Барэль: Поўная забарона на шэнгенскія візы для расійцаў — гэта «нядобрая ідэя»
Такую думку выказаў кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазэп Барэль 22 жніўня падчас выступа на міжнароднай канферэнцыі ў іспанскім горадзе Сантандэр. Выступ Барэля апублікавала ў Twitter еўрапейская знешнепалітычная служба.
— Гэта вельмі супярэчлівая прапанова. Некаторыя краіны ўжо прынялі пэўныя меры ў сувязі з гэтым, іншыя не збіраюцца гэта падтрымліваць. Я думаю, што забараніць уезд усім расійцам — нядобрая ідэя. Нам трэба дзейнічаць больш выбарачна, — сказаў Барэль.
Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі лічыць, што расійскім алігархам не варта дазваляць уезд у ЕС, «але ёсць шмат расійцаў, якія хочуць пакінуць краіну, якія не гатовы там знаходзіцца ў такой сітуацыі».
— Мы не можам зачыняць дзверы перад такімі расійцамі, — адзначыў Барэль.