Bloomberg: Трампу прыйдзецца даць войскі для любых будучых міратворчых сіл ва Украіне

Саюзнікі Украіны працягваюць разважаць над гарантыямі яе бяспекі пасля магчымага спынення агню. І гэтыя гарантыі пакрысе вымалёўваюцца. У той жа час на франтах расійска-украінскай вайны становішча УСУ ўскладняецца. Але і Расія зазнала масавую дронавую атаку на свае важныя ваенныя прадпрыемствы. Ідзе 1066-ты дзень вайны, развязанай Расіяй супраць Украіны пры саўдзеле Аляксандра Лукашэнкі.

12865233_hzt.jpg

За мінулыя суткі ўздоўж усёй лініі фронту было зафіксавана 125 баявых сутыкненняў. Расійцы выкарысталі для ўдараў дроны, артылерыю і авіяцыю, паведамляе ў зводцы 24 студзеня Генштаб УСУ.

Па-ранейшаму самым напружаным застаецца Пакроўскі кірунак, дзе расійцы ажыццявілі больш за палову ўсіх атак — 63 наступальныя дзеянні. 15 атак здзейсніла армія РФ на Тарэцкім кірунку, па сем штурмаў прыйшлося на Ліманскі і Новапаўлаўскі кірункі, 9 атак УСУ адбілі на Купянскім кірунку.

АСГВ «Хорціца» паведамляе, што расійскія войскі на працягу мінулых сутак праводзілі наступальныя дзеянні ў Вялікай Навасёлцы Данецкай вобласці. Украінскія воіны трымаюць абарону ва ўмовах цяжкіх баёў. «Страты ворага занадта высокія», — гаворыцца ў паведамленні.

У Курскай вобласці Расіі адбылося 13 боесутыкненняў, расійцы нанеслі 29 авіяцыйных удараў, ужыўшы 46 кіраваных авіябомбаў.

* * *

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) фіксуе прасоўванне расійскіх войскаў паблізу Тарэцка і Пакроўска Данецкай вобласці. Акрамя таго, войскі РФ таксама прасунуліся ў Курскай вобласці.

Геалакацыйныя кадры ад 22 студзеня паказваюць, што расійцы прасунуліся на паўднёвы ўсход ад Тоўстага Луга (паўночны захад ад Суджы).

Войскі РФ нядаўна трохі прасунуліся да шахты Тарэцка на поўначы горада, і прасунуліся на захад ад Неліпаўкі (паўднёва-захад ад Тарэцка).

Геалакацыйныя кадры ад 22 студзеня паказваюць, што расійцы прасунуліся на поўнач ад Новаелізаветаўкі (на паўднёвы захад ад Пакроўска). 23 студзеня ў Мінабароны РФ заявілі аб захопе вёскі Салёнае (на паўднёвы захад ад Пакроўска), але ў ISW лічаць, што расійцы, верагодна, акупавалі гэты населены пункт яшчэ па стане на 13 студзеня.

23 студзеня спікер АСГВ «Хорціца» маёр Віктар Трэгубаў заявіў, што расійцы не цалкам атачылі сілы УСУ ў раёне Вялікай Навасёлкі, але адзначыў, што існуе рызыка акружэння ў гэтым раёне.

* * *

_rosijan_24_sicznja_2025.jpg

* * *

У ноч на 24 студзеня расійскія войскі атакавалі Украіну 58 ударнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі розных тыпаў, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.

Пацверджана збіццё 25 дронаў тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў. 27 БПЛА лакацыйна страчаныя (без негатыўных наступстваў).

У Кіеўскай вобласці ў выніку падзення абломкаў у двух населеных пунктах успыхнулі пажары ў дзесяціпавярховіку і прыватным доме, ёсць пацярпелыя, тры чалавекі загінулі.

На Львоўшчыне ў выніку падзення абломкаў збітага расійскага беспілотніка пашкоджаны жылы дом і аўтамабіль.

* * *

У расійскім Мінабароны заявілі, што ў ноч на 24 студзеня 11 абласцей Федэрацыі, Маскву і акупаваны Крым атакаваў 121 беспілотнік.

Мэр сталіцы Расіі Сяргей Сабянін у ноч на 24 студзеня заявіў пра атаку беспілотнікаў на Маскву, прыпынялі працу тры маскоўскія Аэрапорты — «Дамадзедава», «Жукоўскі» і «Унукава».

Беспілотнікі патрапілі па нафтаперапрацоўчым заводзе ў Разані. Таксама распавядалася аб моцных пажарах на тэрыторыі Нова-Разанскай ЦЭЦ. Паведамлялі, што пад атаку магла трапіць вайсковая авіябаза Дзягілева на ўскраіне Разані. На ёй, паводле адкрытых даных, дыслакуюцца Ту-95 і Ту-22, а побач размешчаны 360-ы авіяцыйны рамонтны завод.

Пад удар трапіў завод «Крэмній» у Бранску, які вырабляе камплектуючыя для расійскай зброі — мікраэлектроніку для ракетных комплексаў, для ЗРК «Панцыр», ракет «Іскандэр», а таксама для РЛС, РЭБ і расійскіх БПЛА.

З'явілася інфармацыя і пра ўдар БПЛА па Энгельсу Саратаўскай вобласці. Расмедыя паведамлялі, што тут нібыта дроны «спрабавалі» атакаваць мясцовы нафтаперапрацоўчы завод. У горадзе прагрымела каля сямі выбухаў, у рэгіёне працягвалася праца СПА.

* * *

Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што Крэмль прымае меры для абароны прамысловых аб'ектаў у памежных рэгіёнах ад атак украінскіх беспілотнікаў. У прыватнасці старшыня Савета бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў 23 студзеня сустрэўся з групай прадстаўнікоў ваенна-прамысловай камісіі Бранскай вобласці. Падчас сустрэчы ён абмеркаваў пытанні павелічэння вытворчасці расійскіх сістэм супрацьпаветранай абароны і абароны прамысловых і дзяржаўных складоў на тэрыторыі вобласці.

У ISW нагадалі, што атакі ўкраінскіх БПЛА ў расійскім тыле пераважна былі накіраваныя на абаронна-прамысловую базу і іншыя аб'екты, якія падтрымліваюць вайсковыя намаганні Расіі. «Крэмль можа быць усё больш зацікаўлены ва ўзмацненні магчымасцяў супрацьпаветранай абароны для абароны аб'ектаў абаронна-прамысловай базы, у прыватнасці, у сувязі з тым, што стан расійскай унутранай эканомікі працягвае пагаршацца», — канстатуюць у ISW.

* * *

Еўрапейскія чыноўнікі дамагаюцца ад новай адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа абавязацельстваў па ўдзелу ў гарантыях бяспекі для Украіны, піша Bloomberg.

Па словах ананімных крыніц выдання, саюзнікі ў цэлым згодныя з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у тым, што ЗША прыйдзецца даць войскі для любых будучых міратворчых сіл у краіне.

Са слоў высокапастаўленага прадстаўніка еўрапейскага ўрада, калі еўрапейскія хаўруснікі будуць вымушаныя адпраўляць войскі самастойна, гэта можа падарваць давер да гарантый і выклікаць раскол у NATO, бо гэта будзе азначаць фактычны канец трансатлантычнага супрацоўніцтва ў рамках Альянсу.

У той жа час еўрапейцы разумеюць, што ЗША чакаюць ад іх прадастаўлення асноўнай часткі войскаў, сказаў дыпламат, паколькі Трамп лічыць вайну ва Украіне еўрапейскай справай.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў Bloomberg News, што любыя эфектыўныя міратворчыя сілы павінны ўключаць войскі ЗША, паколькі адной вайсковай падтрымкі Еўропы будзе недастаткова, каб стрымаць Пуціна.