Германія. Немцы адзяваюць кіпы
Нямецкая прэса адрэагавала на параду, якую прадстаўнік ураду даў мясцовым габрэям.
Чыноўнік заклікаў іх не насіць кіпы, каб не стаць ахвярамі антысемітаў. За апошні час колькасць праяў антысемітызму вырасла ў Германіі на 20 працэнтаў.
СМІ вырашылі змагацца з гэтым адмоўным трэндам інакш. «Bild» — самы папулярны таблоід — заклікаў бюргераў адзяваць кіпы, і нават апублікаваў інструкцыю: як зрабіць кіпу ў хатніх умовах.
Цяжка сказаць, ці падтрымаюць немцы ідэю. У мінулым годзе леваліберальная газета «TAZ» пайшла яшчэ далей. Яна размясціла на першай старонцы выяву кіпы, якую можна было выразаць, скласці адпаведным чынам і насіць. Але някепская ідэя не паўплывала на сітуацыю.
З іншага боку, гэта цалкам лагічна. Антысемітызм пачаў квітнець дзякуючы мігрантам з арабскіх краінаў, якія рэдка чытаюць нямецкую прэсу. Застаецца дадаць, што частка габрэяў не падтрымала ініцыятывы з кіпай, паколькі для іх гэта не проста галаўны ўбор, а атрыбут рэлігіі.
Паводле нямецкай прэсы