Генерал, які выступіў супраць дыктатуры
Роўна 50 гадоў таму ў Партугаліі ў выніку Рэвалюцыі гваздзікоў была зрынута дыктатура Антоніу Салазара. Аднак, магчыма, гэта магло адбыцца раней — у 1958-м, калі сярод партугальскай эліты адбыўся раскол.
Уявіце: у краіне пануе дыктатар, а за мяжой хаваецца палітык, які, як лічыцца, выйграў прэзідэнцкія выбары. Беларусь не з'яўляецца першаадкрывальніцай такой формулы. У канцы 50-х гадоў падобная канфігурацыя склалася ў Партугаліі.
Але ж пачаць трэба з экскурсу ў гісторыю. Нагадаем, што ў выніку вайсковага перавароту ў 1926 годзе ў Партугаліі была зрынута рэспубліка. Аднак стабільнасцю, якую абяцалі змоўшчыкі, і не пахла. У выніку праз шэсць гадоў прэм'ер-міністрам стаў Антоніу ды Салазар, які неўзабаве ўзурпаваў усю ўладу. У 1933 годзе была прынята новая Канстытуцыя, якая дэкларавала стварэнне рэжыму пад назвай «Новая дзяржава» («Estado Novo»).
Дыктатар сапраўды здолеў заручыцца падтрымкай шырокіх колаў грамадства — большасці вайскоўцаў, кансерватыўных рэспубліканцаў, каталіцкіх клерыкалаў, часткі манархістаў і некаторых сіндыкалістаў, і простых людзей, якім надакучыў хаос.
З іншага боку, супраць рэжыму Estado Novo выступала не менш шырокая грамадская кааліцыя — анархісты, камуністы, сацыялісты, лібералы, хрысціянскія дэмакраты, частка манархістаў, традыцыяналісты і нацыянал-сіндыкалісты. За 40 гадоў знаходжання Салазара ва ўладзе апазіцыя неаднаразова мяняла і тактыку барацьбы.
На працягу другой паловы 1920-х і ўсіх 1930-х гг. апазіцыя спрабавала дзейнічаць у духу тых, хто зрынаў рэспубліканскі лад, гэта значыць — праз паўстанні і перавароты. Аднак усе шматлікія ліберальныя, сацыялістычныя і нацыянал-сіндыкалісцкія путчы былі задушаныя.
Пасля Другой сусветнай вайны Партугалія далучылася да НАТА і стала адной з атрымальніц дапамогі па Плане Маршала. За гэта дыктатар паабяцаў Вашынгтону правесці выбары. Выбары з удзелам апазіцыі сапраўды пачалі рэгулярна праводзіцца. Але сітуацыю яны не змянілі. За кошт абмежавання на агітацыю, адмоваў у рэгістрацыі кандыдатаў і фальсіфікацый кіруючая партыя «Нацыянальны саюз» нязменна атрымлівала 100% падтрымкі па выніках падліку галасоў. Досыць хутка апазіцыя расчаравалася ў выбарчых кампаніях.
Акно магчымасцяў для апазіцыі нечакана ўзнікла ў 1958-м праз раскол элітаў і нюансы ў заканадаўстве. Фармальна над Салазарам як прэм'ер-міністрам заўсёды знаходзіўся прэзідэнт краіны, які мог яго звольніць. У нейкі момант кіраўнік кабінета пасварыўся з дзейным кіраўніком дзяржавы — генералам Франсішку Кравейру Лопішам, і на чарговыя прэзідэнцкія выбары ад «партыі ўлады» пайшоў адмірал Амерыку Томаш. Апазіцыя скарысталася расколам сярод вайскоўцаў і знайшла сярод іх свайго кандыдата — генерала Умбэрту Дэлгаду.
Да гэтага Дэлгаду доўгі час з'яўляўся прыхільнікам Салазара. У 1930-я ён пісаў антыдэмакратычныя творы, а ў першай палове 1940-х захапляўся Гітлерам. У 1950-я служыў ваенным аташэ ў ЗША і прадстаўляў Партугалію пры НАТА. Тады ж ён змяніў свае палітычныя перавагі і стаў прыхільнікам ліберальнай дэмакратыі. Вакол такой супярэчлівай персоны і аб'ядналася апазіцыя. Прычым нянавісць да дыктатара ў яе шэрагах была настолькі моцнай, што Умбэрту Дэлгаду падтрымалі нават камуністы.
Выбары (дарэчы, адносна свабодныя) адбыліся ў чэрвені 1958 года. Па афіцыйных даных, Томаш набраў 76%, а Дэлгаду — 24%, але апазіцыя сцвярджала, што перамогу Томашу нацягнулі праз масавыя фальсіфікацыі. Для таго, каб надалей не дапускаць такой рызыкі, Салазар неўзабаве перапісаў Канстытуцыю, і аж да канца «Estado Novo» прэзідэнта абіралі не на ўсенародных выбарах, а праз галасаванне ў парламенце.
Што тычыцца Дэлгаду, то ён быў тут жа звольнены з войска і ледзь паспеў схавацца ў пасольстве Бразіліі, адкуль адправіўся ў эміграцыю. У 1964 годзе ён заснаваў у Рыме «Фронт нацыянальнага вызвалення Партугаліі» і заявіў, што адзіным спосабам пазбавіцца ад рэжыму «Новай дзяржавы» будзе ваенны пераварот (у адрозненне ад многіх іншых апазіцыянераў, якія патрабавалі агульнанацыянальнага паўстання). Хутка генерал стаў кропкай прыцягнення для ўсіх апазіцыянераў — ад манархістаў да сацыялістаў.
Што да партугальскага ўраду, то там «праблема Дэлгаду» разглядалася як сур'ёзная. У кіраўніцтве краіны выспела рашэнне аб яго ліквідацыі — палітычным або фізічным. З 1962 года была прынята ўстаноўка «анігіляваць» Дэлгаду, незалежна ад таго, якія сродкі для гэтага давядзецца прымяніць.
У лютым 1965 года таемная паліцыя ПІДЭ выманіла Дэлгаду на партугальска-іспанскую мяжу з нагоды нібыта сустрэчы з вайсковымі змоўшчыкамі («Аперацыя Восень»). Там яго і забілі. Да гэтага часу вядуцца спрэчкі, ці збіраліся сілавікі забіваць генерала, ці ўсё ж яго хацелі выкрасці і даставіць у Партугалію.
Як бы там ні было, Дэлгада быў застрэлены, а яго сакратарка — задушана. Іх трупы знайшлі на іспанскай тэрыторыі толькі праз некалькі месяцаў. У апраўданні рэжыму пра тое, што генерал стаў «ахвярай камуністаў», ніхто не паверыў. Забойства Дэлгаду выклікала выбух грамадскага абурэння і ў перспектыве ўзмацніла ўплыў найбольш непрымірымых супернікаў «Новай дзяржавы» — у тым ліку ў войску. Дзякуючы гэтаму фактару, у рэшце рэшт, «Estado Novo» была звергнута ў красавіку 1974 года.
Пасля рэвалюцыі ў Лісабоне адбыўся судовы працэс над групай функцыянераў спецслужбы ПІДЭ, якія абвінавачваліся ў забойстве Дэлгаду. Суд адмовіўся прызнаць забойства палітычна матываваным і кваліфікаваў яго толькі як «злоўжыванне ўладай пры выкананні паліцэйскага задання». Аднак падсудныя былі прызнаныя вінаватымі. Найбольшыя тэрміны завочна атрымалі непасрэдны выканаўца забойства (19 гадоў 8 месяцаў) і кіраўнік брыгады (8 гадоў).