Абама: рэжым у Беларусі уяўляе надзвычайную пагрозу для нацыянальнай бяспекі ЗША

Барак Абама распарадзіўся захаваць надзвычайны рэжым у адносінах з Беларуссю, падоўжыўшы дзеянне ўказу 2006 года.



obama11.jpg

Прэзідэнт ЗША Барак Абама выдаў распараджэнне аб «працягу надзвычайнай сітуацыі ў сувязі з дзеяннямі і палітыкай, якая праводзіцца некаторымі чальцамі ўраду Беларусі і іншымі асобамі, што пагражаюць дэмакратычным працэсам або інстытутам».

У дакумэнце гаворыцца, што «16 чэрвеня 2006 года ўказам прэзідэнта была абвешчаная надзвычайная сітуацыя ў адпаведнасці з Законам аб эканамічных паўнамоцтвах у выпадку міжнародных надзвычайных сітуацыяў (50 USC 1701-1706), у сувязі з беспрэцэдэнтнай і надзвычайнай пагрозай, якую ўяўлялі для нацыянальнай бяспекі і знешняй палітыкі Злучаных Штатаў дзеянні і палітыка, якая праводзіцца некаторымі чальцамі ўраду Беларусі і іншымі асобамі, якія пагражаюць дэмакратычным працэсам і інстытутам».

Як падкрэсліваецца далей, гэтая палітыка знайшла «сваё адлюстраванне ў абсалютна недэмакратычных выбарах, якія адбыліся ў сакавіку 2006 года», а таксама у парушэннях названымі асобамі правоў чалавека і палітычных рэпрэсіях, якія ўключаюць затрыманне і знікненне людзей, і карупцыі, якая палягае, у прыватнасці, у нямэтавым выкарыстанні дзяржаўнай маёмасці і злоўжыванні службовым становішчам.

У распараджэнні прэзідэнта адзначаецца, што «дзеянні і палітыка, якая праводзіцца некаторымі чальцамі ўрада Беларусі і іншымі асобамі, працягваюць уяўляць беспрэцэдэнтную і надзвычайную пагрозу для нацыянальнай бяспекі і знешняй палітыкі Злучаных Штатаў».

«Таму, — гаворыцца далей, — рэжым надзвычайнай сітуацыі, абвешчаны 16 чэрвеня 2006 года, і захады, прынятыя ў той дзень у сувязі з гэтай надзвычайнай сітуацыяй, павінныя па-ранейшаму дзейнічаць пасля 16 чэрвеня 2015 года».

«У сувязі з гэтым, — заяўляе прэзідэнт Абама, — у адпаведнасці з раздзелам 202 (d) Закона аб эканамічных паўнамоцтвах у выпадку міжнародных надзвычайных сітуацыяў (50 USC 1701-1706), я падаўжаю на 1 год надзвычайную сітуацыю, абвешчаную Указам прэзідэнта 13405», цытуе дакумент «Голас Амерыкі».