Аргенцінскі карнавал. Чаго чакаць ад анарха-капіталіста ва ўладзе?
Адной з галоўных навін гэтага тыдня, безумоўна, з'яўляецца перамога на прэзідэнцкіх выбарах у Аргенціне анарха-капіталіста Хаўера Мілея. Пераможца абяцае суайчыннікам беспрэцэдэнтны сацыяльна-эканамічны эксперымент.
Ігнараваць апошнія навіны з Аргенціны немагчыма перш за ўсё праз экстравагантнасць новага аргенцінскага гаранта. На сустрэчах з выбаршчыкамі ён рэгулярна размахваў бензапілой, з дапамогай якой абяцаў стабілізаваць бюджэт краіны і зменшыць інфляцыю, пусціўшы пад нож, так бы мовіць, усе сацыяльныя выдаткі.
Перыядычна кандыдат называў Папу Рымскага «камуністычнай какашкай». Публічна заяўляў аб перавагах тантрычнага сексу і гэтак жа публічна паведамляў, што атрымлівае экстаз раз у тры месяцы. Нарэшце, не хаваў, што жыве з пяццю сабакамі, якіх ён кланіраваў са свайго памерлага сабакі, з якім ён, дарэчы, да гэтага часу падтрымлівае кантакты праз медыума.
Зрэшты, галоўная інтрыга наперадзе. Падчас выбарчай кампаніі Мілей даў шэраг гучных абяцанняў (прычым абавязкова з лаянкай і абразамі ў адрас палітычных апанентаў). А менавіта паабяцаў распусціць палову міністэрстваў — Міністэрства адукацыі, Міністэрства аховы здароўя, Мінпрацы, Мінтранс, Міністэрства па правах жанчын і іншыя ведамствы. Палітык таксама абяцаў поўную прыватызацыю адукацыі, навукі і медыцыны, падатковыя паслабленні і дэрэгуляцыю. І гэта яшчэ не самая вар'яцкая частка праграмы. На першым этапе кампаніі Хаўер дапускаў стварэнне рынку гандлю дзецьмі.
У галіне знешняй палітыкі Мілей паабяцаў не ўступаць у блок БРІКС, далучыцца да санкцый супраць РФ і Кітая, падтрымаць Украіну, правесці «даларызацыю эканомікі», пасябраваць з ЗША, паставіць пад пытанне сяброўства ў паўднёваамерыканскіх рэгіянальных ініцыятывах, разарваць сувязі з двума найбуйнейшымі гандлёвымі партнёрамі сваёй краіны — Кітаем і Бразіліяй. Па сутнасці, Мілей вырашыў цалкам перафарматаваць палітыку Аргенціны як унутры, так і вонкава.
Наколькі рэалізуемая такая радыкальная праграма? Пакуль наконт перспектыў будаўніцтва ў Аргенціне анарха-капіталістычнай мадэлі ёсць тры пункты гледжання.
Шэраг палітолагаў мяркуе, што многія з абяцанняў Хаўера апрыёры невыканальныя. Немагчыма вось так адразу даларызаваць эканоміку, закрыўшы Цэнтральны банк. Эканоміка некаторых аргенцінскіх правінцый сёння ў руках кітайскіх горназдабыўных мегапраектаў, што пацверджана адпаведнымі пагадненнямі і інвестыцыямі. Разарваць эканамічныя сувязі з Кітаем, каб «забяспечыць свабоду замежных інвестыцый» — не проста глупства, а фантастычнае глупства.
Таму, на думку некаторых, эксперыменты Мілея скончацца шэрагам сістэмных эканамічных праблем і бясконцымі разборкамі з істэблішментам, які будзе сабатаваць рэформы. У такой атмасферы адбудзецца або чарговы рэнесанс мясцовых левых у выглядзе пераністаў, або будуць запатрабаваны права-кансерватары для «барацьбы з анархіяй».
У канчатковым выніку атрымаецца тое, што мы маглі не так даўно назіраць у суседняй Бразіліі. Там абралі правага папуліста Болсанару, які настолькі бяздарна правёў свой тэрмін, што прайграў першыя ж наступныя выбары.
Ёсць і іншае меркаванне. Хаўер Мілей — не проста «фрык», ці «псіх», ці «люмпен», ці «фашыст», як эмацыйна выказваюцца цяпер многія. Гэта медыйны прадукт без уласных ідэй і перакананняў, здольны, хіба што, выгадна прадацца.
Дапускаюць, што Аргенціна пасварыцца з усімі партнёрамі (асабліва Бразіліяй) і дзякуючы дэрэгуляцыям у аргенцінскую гаспадарку прыйдуць амерыканскія кампаніі. За гэты час у Мілея закончыцца кадэнцыя. Наступны прэзідэнт вяртаецца да звычайнай палітыкі, але ўжо з кабальнымі дамовамі. Сам Мілей, атрымаўшы ганарары ад карпарацый, спакойна эвакуіруецца на курорты Фларыды.
Ёсць і трэці варыянт. Магчыма, Мілей — пераходны кіраўнік. Наступствам яго палітыкі стане абвастрэнне класавых і сацыяльных супярэчнасцей, што прывядзе Аргенціну на мяжу грамадзянскай вайны. На лозунгах выратавання краіны ад хаосу да ўлады ў Аргенціне прыйдзе дыктатар або патрыятычная хунта.
Вось такія прагнозы. Які з іх у выніку спраўдзіцца, пакуль цяжка сказаць. Затое можна смела казаць аб тым, што люмпенізацыя ці дэградацыя эліт у свеце імкліва працягваецца. Да ўлады ўсё часцей прыходзяць некампетэнтныя, затое вельмі самаздаволеныя палітыкі. Зрэшты, той факт, што людзі за іх ахвотна галасуюць, таксама сведчыць пра катастрафічна нізкі ўзровень электарату.