У пошуках этнацыду: як дзяржава перапісвае гісторыю і пры чым тут Рэч Паспалітая?

Раней схаванае і невідавочнае, сёння перапісванне гісторыі вядзецца публічна, бессаромна і з выглядам абсалютнай рацыі. «MediaIQ» расказвае, што не так з наратывам «прыцяснення беларусаў» у Рэчы Паспалітай.

Казімір Войняк. Ухваленне Канстытуцыі 3 траўня

Казімір Войняк. Ухваленне Канстытуцыі 3 траўня

5 жніўня (25 ліпеня) 1772 года ў Пецярбургу была падпісана канвенцыя паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй, у адпаведнасці з умовамі якой адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай. Землі цяперашняй Усходняй Беларусі па Дзвіне былі гвалтоўна далучаны да Расіі. Гэтыя драматычныя падзеі выклікаюць асаблівую цікавасць у прыхільнікаў расійскай улады і прапагандыстаў рэжыму Лукашэнкі.

Успамінаюцца школьныя ўрокі гісторыі Беларусі на пачатку 2000-х, дзе ліквідацыя Рэчы Паспалітай тлумачылася настаўнікамі ў першую чаргу ўнутранымі фактарамі: слабая цэнтральная ўлада, бязмежнае злоўжыванне правам liberum veto на пасяджэннях сеймаў (як прычына зрываў мноства важных пазітыўных законапраектаў па паляпшэнні ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Рэчы Паспалітай), моцныя пазіцыі магнатаў, іх персанальныя арміі і слабая, малалікая армія самой дзяржавы... Знешні ж фактар заняпаду тлумачыўся так, быццам тры згаданыя вышэй дзяржавы-агрэсары «атрымалі безгаспадарчыя,землі, на якіх панавала анархія», г.зн. «навялі там парадак». Як убачым далей, гэтыя тэзісы атрымалі далейшае развіццё.

Дастаткова пачытаць матэрыялы дзяржСМІ на гэтую тэму. Вось, напрыклад, як аўтар «СБ. Беларусь сёння» Максім Восіпаў цытуе выступленне старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, доктара гістарычных навук Ігара Марзалюка ў артыкуле пад загалоўкам «Марзалюк: у складзе Рэчы Паспалітай Беларусь сутыкнулася з этнацыдам»: «У XVII-XVIII стагоддзях у выніку культурнай і дзяржаўнай асіміляцыі, прававой дыскрымінацыі па канфесійнай прыкмеце, працэсаў паланізацыі беларусы страцілі сваю арыстакратыю, большую частку шляхты і мяшчанства, якія пачалі лічыць сябе палякамі. < ... > Падобную палітыку можна называць этнацыдам — у ходзе гэтага працэсу цэлыя групы прывілеяванага насельніцтва былі страчаны для свайго народа, сталі палякамі па нацыянальнасці».


Глядзіце таксама

Пры гэтым аўтар паказвае, як цяжка было некаталіку трапіць у Сойм у 1673 годзе і г. д.: «Пасля 1667 г. немагчыма было стаць сенатарам, калі ты не быў каталіком. У 1673 г. «дэзуніты» (праваслаўныя і пратэстанты) былі пазбаўлены права ўваходжання ў шляхецкае саслоўе, у 1676-м праваслаўныя брацтвы былі пазбаўлены прывілеяў, праваслаўным быў забаронены выезд за мяжу, у 1699-м праваслаўныя гараджане страцілі права займаць выбарныя пасады ў гарадскіх магістратах». 

Ігар Марзалюк «забывае» пра шматлікія прывілеі праваслаўным, якія давалі манархі Рэчы Паспалітай Жыгімонт III Ваза і яго сын Уладзіслаў IV у першай палове XVII ст., а таксама пра некаторыя аспекты вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй і Расіяй у 1654-1667 гадах, якая прывяла да самай сапраўднай катастрофы на беларуска-літоўскіх землях. Напэўна, на думку Марзалюка, заняпад культуры і іншае зусім не паўплывала на стаўленне да праваслаўя з боку ўлад Рэчы Паспалітай, улічваючы, што расійскі цар заклікаў знішчаць усё не маскоўска-праваслаўнае, асабліва юдэяў і каталікоў, на тэрыторыі акупаванага ВКЛ, а лютэране-шведы, адпаведна, здзекаваліся з рыма-каталікоў і рабавалі манастыры ў Кароне Польскай.

У рэжымнага гісторыка рэдкая выбіральнасць у фактах і іх інтэрпрэтацыі. Ігар Марзалюк (у свой час пазіцыянаваў сябе як грэка-каталік) наўмысна ці па няведанні пазбягае такіх гістарычных дакументаў, як метрычныя кнігі ўніяцкай царквы, даследаванні якіх праводзіць беларускі гісторык Дзяніс Лісейчыкаў. Яго навуковыя артыкулы «Руская» мова метрычных кніг уніяцкіх цэркваў Вялікага Княства Літоўскага ў XVII-XVIII стагоддзях» і «Азъ, іерэй...: «руская» мова метрычных кніг уніяцкіх цэркваў Вялікага Княства Літоўскага ў XVII-XVIII стагоддзях» паказваюць, што 1696 год не быў годам поўнай забароны старабеларускай мовы, яна афіцыйна прысутнічала ў справаводстве ўніяцкіх і праваслаўных прыходаў у XVII-XVIII стст., таксама старабеларуская мова выкарыстоўвалася ўніяцкімі святарамі падчас пропаведзяў. Апошняя кніга на «рускай» (старабеларускай мове) была выдадзена ў 1722 годзе ў друкарні Супрасльскага манастыра ордэна васіліян і перавыдадзена ў 1733 годзе, што таксама не сведчыць пра татальную забарону старабеларускай мовы пасля 1696 года. Калі ўлічыць, што большасць насельніцтва, якое пражывала на тэрыторыі ВКЛ, па канфесійнай прыналежнасці былі ўніятамі, то гэта па-іншаму паказвае карціну. Продкі беларусаў у большасці сваёй жылі ў сельскай мясцовасці, а не ў гарадах, дзе пераважала яўрэйскае і польскае насельніцтва.


Глядзіце таксама

Важна адзначыць, што вынікам тэндэнцыйнага ненавуковага і неаб'ектыўнага падыходу да гісторыі Рэчы Паспалітай XVIII ст. стала «маштабная міжнародная навуковая канферэнцыя «Падзелы Рэчы Паспалітай у гістарычнай памяці народаў Беларусі і Расіі» ў Полацкім дзяржаўным універсітэце імя Еўфрасінні Полацкай у верасні 2022 года. Тут беларускія праўладныя гісторыкі Ігар Марзалюк, Дзяніс Дук і загадчык аддзела Інстытута славяназнаўства Расійскай акадэміі навук Барыс Носаў цалкам апраўдвалі злачынную змову і, як следства, ліквідацыю польска-літоўска-беларуска-ўкраінскай дзяржавы ў 1772-1795 гадах. Юрый Барысёнак піша ў справаздачы з канферэнцыі ў дадатку «Союз» да «Российской газеты»: «Рэч Паспалітая была асуджана шмат у чым дзякуючы ўнутраным супярэчнасцям сваіх эліт, якія аказаліся не ў сілах паставіць дзяржаўныя інтарэсы вышэй за ўласныя амбіцыі, эгаізм і меркантыльнасць. У апошнія дзесяцігоддзі існавання Рэчы Паспалітай ужо не было месца для існавання дзяржавы некалькіх народаў і веравызнанняў, планавалася ўжо не спантанная, а ўсвядомленая моўная асіміляцыя ўсіх непольскамоўных этнічных груп, у тым ліку і беларусаў. < ... > Нягледзячы на тое, што працэсы паланізацыі працягвалі адчувацца і ў XIX стагоддзі, падзелы Польшчы стварылі спрыяльную геапалітычную перспектыву развіцця беларускага народа, істотнае значэнне мела тая немалаважная акалічнасць, што ўсе беларускія землі ў канцы XVIII стагоддзя аказаліся ў межах адной дзяржавы  Расійскай імперыі».

Тут, як кажуць, без каментароў.

Адзначым яшчэ адну важную падзею, звязаную з дадзенай праблематыкай. 19 верасня 2022 года ў будынку Міністэрства замежных спраў РФ адбылося адкрыццё экспазіцыі, прысвечанай першаму падзелу Рэчы Паспалітай. На ёй былі прадстаўлены некаторыя дакументы, якія, паводле слоў міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова, «раней не пакідалі сховішчаў». Пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты ў адказ сказаў: «Мяркую, гэты перыяд (першага падзелу Рэчы Паспалітай. – Заўв. MediaIQ) пакуль недастаткова вывучаны. Даследчыкам трэба будзе яшчэ нямала папрацаваць, каб даць поўную карціну ўсіх аспектаў гэтых падзей...».


Глядзіце таксама

Тым не менш, Круты тут жа зрабіў выснову ў стылі Марзалюка: «Галоўныя ацэнкі падзей ужо зроблены і не падлягаюць рэвізіі. У Рэчы Паспалітай дэ-факта існаванне беларускага этнасу не прызнавалася. Мова, культура і праваслаўная вера фактычна знішчаліся на працягу двухсот гадоў... Знаходжанне беларускіх зямель у Рэчы Паспалітай нашымі гісторыкамі адназначна названа этнацыдам беларусаў».

Усё вышэй пералічанае паказвае тэндэнцыйнасць і антынавуковасць пры інтэрпрэтацыі падзей XVII-XVIII стст. з боку прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі. Беларусам жа варта радавацца вынікам навуковых даследаванняў навукоўцаў Яўгена Анішчанкі, Вадзіма Аніпяркова, Дзяніса Лісейчыкава, дзякуючы якім можна даведацца пра сапраўдную і аб'ектыўную гісторыю Беларусі ў перыяд позняй Рэчы Паспалітай.