Дзеля мірных перамоваў Украіна гатовая змяніць уласнае заканадаўства
Калі Уладзімір Пуцін усё ж прыедзе ў Стамбул на мірныя перамовы, украінскі бок дзеля перамоў гатовы змяніць уласнае заканадаўства. Гэта пацвярджае гатоўнасць Украіны да мірных перамоваў, але Крэмль пакуль не абвяшчае свой склад дэлегацыі. Калі Пуцін не прыедзе — напэўна, нават Трампу будзе зразумела, хто не хоча міру. Ідзе 1175-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За ўчора ва Украіне зафіксавана 166 баявых сутыкненняў, паведамляе 13 траўня Генштаб УСУ. Па ранейшаму самым напружаным застаецца Пакроўскі кірунак, дзе абаронцы Украіны адбілі 60 атак арміі РФ ў раёнах Новай Палтаўкі, Міралюбаўкі, Лісоўкі, Мірнаграду, Удалага, Новасергіеўкі, Новааляксандраўкі, Катляроўкі, Траецкага, Андрэеўкі і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку УСУ адбілі 24 атакі расіян паблізу Канстанцінопаля, Волата, Зялёнага Поля, Навасёлак, Шаўчэнка.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 20 разоў, спрабуючы прасунуцца ў бок Зялёнага Гаю, Грэкаўкі, Рэдкадубц, Студні, Зялёнай Даліны і іншых.
На Тарэцкім кірунку армія РФ атакавала дзевяць разоў, па шэсць атак зафіксавана на Арэхаўскім і Северскім кірунках.
У Курскай вобласці Расіі адбылося дзевяць баявых сутыкненняў рознай інтэнсіўнасці. Расіяне нанеслі 18 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі з ужываннем 20 кіраваных авіяцыйных бомбаў.
* * *
У ноч на 13 траўня армія РФ атакавала Украіну 10-цю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і іншых тыпаў. Усе яны былі збітыя СПА УКраіны.
* * *
Украінскія абаронцы нядаўна прасунуліся на ўсход ад Тарэцка, а расійскія войскі — на Тарэцкім, Пакроўскім і Новапаўлаўскім кірунках, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Як паказваюць геалакацыйныя кадры ад 10 траўня, УСУ прасунуліся на паўночны ўсход ад Дружбы (на ўсход ад Тарэцка). Разам з тым на Тарэцкім кірунку прасунуліся і расійскія войскі. Геалакацыйныя кадры ад 12 траўня паказваюць, што расійцы захапілі пазіцыі ўздоўж трасы Т-0504 Пакроўск — Канстанцінаўка, і прасунуліся на паўночны захад ад Бярозаўкі (на паўднёвы захад ад Тарэцка).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 12 траўня, паказваюць, што войскі РФ прасунуліся на паўднёвы захад ад Міралюбаўкі (на ўсход ад Пакроўска) і захапілі вадасховішча на поўдзень ад населенага пункта. На Новапаўлаўскім кірунку войска РФ, імаверна, захапіла населены пункт Катляроўка. Як сведчаць геалакацыйныя кадры ад 12 траўня, войскі РФ прасунуліся ў паўночную частку Катляроўкі (на ўсход ад Новапаўлаўкі). Аб захопе Катляроўкі таксама інфармавала Мінабароны РФ.
* * *

* * *
Украіна можа ўнесці змены ў забарону на перамовы з Пуціным, калі апошні пагодзіцца на сустрэчу з Уладзімірам Зяленскім у Стамбуле, заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк у эфіры The Breakfast Show.
Адказваючы на пытанне, ці адменіць Кіеў забарону на перамовы з Пуціным, калі той усё ж выправіцца ў Стамбул, Падаляк адказаў: «Я думаю, што будуць унесеныя змены ў пастанову РНБА, калі будзем выходзіць на падпісанне дакумента».
У кастрычніку 2022 года Уладзімір Зяленскі сваім указам увёў у дзеянне пастанову Рады нацыянальнай бяспекі і абароны (РНБА) Украіны пра тое, што перамовы з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным з'яўляюцца «немагчымымі».
Нагадаем, што ў ноч на 11 траўня Пуцін адхіліў прапанову аб спыненні агню і выступіў з ініцыятывай аднавіць прамыя перамовы з Украінай 15 траўня ў Стамбуле. Раніцай таго ж дня Зяленскі пагадзіўся на дыялог з Расіяй, аднак падкрэсліў, што асноўнай умовай павінна быць пацвярджэнне выканання рэжыму спынення агню. Ініцыятыва па спыненні агню раней атрымала падтрымку з боку Украіны, ЗША і «кааліцыі рашучых».
* * *
Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф паведаміў, што асноўнымі тэмамі перамоваў паміж Украінай і Расіяй павінны стаць пытанні ўкраінскіх тэрыторый, статусу Запарожскай АЭС і доступу Украіны да важных водных шляхоў, паведаміў партал Breitbart News.
«Я думаю, што галоўныя пытанні тут — гэта рэгіёны, атамная станцыя (ЗАЭС), то, як украінцы змогуць выкарыстоўваць раку Днепр і выйсці да акіяна», — сказаў Уіткаф.
Ён лічыць, што калі бакі збяруцца за сталом перамоваў, можна будзе знайсці кампрамісы. «Мы звузім кола пытанняў паміж імі (Украінай і РФ — рэд.), а потым знойдзем кампрамісы і крэатыўныя рашэнні для развязання кожнай з праблем», — спадзяецца Уіткаф.
* * *
Еўрапейскія лідары збіраюцца дачакацца імавернай сустрэчы паміж прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным у Турцыі, перш чым падштурхнуць Вашынгтон да ўзмацнення жорсткасці санкцый супраць РФ, паведамляе Bloomberg.
Суразмоўцы Bloomberg на ўмовах ананімнасці адзначылі, што пасля размоў паміж афіцыйнымі асобамі ЗША і Еўропы 12 траўня стала зразумела, што Вашынгтон хоча даць магчымасць для перамоваў паміж РФ і Украінай, якія павінны адбыцца 15 траўня, перш чым узмацніць ціск на Пуціна.
Калі расійскі дыктатар адмовіцца ад сустрэчы з Зяленскім, або Крэмль не пагодзіцца на неадкладнае і безумоўнае спыненне агню падчас перамоваў у Стамбуле, еўрапейскія лідары будуць заклікаць амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа выканаць сваю пагрозу ўвесці санкцыі супраць Расіі.
Паводле звестак Bloomberg, адміністрацыя Трампа ўжо падрыхтавала для яго варыянты ўзмацнення эканамічнага ціску на Расію, і чакае «зялёнае святло» ад прэзідэнта.
* * *
Прэс-сакратар кіраўніка РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Расія рыхтуецца да мірных перамоваў у Стамбуле, Крэмль абвесціць пра тое, хто будзе прадстаўляць расійскі бок на перамовах з Украінай, як толькі Пуцін палічыць гэта патрэбным.
«Расійскі бок працягвае рыхтавацца да перамоваў, якія павінны адбыцца ў чацвер. Пакуль больш нічога мы каментаваць не збіраемся», — заявіў Пяскоў.
* * *
ЕС вылучыў 1 млрд еўра са сродкаў замарожаных актываў РФ у падтрымку Украіны. Пагадненне аб гэтым 9 траўня ў Львове падпісалі прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль, міністры замежных спраў краін ЕС, а таксама Вялікабрытанія.
«1 млрд еўра, атрыманы Украінай ад ЕС шляхам даходаў ад замарожаных расійскіх актываў, пойдзе на падтрымку вытворчасці ўкраінскага абаронна-прамысловага комплексу», — паведаміў прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль.
Гэты мільярд еўра будзе накіраваны на закупку ўкраінскай зброі па так званай «дацкай мадэлі». У прыватнасці, 600 млн еўра будзе выдаткавана на артылерыю і боепрыпасы, больш за 200 млн еўра — на ўзмацненне ўкраінскай СПА.
У 2024 годзе партнёры пачалі закупляць зброю для Украіны непасрэдна ва ўкраінскіх вытворцаў. Першай гэта зрабіла Данія, да праекта далучыліся іншыя дзяржавы — Нідэрланды, Швецыя, Нарвегія, Канада і краіны Балтыі.
Шмыгаль назваў прынятае рашэнне гістарычным, бо зброя для Украіны будзе закуплена на сродкі даходаў ад замарожаных расійскіх актываў праз Еўрапейскі фонд міру.
У сваю чаргу вярхоўная прадстаўніца ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас сказала, што гэтыя сродкі забяспечаць дадатковую ваенную дапамогу ў бліжэйшыя месяцы, якая мае вырашальнае значэнне.