544-ты дзень вайны. У расійскіх элітах і ў «Вагнеры» наспяваюць расколы

Пакуль УСУ павольна, але прасоўваюцца наперад, кіраўніцтва Расіі занятае ўнутранымі разборкамі. Пагатоў, ім, верагодна, удалося дасягнуць расколу ў «Вагнеры». Аднак і ўнутры кіраўніцтва РФ не ўсё ў парадку. 

Фота facebook.com/GeneralStaff.ua

Фота facebook.com/GeneralStaff.ua

УСУ павольна, але прасоўваюцца наперад

Зводка Генеральнага штаба УСУ цьмяна кажа пра тое, што цягам 20 жніўня паміж Сіламі абароны Украіны і расійскімі войскамі адбылося больш за 25 баявых сутыкненняў. На Бахмуцкім кірунку расійскія войскі вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Курдзюмоўкі Данецкай вобласці, Сілы абароны Украіны працягвалі стрымліваць наступ расійскіх войскаў у раёне Мар'інкі Данецкай вобласці, а на Мелітопальскім і Бярдзянскім кірунках УСУ «замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах, ажыццяўляюць мерапрыемствы контрбатарэйнай барацьбы».

Паводле звестак DeepState, самыя жорсткія баі працягваюцца на Запарожскім, Бахмуцкім і Сватаўскім кірунках. У Запарожскім кірунку працягваюцца цяжкія баі ў Рабоціна і ў яго ваколіцах, але УСУ атрымліваецца адціскаць расійцаў, якія патроху адыходзяць на поўдзень. Таксама УСУ мелі частковы поспех у Кляшчыеўцы і каля Андрэеўкі. Па даных вайскоўцаў, на гэтым участку вораг прымяняе камбінаванае мініраванне, што аказвае істотны ўплыў на прасоўванне ўкраінскіх войскаў.

Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе, што УСУ прасунуліся да ўскраін Рабоцінага ў Запарожскай вобласці, а таксама вядуць контрнаступленне яшчэ ў двух кірунках фронту. У раёне Бахмута ўкраінскія сілы працягвалі абмежаваныя контрнаступныя дзеянні і мелі невялікі поспех. Украінскія сілы дасягнулі пазіцый далей на захад і поўнач ад Андрэеўкі (10 кіламетраў на паўднёвы захад ад Бахмута).

Даныя ISW таксама сведчаць, што ўкраінскія сілы нядаўна прасунуліся на ўсход ад Рабоцінага (10 кіламетраў на поўдзень ад Арэхава). Украінскія сілы захапілі нявызначаныя расійскія пазіцыі на захад ад Вербавага (18 кіламетраў на паўднёвы ўсход ад Арэхава) і працягваюць атакаваць расійскія пазіцыі ўздоўж лініі Рабоціна-Вербавае.

Ноч без паветраных нападаў ва Украіне, але не ў Расіі

У Міністэрстве абароны Расіі заявілі пра атаку беспілотнікаў у Маскоўскай вобласці. «21 жніўня каля 06:50 па маскоўскім часе спыненая спроба здзейсніць тэрарыстычную атаку беспілотным лятальным апаратам самалётнага тыпу», — гаворыцца ў паведамленні.

Як заявілі ў Мінабароны РФ, БПЛА быў выяўлены над тэрыторыяй Маскоўскай вобласці і задушаны сродкамі радыёэлектроннай барацьбы. «Страціўшы кіраванне, БПЛА пацярпеў крушэнне ў раёне населенага пункта Пакроўскае Адзінцоўскага раёна, пацярпелых няма», — распавялі расійцы.

Паводле звестак расійскіх СМІ, у мэтах бяспекі з 06:25 маскоўскі аэрапорт «Унукава» часова не прымаў і не адпраўляў рэйсы. Аэрапорт «Дамадзедава» з 6:26 таксама ўвёў часовыя абмежаванні на прыём і вылет самалётаў.

У ноч на панядзелак, 21 жніўня, у некалькіх усходніх абласцях Украіны была абвешчаная паветраная трывога, прычынай стала ракетная небяспека. Аднак пакуль не паведамляецца пра ўдары ракетамі альбо дронамі. Трывога была выкліканая тым, што ўначы 21 жніўня расійскія войскі актывізавалі тактычную авіяцыю на паўднёва-ўсходнім кірунку.

Паветраныя сілы УСУ паведамілі, што ў бок Запарожскай вобласці расійскія войскі выпусцілі ракеты С-300. Але пра разбурэнні і ахвяры ў выніку пуску пакуль не паведамляецца.

На працягу 20 жніўня расійскія акупанты здзейснілі 14 абстрэлаў Сумскай вобласці, зафіксавана 56 выбухаў.

Узброеныя сілы Расіі 20 жніўня абстралялі Аўдзееўку, Краснагораўку і Тарэцк у Данецкай вобласці, чацвёра цывільных атрымалі раненні.

Увечары 20 жніўня расійскія захопнікі двойчы абстралялі Купянск Харкаўскай вобласці з артылерыі, пацярпелі 11 цывільных, пашкоджаны будынак навучальнай установы. Акупанты нанеслі ўдар па цэнтральнай частцы горада, знішчылі і пашкодзілі 5 аўтамабіляў, пашкодзілі аддзяленне «Новай пошты». Пашкоджана выключна грамадзянская інфраструктура, падкрэсліў кіраўнік Харкаўскай ваеннай адміністрацыі Алег Сінегубаў.

У выніку атакі беспілотнікаў 19 жніўня на аэрадром у Наўгародскай вобласці Украіна ўпершыню змагла цалкам знішчыць стратэгічны ядзерны бамбавік Узброеных Сіл РФ. У сеціве з'явілася фота ваеннага аэрадрома «Сольцы» Наўгародскай вобласці пасля ўдару беспілотніка. На фота відаць цалкам згарэлы Ту-22М3.

369607970_642266348086447_3909977804846948182_n.jpg

Калі важны баявы дух

Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што ўдары ўкраінскай арміі па тылах праціўніка падрываюць баявы дух расійскіх войскаў, і гэта можа пагражаць стабільнасці расійскай абароны на некалькіх крытычных участках фронту.

Паводле звестак аналітыкаў, расійскія перадавыя падраздзяленні, асабліва на поўдні Украіны, часта змагаліся з падзеннем баявога духу пасля ўкраінскіх удараў па тылах. Праблемы з маральным духам могуць хутка абвастрыцца і распаўсюдзіцца сярод войска РФ, калі адно з падраздзяленняў пад ціскам будзе знішчана, што можа выклікаць паніку і значна знізіць баяздольнасць іншых расійскіх сіл.

Раскол у «Вагнеры» і ў расійскіх элітах

Камандзіры «Вагнера» абвінавацілі двух сваіх высокапастаўленых прадстаўнікоў у здрадзе на карысць ПВК «Рэдут», якая афіляваная з Мінабароны РФ. Такім чынам, Крамлю ўдалося дамагчыся частковага поспеху ў расфармаванні «Вагнера», піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Камандзір «Вагнера» Антон Елізараў (пазыўны «Лотас») заявіў, што Андрэй Трошаў (вядомы як «Сівы») пакінуў ПВК разам з іншым камандзірам, Вадзімам В. (мянушка «Хрусталь»). Яўген Прыгожын неаднаразова прадстаўляў Трошава як свайго асабістага прадстаўніка і дырэктара звязанай з «Вагнерам» «Лігі абароны інтарэсаў ветэранаў лакальных войнаў і ваенных канфліктаў».

Трошаў быў блізкай даверанай асобай Прыгожына і, як паведамляецца, усталяваў сувязі з Пуціным і Мінабароны Расіі дзякуючы сваёй працы з «Вагнерам». Трошаў раней звяртаўся да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна ад імя «Вагнера», а 29 чэрвеня Пуцін назваў яго звязаным з Крамлём камандзірам «Вагнера».

Камандзір «Вагнера» па мянушцы «Калдун» сцвярджаў, што «Хрусталь», які ўзначальваў кадравы аддзел «Вагнера», цяпер тэлефануе байцам «Вагнера», каб завербаваць іх у новую ПВК для аперацый у Афрыцы.

Здрада Трошава і «Хрусталя», адзначае ISW, можа сведчыць аб нарастаючым расколе ў кіраўніцтве «Вагнера», што паказвае: намаганні Крамля і Мінабароны РФ па расфармаванні «Вагнера» часткова скончыліся поспехам.

«Відавочна, Крэмль і МА РФ выкарыстоўваюць Трошава і “Хрусталя” для вярбоўкі байцоў і камандзіраў “Вагнера” пад абяцанні новых місій у Афрыцы, адначасова высоўваючы ўмовы для абмежавання кантынгенту Прыгожына ад працягу аперацый у Афрыцы і на Блізкім Усходзе. Публічнае асуджэнне Трошава і “Хрусталя” крыніцамі “Вагнера” як баязліўцаў можа сведчыць аб тым, што камандзіры спрабуюць утрымаць іншых камандзіраў і прадстаўнікоў “Вагнера” ад выхаду з ПВК», — лічаць амерыканскія аналітыкі.

У нядзелю, 20 жніўня, Bloomberg са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміў, што ў верхавіне расійскага ФСБ ёсць група людзей, якія заклікаюць Пуціна звольніць міністра абароны Сяргея Шайгу і начальніка Генштаба Валерыя Герасімава і перайсці да больш агрэсіўнага вядзення вайны.

Адзначаецца, што прадстаўнікі ФСБ, якія займаюць больш агрэсіўную пазіцыю, падтрымалі патрабаванні кіраўніка ПВК «Вагнера» Яўгена Прыгожына, які настойваў на змене вышэйшага ваеннага кіраўніцтва краіны.

Па словах пяці чалавек, дасведчаных у сітуацыі, прыхільнікі так званай ястрабінай пазіцыі хочуць зрынуць Шайгу і пачаць ваяваць ва Украіне больш агрэсіўна. Яны прапануюць абвясціць ваеннае становішча ў РФ і зрабіць поўнамаштабную мабілізацыю.

У той жа час выданне адзначае — няма ніякіх прыкмет таго, што Герасімава і Шайгу адхіляць, а палітычнае кіраўніцтва РФ распраўляецца з тымі, хто актыўна крытыкуе Шайгу і Герасімава.