пішуць эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW). Яны адзначаюць, што за апошні год зафіксаваныя выпадкі сачэння з выкарыстаннем беспілотнікаў, імаверна, расійскага паходжання ў Германіі — над вайсковай базай у Швезінгу; над вайсковай базай ЗША «Рамштайн» і над аб'ектамі абароннага канцэрна Rheinmetall.
«Расія працягвае выкарыстоўваць свой досвед на полі бою ва Украіне для ўкаранення новых тэхналогій. Гэтыя паведамленні дэманструюць неабходнасць для краін NATO прадаўжаць развіваць свае абарончыя магчымасці», — гаворыцца ў справаздачы.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп лічыць, што Штаты дасягнулі прагрэсу ў перамовах па спыненні расійска-ўкраінскай вайны. Пры гэтым амерыканскі лідар адмовіўся раскрываць падрабязнасці любых перамоваў, якія ён меў з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным, піша Reuters.
Заходнія СМІ адзначаюць, што калі Трамп не перабольшвае, гэта можа «стаць першай афіцыйна прызнанай размовай паміж Пуціным і прэзідэнтам ЗША з пачатку 2022 года».
На пытанне, ці меў ён размову з Пуціным пасля таго, як стаў прэзідэнтам 20 студзеня, ці раней, Трамп даў сцвярджальны адказ. «У мяне гэта было. І я чакаю яшчэ шмат размоў. Мы павінны скончыць гэтую вайну», — сказаў амерыканскі прэзідэнт.
* * *
Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс мае намер сустрэцца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім на палях штогадовай Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Яна будзе праходзіць з 14 да 16 лютага, паведамляе CBS News.
Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак, які таксама будзе ўдзельнічаць у Мюнхенскай канферэнцыі, заявіў у каментары Associated Press, што ўкраінская дэлегацыя прадставіць пазіцыю краіны па спыненні вайны, і свае погляды на тое, як можна дасягнуць працяглага і трывалага міру. Украіна спадзяецца абмеркаваць гарантыі бяспекі, якія можна будзе ўжыць, каб прадухіліць паўторную агрэсію РФ.
Спецпрадстаўнік Штатаў у пытаннях Украіны і РФ Кіт Келаг таксама будзе ўдзельнічаць у Мюнхенскай канферэнцыі, але пры гэтым ён не будзе прадстаўляць так званы «мірны план» Трампа.
* * *
Падчас тэледэбатаў кандыдаты на пасаду канцлера Германіі — Олаф Шольц ад сацыял-дэмакратычнай партыі і Фрыдрых Мерц ад Хрысціянска-дэмакратычнага саюза — заявілі аб неабходнасці працягу ваеннай падтрымкі Украіны, але пры гэтым абодва адзначылі немагчымасць прыняцця Украіны ў NATO на сучасным этапе.
Шольц заявіў, што вайна, якая забрала сотні тысяч жыццяў, павінна як мага хутчэй завяршыцца. Ён адзначыў важнасць міжнароднай падтрымкі Украіны, падкрэсліў, што Германія з'яўляецца другой дзяржавай у аб'ёмах дапамогі, але выказаўся супраць надання Украіне дальнабойнай зброі, каб «гарантаваць, што вайна не перарасце ў вайну паміж Расіеяй і NATO».
Адносна сяброўства ў NATO як гарантыі бяспекі Шольц адзначыў, што «амерыканскі ўрад гэта адхіляе», і ён асабіста не бачыць такога варыянту ў цяперашняй сітуацыі.
Мерц пагадзіўся з немагчымасцю прыняцця Украіны ў NATO, аднак падтрымаў пастаўку Украіне крылатых ракет Taurus, адзначыўшы, што «рашэнне аб іх пастаўцы павінна быць скаардынаваная ў рамках Еўрасаюза».
Мерц дадаў, што не мае ілюзій адносна Расіі. «На працягу наступных некалькіх гадоў нам прыйдзецца падрыхтавацца да таго, што РФ будзе працягваць агрэсіўныя ваенныя дзеянні супраць Захаду і Еўропы», — канстатаваў ён.
Пазачарговыя выбары павінны адбыцца ў Германіі 23 лютага.