Амаль тры чвэрці расийскіх вайскоўцаў ва Украіне падтрымалі б спыненне агню

Вайна ва Украине працягваецца, нягледзячы на тое, што большасць і яе ўдзельнікаў, і расіян выступаюць за мірныя перамовы. Але Уладзімір Пуцін, падобна, хоча дасягнуць сваіх мэтаў, нягледзячы ні на час, ні на страты. Ідзе 1162-гі дзень шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

493216558_1033719072274504_7420433130698590693_n.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 177 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 30 красавіка.

На Пакроўскім кірунку было спынена 75 наступальных дзеянняў расіян у раёнах Старой Мікалаеўкі, Шаўчэнка, Елізаветаўкі, Лісоўкі, Успенаўкі, Катляроўкі, Траецкага, Андрэеўкі і іншых.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 21 раз, спрабуючы прасунуцца паблізу Ліпавага, Новага, Мірнага, Зялёнай Даліны, Ямпалаўкі.

На Краматорскім і Новапаўлаўскім кірунках зафіксавана па 13 боесутыкненняў з войскамі РФ на кожным.

На Купянскім кірунку адбылося дзевяць атак расіян. Сілы абароны Украіны адбівалі штурмавыя дзеянні арміі РФ паблізу Загрызавага, Стэпавай Навасёлаўкі і ў напрамках Петрапаўлаўкі і Новай Круглякоўкі.

У Курскай вобласці Расіі УСУ за мінулыя суткі спынілі 25 атак расіян.

* * *

У ноч на 30 красавіка аналітычны праект DeepState паведаміў, што расійцы акупавалі Сухую Бэльку недалёка ад пасёлка Нью-Ёрк у Данецкай вобласці. Паводле маніторынгу, войскі РФ таксама прасунуліся каля Канстанцінопаля, Дачнага і ў Тарэцку Данецкай вобласці.

Сухая Бэлька — пасёлак Тарэцкай гарадской грамады Бахмуцкага раёна Данецкай вобласці. Паводле перапісу насельніцтва 2001 года, насельніцтва вёскі складала 649 чалавек.

* * *

Украінскія войскі нядаўна прасунуліся паблізу Тарэцка, расійскія войскі прайшлі наперад у Сумскай і Белгарадскай абласцях, а таксама каля Пакроўска, Курахава і Вялікай Навасёлкі, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 26 красавіка, паказваюць, што расійцы прасунуліся ў палях на захад ад Дзямідаўкі Белгарадскай вобласці Расіі.

Як паказваюць апублікаваныя 29 красавіка геалакацыйныя кадры, войскі РФ прасунуліся ўздоўж вуліцы Цэнтральнай у паўночнай частцы Белаводаў Сумскай вобласці.

Спікер АСГВ «Хорціца» палкоўнік Віктар Трэгубаў аспрэчыў заяву расійскага Мінабароны ад 28 красавіка аб нібыта захопе Каменкі Луганскай вобласці. Ён заявіў, што ў вёсцы застаюцца ўкраінскія ўмацаванні і заставы, і ў гэтым раёне працягваюцца баі.

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 29 красавіка, паказваюць, што УСУ прасунуліся ўздоўж вуліцы Цэнтральнай у паўднёвай частцы Шчарбінаўкі (на захад ад Тарэцка).

Войскі РФ прасунуліся ўздоўж чыгуначнай лініі на захад ад Шаўчэнкі (на поўдзень ад Пакроўска), паказваюць геалакацыйныя кадры ад 29 красавіка.

Расійскія армія нядаўна прасунулася на Курахоўскім кірунку. Геалакацыйныя кадры ад 28 і 29 красавіка, паказваюць, што расійцы прасунуліся ўздоўж трасы H-15 Курахава — Запарожжа, на захад ад Канстанцінопаля, а таксама на поўнач і паўночны захад ад Разліву.

* * *

Расійскія войскі ўвечары 29 красавіка запусцілі па Харкаве ўдарныя беспілотнікі, у горадзе прагрымелі выбухі, 45 чалавек пацярпелі. Вядома пра 16 удараў па Харкаву. Пацярпелі шматпавярхоўкі і прыватныя дамы, медыцынская ўстанова, грамадзянская інфраструктура.

Увечары 29 красавіка расійскае войска масіравана ўдарыла беспілотнікамі па Дняпры, адзін чалавек загінуў. Больш за ўсё разбурэнняў зафіксавалі ў прыватным сектары.

* * *

У Арганізацыі Аб'яднаных Нацый адзначылі ўзмацненне нападаў арміі Расіі на грамадзянскае насельніцтва Украіны на фоне перамоваў аб міры. Пра гэта заявіла намесніца генеральнага сакратара ААН у палітычных пытаннях Размары Дзікарла падчас пасяджэння Рады Бяспекі ААН.

Дзікарла адзначыла, што ў красавіку загінуў прынамсі 151 грамадзянскі чалавек, і 697 атрымалі раненні. Гэтая лічба яшчэ большая, чым у сакавіку, калі колькасць ахвяр была ў 1,5 разы большай, чым у лютым.

Па словах Дзікарла, неабходна дамагчыся «поўнага, неадкладнага і безумоўнага спынення агню як самага важнага першага кроку да спынення гвалту і стварэння ўмоў для ўстанаўлення ўсёабдымнага і ўстойлівага міру».

Памочніца Генеральнага сакратара ААН у гуманітарных пытаннях Джойс Мсуя канстатавала, што, нягледзячы на размовы пра мір, абстрэлы Украіны ўзмацніліся. Яна заклікала Савет Бяспекі прыняць «тэрміновыя калектыўныя меры» ў дачыненні да Украіны, перш за ўсё забяспечыць абарону грамадзянскага насельніцтва, а таксама крытычна важнай інфраструктуры.

* * *

Прапанова Уладзіміра Пуціна аб перамір'і з Украінай на 9 траўня абсурдная, заявіў у эфіры Fox News спецпасланнік прэзідэнта ЗША Ва Украіне Кіт Келаг.

Ён паведаміў, што ЗША прапанавалі Украіне 22 канкрэтныя крокі для завяршэння вайны паміж дзвюма краінамі, да якіх «прыйшлі пасля адкрытых, прамалінейных і складаных перамоваў» з украінскім бокам. Па словах Келага, Украіне спадабаліся не ўсе ідэі, але «нікому не падабаецца фінальная версія здзелкі і так звычайна бывае ў перамовах».

«А ідэя трохдзённага перамір'я — абсурдная. Прэзідэнт (Дональд Трамп - рэд.) хоча пастаяннае усёабдымнае спыненне агню — на сушы, у паветры, на моры, уключаючы інфраструктуру — як мінімум на 30 дзён, з магчымасцю працягу», — падкрэсліў Келаг.

Ён нагадаў, што Украіна пагадзілася на такую прапанову, цяпер чарга за Расіяй.

* * *

Міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў адхіліў ідэю 30-дзённага спынення агню без дадатковых умоў. «Перамір'е (на 30 дзён, якое прапануе свет — рэд.) у дадзенай сітуацыі разглядаецца як папярэдняя ўмова, якая будзе выкарыстана для далейшай падтрымкі кіеўскага рэжыму і ўмацавання яго ваенных здольнасцяў», — заявіў Лаўроў.

Ён нагадаў, што Пуцін заяўляў аб неабходнасці забяспечыць па ўсёй лініі судакранання «аб'ектыўны маніторынг», і сказаў што «мы не бачым магчымасці сумленнага маніторынгу для сумленнага захавання перамір'я».

Тым не менш, Пуцін сам абвяшчае трохдзённае перамір'е на Дзень перамогі.

* * *

Паводле звестак Bloomberg, спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф спрабаваў пераканаць Пуціна пагадзіцца на спыненне баявых дзеянняў уздоўж бягучай лініі фронту падчас працяглых перамоваў у Крамлі ў пятніцу, 25 красавіка. Аднак Пуцін трымаецца заяўленай раней пазіцыі і хоча атрымаць поўны кантроль над чатырма рэгіёнамі Украіны, якія дагэтуль цалкам не акупаваў, у рамках любога пагаднення аб спыненні вайны. Пра гэта Bloomberg паведамілі тры крыніцы ў Маскве, знаёмыя з ходам перамоваў.

Гэта патрабаванне стала ударам па намаганнях прэзідэнта ЗША Дональда Трампа дасягнуць спынення агню і завяршэння вайны, піша выданне. Па словах аднаго з суразмоўцаў, перамовы зайшлі ў тупік, і далейшы прагрэс магчымы толькі пры прамым удзеле Пуціна і Трампа.

* * *

Амаль тры чвэрці (72%) расійскіх вайскоўцаў ва Украіне падтрымалі б спыненне баявых дзеянняў. Такія вынікі апытання больш за ста вайскоўцаў з розных падраздзяленняў, праведзенага групай незалежных сацыёлагаў і выданнем «Вёрстка».

Працягваць вайну дзеля «перамогі» і «дасягнення мэтаў» гатовыя 22%, яшчэ 2% хочуць адпомсціць за загінулых таварышаў, а 4% не змаглі адказаць.

Пры гэтым сярод «ветэранаў» (тых, хто правёў на фронце больш за два гады) за спыненне агню выказваюцца 57%, а сярод вайскоўцаў, якія трапілі на поле бою менш за два гады таму, — 77%.

51% вайскоўцаў заявілі, што падтрымаюць рашэнне Пуціна вывесці войскі з Украіны нават без дасягнення так званых «мэтаў СВА». Негатыўна да такой перспектыве паставіліся 41% рэспандэнтаў.

У цэлым падтрымка вайны супраць Украіны сярод жыхароў Расіі застаецца максімальнай. Па даных Левада-цэнтра, у сакавіку 2025 года вайну ўхвалілі 79% рэспандэнтаў — гэты паказчык амаль не мяняецца з 2022 года. Пры гэтым больш за палову апытаных (58%) лічаць, што цяпер варта пераходзіць да мірных перамоваў, а за працяг ваенных дзеянняў выступае траціна рэспандэнтаў (34%).