297-мы дзень вайны. Расія рыхтуецца да чарговага «жэста добрай волі» і навошта Пуцін у Беларусі
У сувязі з візітам у Беларусь Уладзіміра Пуціна аналітыкі разглядаюць магчымасць уступлення Беларусі ў вайну. Яны адзначаюць, што Лукашэнку гэтага вельмі не хочацца, і ён ужо робіць заявы з мэтай «адскочыць убок». Беларусь на раніцу 17 снежня была асноўнай у ваенных зводках з Украіны.
Але зранку ў Адэсе ў час паветранай трывогі адбыліся два выбухі. Адзначаецца, што выбух адбыўся падчас паветранай трывогі. Аператыўнае камандаванне «Поўдзень» пазней паведаміла, што сілы супрацьпаветранай абароны раніцай 17 снежня збілі дзве варожыя ракеты. Іх выпусцілі з тэрыторыі часова акупаванага Крыма.
Генштаб УСУ ацаніў учорашні масіраваны ракетны ўдар па грамадзянскай і энергетычнай інфраструктуры Украіны. Вораг за 16 снежня выпусціў 98 ракет і здзейсніў больш за 65 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню.
Сілы абароны Украіны за суткі адбілі варожыя атакі ў раёнах больш за 20 населеных пунктаў.
У зводцы Генштаба УСУ паведамляецца, што расійскія акупацыйныя войскі ажыццяўляюць перадыслакацыю асобных падраздзяленняў у Херсонскай вобласці. У прыватнасці, яны пачалі адводзіць частку сваіх войскаў з Кахоўкі і Новай Кахоўкі. Пакуль што «жэст добрай волі» акупанты ажыццяўляюць у раёне населенага пункта Ніжнія Серагозы.
Аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) мяркуюць, што маштабная ракетная атака 16 снежня, у тым ліку ўдары па Кіеве, маюць на мэце выклікаць грамадскую незадаволенасць у сталіцы. Але наўрад ці гэтыя ракетныя ўдары зломяць волю Украіны. Адзначаецца, што расійскія ўдары працягваюць прадстаўляць сур'ёзную пагрозу для ўкраінскага грамадзянскага насельніцтва, але не паляпшаюць здольнасць расійскіх войскаў праводзіць наступальныя аперацыі ва Украіне.
Як дадаюць у ISW, Лукашэнка да гэтага часу ў значнай ступені супраціўляўся ўзмоцненым патрабаванням Расіі аб інтэграцыі і адмаўляўся задзейнічаць беларускія сілы для ўдзелу ў расійскім уварванні ва Украіну. Візіт у Мінск можа паказваць на тое, што Пуцін спрабуе стварыць умовы для аднаўлення наступу на Украіну.
ISW ацэньвае ўварванне Расіі ва Украіну з Беларусі як нізкае, але магчымае. «Малаверагодна, што беларускія сілы нападуць на Украіну без расійскай ударнай групоўкі. Не відавочна, што Лукашэнка адправіць беларускія войскі ваяваць ва Украіне нават разам з расійскімі войскамі. Аднак сустрэча Пуціна і Лукашэнкі, як мінімум, будзе спрыяць правядзенню асобнай расійскай інфармацыйнай аперацыі, накіраванай на тое, каб зламаць волю Украіны і гатоўнасць Захаду падтрымліваць Украіну», — зазначаюць аналітыкі Інстытута вывучэння вайны.
Гэтая сустрэча падмацуе расійскую інфармацыйную аперацыю, накіраваную на тое, каб пераканаць украінцаў і жыхароў Захаду ў тым, што Расія можа атакаваць Украіну з Беларусі. Удары РФ па Кіеве, пастаянныя перакіданні войскаў у Беларусь і ваяўнічая рыторыка, якая працягваецца, з'яўляюцца часткай гэтай інфармацыйнай аперацыі.
Былы камандуючы арміяй ЗША ў Еўропе генерал Бэн Ходжэс таксама ацаніў мажлівасць Расіі здзейсніць новы наступ на Украіну ў лютым. На яго думку, Расія проста не паспее гэтага зрабіць.
Такое меркаванне генерал выказаў на сваёй старонцы ў Twitter. Ён думае, што, нават калі расійская армія збярэ сякія-такія войскі, яны не будуць якаснымі. «Я сумняваюся, што Расія можа сабраць сілы такога памеру за гэты час, прынамсі, не вельмі якасныя. Апошняя частковая мабілізацыя была правальнай», — адзначыў Ходжэс.
Акрамя таго, амерыканскі генерал дадаў, што перабольшанне патэнцыялу наступальных войскаў Расіі грае на руку тым, хто шукае адгаворкі, каб спыніць падтрымку Украіны.
Паводле ВВС, Obozrevatel, Korrespondent, РБК-Украіна