425-ты дзень вайны. Усе размовы і думкі — пра контрнаступ УСУ
Расійскае ваеннае кіраўніцтва ставіць задачу завяршыць захоп Бахмута да пачатку ўкраінскага контрнаступу, калі гэта магчыма. Пра гэта гаворыцца ў свежай зводцы Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Амерыканскія аналітыкі адзначылі, што найміты ПВК Вагнера працягваюць несці вялікія страты, але ў надзеі захапіць горад і для падтрымання наступу Мінабароны РФ задзейнічала злучэнні ПДВ, каб дазволіць вагнераўцам цалкам засяродзіцца на гарадскіх баях.
«Верхавод ПВК Яўген
Прыгожын перадаў паўночны і паўднёва-заходні флангі Мінабароны РФ і пацвердзіў,
што злучэнні ПДВ такім чынам падтрымліваюць галоўныя намаганні «Вагнера» ў Бахмуце», — гаворыцца ў зводцы.
Эксперты дадалі, што падтрымка ПДВ у гэтым раёне, верагодна,
дазволіць вагнераўцам дамагчыся большага поспеху ў горадзе і можа
пераканаць украінскія сілы адступіць. «Падраздзяленні ПДВ пад Бахмутам,
верагодна, больш выдаленыя ад прамых, вельмі знясільваючых гарадскіх баёў, чым
часткі ПВК Вагнера, і такім чынам выйдуць з баёў за Бахмут у значна лепшай
форме, чым найміты», — адзначылі аналітыкі.
У ISW падкрэслілі, што заява аб сумеснай працы «Вагнера» і расійскіх ПДВ вакол Бахмута паказвае, што вайсковае
кіраўніцтва імкнецца супрацоўнічаць з Прыгожыным, нягледзячы на ранейшыя трэнні, каб паскорыць захоп Бахмута. «Аб відавочным жаданні Мінабароны РФ
паменшыць спрэчкі з вагнераўцамі таксама сведчыць
відавочнае паўторнае прызначэнне былога камандуючага ПДВ і звязанага з «Вагнерам» генерала-палкоўніка Міхаіла Цяплінскага на неўказаную, але «буйную» ролю ва Украіне», —растлумачылі сітуацыю ў Інстытуце.
Там дадалі, што расійскае вайсковае кіраўніцтва выдала
наймітам у Бахмуце танкі Т-90, што кажа пра намер паскорыць захоп горада.
Акрамя таго, як паказалі ў ISW, некаторыя нерэгулярныя
расійскія фармаванні таксама дзейнічаюць пад Бахмутам, хоць яны больш
абмежаваныя ў магчымасцях, чым «Вагнер». У прыватнасці, у Інстытуце
адзначылі, што пад Бахмутам заўважаны добраахвотніцкі атрад «Листан»,
які ўваходзіць у склад злучэння «Данскі казак».
Увогуле ў горадзе ідуць пастаянныя баі. На захоп Бахмута расійцы
кінулі ўсе сілы, аднак ім так і не ўдаецца гэта зрабіць. 23 красавіка прэзідэнт
Уладзімір Зяленскі растлумачыў, што Украіна не можа адмовіцца ад абароны
Бахмута, таму што яго захоп дапаможа расійскім акупантам пашырыць фронт.
Акрамя Бахмуцкага напрамку, акупанты засяроджваюць намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках. Там украінскімі вайскоўцамі адбіта каля 60 нападаў. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.
Падкрэсліваецца, што пад Бахмутам расійцы на працягу сутак вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў ваколіцах населеных пунктаў Грыгараўка, Багданаўка і Іванаўскае. Ад варожых пацярпеў цэлы шэраг населеных пунктаў.
«На Аўдзееўскім кірунку праціўнік вёў наступальныя
дзеянні ў раёнах Новакалінавага і Першамайскага Данецкай вобласці, поспеху не
меў і панёс вялікія страты», — паведамілі ў Генштабе.
На Мар'інскім напрамку на працягу сутак украінскімі
абаронцамі былі адбітыя шматлікія атакі праціўніка ў паўночнай і цэнтральнай
частках Мар'інкі, а таксама ў раёне Наваміхайлаўкі Данецкай вобласці. У той жа
час, варожым абстрэлам падвергліся Краснагораўка, Георгіеўка, Мар'інка, Пабеда,
Новаміхайлаўка і Праскавееўка Данецкай вобласці.
Пры гэтым у Генштабе дадалі, што на Шахцёрскім і Ліманскім
кірунку за суткі праціўнік наступальных дзеянняў не праводзіў.
Уладзімір Зяленскі ўпэўнены, што Украіна здольная адбіць расійскае ўварванне, цяпер яна рыхтуецца да контрнаступлення.
У інтэрв'ю Al Arabiya прэзідэнт Украіны выказаў упэўненасць
у поспеху наступу і падкрэсліў, што ўкраінцы поўныя рашучасці вярнуць свае
землі. «Наша армія рыхтуецца, і мы робім усё магчымае, каб зрабіць яе больш моцнай», — сказаў ён.
«Я не магу назваць сітуацыю добрай, але мы змагаемся.
Мы мацнейшыя, чым год таму», — сказаў Зяленскі, каментуючы сітуацыю на
фронце.
Таксама ён падзякаваў саюзнікам за падтрымку, аднак
адзначыў, што яны падтрымліваюць і сябе, дапамагаючы Украіне. «Праўда ў
тым, што Расія не спыніцца на Украіне, і гэта ўсім зразумела», — сказаў
ён, дадаўшы, што Пуцін змагаецца ва Украіне за сваё жыццё.
У ноч на панядзелак, 24 красавіка, у акупаваным Крыме — а менавіта ў Севастопалі — каля 3:30 гадзіны было чуваць два выбухі.
Выбухі гучалі з раёна, у якім знаходзяцца воінскія часці, — недалёка ад Стралецкай бухты і Нахімаўскага вучылішча. Паведамляецца, што таксама былі чутныя гукі
стралковай зброі і зенітнай гарматы.
Так званы «губернатар» Севастопаля Міхаіл Развазжаеў паскардзіўся, што ў
ноч на 24 красавіка была атака беспілотнікамі.
Прызначаны Крамлём чыноўнік паведаміў, што горад атакавалі надводнымі
беспілотнікамі ў 3:30. Развазжаеў сцвярджае, што адзін з дронаў выбухнуў сам, а
яшчэ адзін знішчылі сілы супрацьпадводна-дыверсійнага забеспячэння. Паводле
яго, у выніку атакі дронамі пашкоджаных аб'ектаў няма.
Нагадаем, 22 сакавіка акупацыйныя ўлады Крыма паведамілі пра атаку надводнымі дронамі і сцвярджалі, што былі ліквідаваныя тры аб'екты.
Паводле ўкраінскіх медыя