567-мы дзень вайны. Севастопаль пад ракетным ударам
Украіна працягвае контрнаступленне, якое ў апошнія дні стала больш інтэнсіўным. Тым часам, па даных разведак, Расія вымушана тэрмінова перакідваць на фронт нядаўна сфармаваныя злучэнні. Пытанне мабілізацыі ў РФ паўстае з новай вастрынёй.
Пытанне Кляшчэеўкі
Паводле аператыўнай інфармацыі Генеральнага штаба Узброеных Сіл Украіны, сілы абароны Украіны маюць пэўныя поспехі ў раёне Кляшчэеўкі Данецкай вобласці і ў раёне Рабоціна ў Запарожскай вобласці. Атакі расійскіх войскаў у раёнах Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці і на поўдзень ад Новадараўкі Запарожскай вобласці абярнуліся для акупантаў значнымі стратамі.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 11 і 12 верасня, паказваюць, што ўкраінскія сілы дасягнулі абмежаваных поспехаў на поўнач ад Курдзюмаўкі (13 км на паўднёвы захад ад Бахмута) і на паўднёвы захад ад Маёрска (21 км на паўднёвы захад ад Бахмута), піша Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Генштаб Украіны паведаміў, што ўкраінскія войскі працягваюць наступальныя дзеянні і прасоўваюцца на поўдзень ад Бахмута. Расійскі вайсковы блогер сцвярджаў, што ўкраінскія сілы дзейнічаюць у цэнтры Кляшчэеўкі (7 км на паўднёвы захад ад Бахмута), дзе раней займалі пазіцыі чачэнскія падраздзяленні «Ахмат».
Узяццё Кляшчэеўкі, на думку аналітыкаў, дазволіць узяць у акружэнне Бахмут і пасля вызваліць яго. Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў пацвердзіў гэта, заявіўшы, што чачэнскія падраздзяленні спецназа «Ахмат» трымаюць абарону каля Курдзюмаўкі і адзначыў, што расійская абарона Кляшчэеўкі і Курдзюмаўкі неабходная, каб не даць украінскім войскам захапіць Бахмут.
Па даных Міністэрства абароны Вялікабрытаніі, Расія з-за недахопу рэзерваў была вымушана тэрмінова перакінуць на Луганскі фронт новасфармаваную 25-ю армію.
Як адзначаецца ў зводцы, часткі новай 25-й расійскай агульнавайсковай арміі, хутчэй за ўсё, перакінутыя ва Украіну. Верагодна, фарміраванне арыентавана на Луганскую вобласць на паўночным усходзе краіны.
Паводле звестак брытанскай выведкі, зусім нядаўна, у жніўні 2023 года, у аб'явах аб наборы вайскоўцаў у 25-ю армію сцвярджалася, што яна будзе разгорнутая ва Украіне толькі са снежня 2023 года. Цалкам верагодна, што падраздзяленні былі тэрмінова ўведзены ў бой, бо Расія працягвае змагацца з празмерна расцягнутымі сіламі на фронце, а Украіна працягвае контрнаступленне на трох розных напрамках.
Украіна паспяхова атакавала Севастопаль?
У часова акупаваным Севастопалі ў выніку ўдараў і выбухаў з пажарам на тэрыторыі марскога завода ў ноч на 13 верасня былі пашкоджаныя як мінімум два расійскія караблі, паведаміла Мінабароны РФ.
У расійскім ведамстве сцвярджаюць, што гэтай ноччу быў нанесены «ўдар дзесяццю крылатымі ракетамі» па суднарамонтным заводзе імя Арджанікідзэ ў Севастопалі. Нібыта СПА Севастопаля збіла 7 крылатых ракет.
Мясцовыя жыхары ў сеціве пісалі пра як мінімум сем выбухаў. На месцы завода ў раёне Паўднёвай бухты падняўся пажар. Акрамя таго, каля чатырох раніцы жыхары Севастопаля казалі аб паўторных выбухах і стральбе. Таксама паведамлялася аб моцным пажары на карабельным баку Севастопаля.
На Крымскім мосце ў сераду, у ноч на 13 верасня, быў прыпынены рух для машын. Прычыны спынення руху не ўдакладняюцца, аднак рэверсны рух і пастаянныя перакрыцці адбываюцца на Крымскім мосце з-за нападаў на пераправу.
Расія ў ноч на 13 верасня выпусціла па Украіне 44 дроны-камікадзэ тыпу «Шахед». Сілы супрацьпаветранай абароны збілі 32 варожых беспілотніка. Асноўны напрамак удару — паўднёвыя раёны Адэскай вобласці, а менавіта партовая інфраструктура рэгіёна. У выніку атакі пашкоджаныя партовая і іншая грамадзянская інфраструктура, сем чалавек пацярпелі.
Войскі РФ за мінулыя суткі 85 разоў абстралялі Херсонскую вобласць. Параненыя чацвёра мірных жыхароў. Трапленні зафіксаваныя ў жылыя кварталы населеных пунктаў вобласці, будынак дашкольнай навучальнай установы ў Херсонскім раёне і па тэрыторыі прадпрыемства ў Херсоне.
У ноч на 13 верасня на Сумскай вобласцю былі збітыя тры ўдарныя дроны, выпушчаныя расійскімі войскамі.
Мабілізацыя ў Расіі
Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) адзначаюць, што ў Крамлі не могуць вызначыцца з новай хваляй мабілізацыі і чарговага прызыву на вайсковую службу праз боязь негатыўных рэакцый у грамадстве.
Як сцвярджаюць расійскія інсайдэрскія крыніцы, бліжэйшае да Пуціна асяроддзе Крамля зноў актыўна не згаджаецца з неабходнасцю і падрыхтоўкай да «другой хвалі» мабілізацыі рэзерваў напярэдадні восеньскага прызыву ў войска, які пачынаецца 1 кастрычніка.
Расійскі Telegram-канал, як мяркуецца звязаны з крыніцамі ў расійскіх службах бяспекі, пісаў пра тое, што асобныя расійскія чыноўнікі «сур'ёзна» рыхтуюцца да другой хвалі мабілізацыі рэзерваў і спадзяюцца правесці яшчэ адну — восенню.
Аналітыкі звяртаюць увагу на важнасць улічваць розніцу паміж:
- звычайным у РФ паўгадавым прызывам на ваенную службу,
- буйнамаштабнай мабілізацыяй рэзерваў, падобнай да мінулай восені, калі маглі набраць каля 300 тысяч рэзервістаў,
- «схаванай мабілізацыяй», якая прыводзіць да прыцягнення рэзервістаў у меншай колькасці, але на працягу доўгага перыяду часу,
- а таксама рознымі спробамі заахвоціць або прымусіць расійцаў падпісаць нібыта добраахвотныя кантракты з расійскім войскам.
Канал заявіў, што расійскія чыноўнікі хочуць мабілізаваць ад 170 000 да 175 000 рэзервістаў і перанесці дату восеньскага прызыву з 1 кастрычніка на 1 лістапада, каб забяспечыць працэс мабілізацыі рэзерву, адначасова праводзячы «кантрактную мабілізацыю» для набору дадатковых 130 000 чалавек на кантрактную службу з выкарыстаннем прымусовых мер.
Уплывовая група «сілавікоў-ястрабаў» прапануе больш строгія меры па мабілізацыі рэзерваў, такія як абмежаванне пэўных асоб на атрыманне адтэрміновак па мабілізацыі, што выклікала сур'ёзныя рознагалоссі з чыноўнікамі ў адміністрацыі расійскага дыктатара.
Па даных ISW, у Пуціна асцерагаюцца рэакцыі на падобныя меры з боку іншых расійскіх чыноўнікаў і грамадства ў цэлым. Пры гэтым інстытут адзначае, што гэтыя планы, прапановы і рознагалоссі не новыя і не паказваюць дакладна на тое, што Пуцін вырашыў правесці другую хвалю мабілізацыі рэзерваў у найбліжэйшай будучыні.