ФСБ прызнала выкраданне 19-гадовага ўкраінца ў Беларусі

Ігар Грыб сёння паведаміў, што яго сына трымаюць у следчым ізалятары № 5 у Краснадары.

Павел Грыб, фота з фейсбука Ігара Грыба

Павел Грыб, фота з фейсбука Ігара Грыба


Украінскім дыпламатам даручана атрымаць доступ у следчы ізалятар у Краснадары да 19-гадовага Паўла Грыба, які знік пасля паездкі ў Беларусь і якога Федэральная служба бяспекі Расійскай федэрацыі абвінавачвае ў тэрарызме.
Пра гэта ў каментары УНІАН паведаміў афіцыйны прадстаўнік Дэпартамента консульскай службы МЗС Украіны Васіль Кірыліч.
"Сёння Генеральнае консульства Украіны ў Растове-на-Доне атрымала паведамленне Упраўлення ФСБ Расеі па Краснадарскім краі пра ўтрыманне Паўла Грыба ў Краснадары", — сказаў Кірыліч. "У паведамленні гаворыцца таксама пра тое, што Павел Грыб быў затрыманы па абвінавачванні ў здзяйсненні злачынства ў адпаведнасці з артыкулам 205 Крымінальнага кодэкса Расійскай Федэрацыі (тэрарыстычны акт — УНІАН)", — заявіў дыпламат.
Такім чынам, расійская ФСБ афіцыйна пацвердзіла, што абвінавачвае 19-гадовага ўкраінца ў тэрарызме.
"Амбасадзе Украіны ў Расійскай Федэрацыі і Генеральнаму консульству Украіны ў Растове-на-Доне дадзена даручэнне аператыўна звярнуцца з нотай у МЗС РФ і прадстаўніцтва МЗС РФ у Краснадарскім краі з патрабаваннем неадкладна забяспечыць доступ украінскіх консулаў да затрыманага грамадзяніна Украіны, паведаміць пра прычыны і абставіны затрымання, умовы ўтрымання, забеспячэнні яго права на адвакацкую абарону, а таксама неабходнымі лекамі, якія ён па загадзе лекара штодня ўжывае", — падкрэсліў Кірыліч.
Ігар Грыб заявіў пра знікненне свайго 19-гадовага сына — Паўла Грыба. Ён паведаміў, што 24 жніўня ягоны сын паехаў у Гомель на сустрэчу з дзяўчынай, з якой раней пазнаёміўся і меў стасункі олькі ў сацыяльных сетках. Гэтая дзяўчына, па словах сына, павінна была прыехаць на сустрэчу з РФ. Грыб паведаміў, што Павел павінен быў вярнуцца ў той жа дзень. Калі гэтага не адбылося, ён паехаў на пошукі сына ў Гомель. У Гомелі бацька высвятліў, што яго сын знаходзіцца ў вышуку па арт. 205 Крымінальнага кодэкса РФ (тэрарыстычны акт), а ініцыятарам вышуку з'яўляецца ФСБ РФ па Краснадарскім краі (горад Сочы).
29 жніўня ў МЗС Украіны заявілі, што кампетэнтныя органы Беларусі не пацвердзілі інфармацыю пра ўтрыманне Паўла Грыба пад вартай у спецустановах у гэтай краіне. Пасля афіцыйныя ўлады Беларусі пацвердзілі факт перасячэння Грыбам беларуска-украінскай мяжы. Гэтую інфармацыю пацвердзілі і ўкраінскія пагранічнікі.
Паводле unian.net