«Мы былі простымі сялянамі, і нам было страшна жыць»

Аляксандра Грыцкевіч — унучка двух удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну. Нарадзілася ў 1943 годзе ў Вызне (цяперашняй Чырвонай Слабадзе). Па адукацыі — матэматык, атрымала дыплом Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Зараз жыве ў Мінску.

Бабуля Таццяна з дзецьмі

Бабуля Таццяна з дзецьмі


Нядаўна Аляксандра Грыцкевіч напісала кнігу пад назвай «Страта», дзе ўспаміны пра дзяцінства перамяжоўваюцца з каментарамі сталага сучаснага чалавека.

Спадарыня Аляксандра пражыла цэлае жыццё, практычна нічога не ведаючы пра сваіх дзядоў з боку маці і з боку бацькі, якія былі ўдзельнікамі Слуцкага збройнага чыну і загінулі ў Слуцкай турме. Маці ніколі нічога не распавядала дзецям, бо баялася, што яны прагаворацца, і сям’ю задзяў­буць як сваякоў ворагаў народа.

— Я даведалася пра лёс маіх расcтраляных дзядоў толькі ў 2012 годзе, дзякуючы мартыралогу «Картатэка Сталіна», размешчаным на сайце «Радыё Свабода», — распавяла Аляксандра Аляксандраўна. — Інфармацыя пра дзеда Мацвея з боку маці выглядала так: «Кірдзей Мацвей Кузьміч, нар. 1883 у м. Красная Слабада Бабруйскай акругі, беларус, з сялян, нясконч. пач. адук., брыгадзір к-су «Красная Слабада» ў м. Красная Слабада. Арыштаваны 37.08.23. Асуджаны 37.10.11 «тройкай» за бандытызм, за антысавецкую агітацыю паводле арт. 72 КК БССР да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Слуцкай турме 37.10.20. 89.04.28 Намеснік пракурора БССР. КГБ РБ 34586-с». А наогул усе дарослыя мужчыны Вызны былі за адну ноч арыштаваныя ў 1937 годзе. Некаторыя, як і мой дзед Кірдзей Мацьвей, былі хутка расстраляныя, а іншым далі розныя тэрміны ГУЛАГу ад 10 да 25 гадоў без права ліставання.

Тое ж тычыцца і майго дзеда па бацьку Грыцкевіча Васіля Аляксеевіча, які быў арыштаваны як польскі шпіён у жніўні 1938 года і памёр у Слуцкай турме 20 кастрычніка 1938 года. Відавочна, што яго закатавалі. У 1989 годзе яго справа была перагледжана і спынена.

— Чаму, на вашу думку, савецкая рэпрэсіўная машына не пакарала іх адразу, а чакала 17 гадоў?

— Як вядома, умовы Рыжскага міру ў 1921 годзе, які ўсталёўваў мяжу паміж Польшчай і Савецкай Расіяй, прадугледжвалі пункт аб прыпыненні выканання смяротных прысудаў, правядзенні поўнай амністыі за ўсялякія палітычныя «злачынствы» з абодвух бакоў. Гэты пункт дамовы дазволіў майму дзеду Мацвею Кірдзею пазбегнуць кары адразу і займець з 1921 па 1937 гады пецярых дзяцей. Старэйшая Маруся стала маёй маці.

Дзед Мацвей працаваў у калгасе конюхам. Ён здаў у калгас сваю пародзістую кабылу Каштанку, авечак, элітную карову. Меў павагу аднасяльчан, нават быў брыгадзірам. Нягле­дзячы на працоўныя заслугі, пазбегнуць арышту і заўчаснай смерці яму не ўдалося. Дарэчы, бабуля Таццяна верыла, што яму прысуджаны 25 гадоў без права перапіскі.

Мацвей Кірдзей у форме салдата царскай арміі і родны брат Таццяны Іван

Мацвей Кірдзей у форме салдата царскай арміі і родны брат Таццяны Іван

Сусед па вуліцы вярнуўся з Варкуты ў 1954 годзе і казаў, што нібы бачыў яго ў Варкуце. Магчыма, не хацеў, каб жанчына страціла надзею, а можа і памыліўся. Напрыканцы 1950-х гадоў мы атрымалі афіцыйную паперу, што Кір­дзей Мацвей рэабілітаваны пасмяротна без удакладнення месца і часу смерці. Нягле­дзячы на гэта бабуля да апошніх хвілін жыцця спадзявалася, што ён жывы. Яна памерла ў 1989 годзе, так і не дачакаўшыся вяртання мужа.

— Як бабуля і яе дзеці жылі ў тыя гады пасля арышту дзеда?

— Цяжкую сірочую долю можа зразумець толькі той, хто сам яе перажыў. Гэтыя цяжкасці перакінуліся на наступныя пакаленні, бо тое, што дзяды ашчаджалі для сваіх дзяцей, было вынішчана і развеяна.

Пасля арышту дзеда Кірдзея бабулю Таццяну з пяццю дзецьмі выселілі з іхняй прасторнай і дабротнай хаты, якую забралі пад калгасны клуб. Мнагадзетную сям’ю пасялілі ў маленькую хатку насупраць — з саламянай страхой і земляной падлогай. Я нарадзілася ў 1943 годзе ў гэтай хатцы і добра яе памятаю.

Уявіце сабе жыццё самотнай маці пецярых дзяцей, ад якіх забралі кармільца-гаспадара, бацьку. Ад ранку да цямна мнагадзетная маці мусіла працаваць у калгасе. Не было аніякіх дзіцячых садкоў, дый аніякай спагады. Малодшы Косцік бег да мамы Таццяны праз сена­жаць — маленькі, у траве не было відаць. І яму касілкай адрэзала нагу. Пасля ён да канца жыцця хадзіў на пратэзе. А памёр ён у 33 гады.

За непасільную працу мела так званыя «палачкі», якімі ў сшытках адзначалі выхады на працу. Замест збожжа на працаднi атрымлівалі «гірсу». Гэта была мяшанка з мякіны і пашкоджаных зярнятак. Садовыя дрэвы і кусты спілавалі, бо за кожнае дрэва ці куст трэба было плаціць падатак. А як карміць, апранаць, гадаваць дзяцей?

Быў яшчэ і такі здзек: бабулю Таццяну хацелі паслаць на выставу дасягненняў калгаснай гаспадаркі з былой іхняй, а зараз калгаснай, элітнай каровай у Маскву. Карова ў калгасным статку слухалася толькі Таццяну. Бабуля адмовілася — не магла прабачыць тое, што забралі гаспадара. За гэта ёй дадалі дадатковых калгасных абавязкаў.

— Як ставіліся суседзі і ро­дзічы да сваякоў ворага народа?

— Мая маці, Маруся, была старэйшая, мусіла даглядаць малодшых дзяцей і хатнюю гаспадарку. Была вельмі здольная да вучобы і ў школе вучылася на «выдатна». Пасля таго, як Маруся скончыла сямігодку, Таццяна пазычыла грошай на білет і адправіла дачку для далейшай вучобы ў Ленінград. Таццяна добра помніла, як Мацвей пры развітанні наказваў: «Глядзі, вучы Марусю».

Дык вось, у Ленінградзе жыў Таццянін старэйшы брат Іван, які працаваў дырэктарам тэкстыльнай фабрыкі. Інжынерную адукацыю атрымаў яшчэ да рэвалюцыі. Да арышту Мацвея кожнае лета прыязджаў з жонкаю ў Вызну, дапамагаў па гаспадарцы, прывозіў падарункі.

Але адразу пасля арышту, як толькі Маруся прыехала ў Ленінград, адразу купіў ёй білет дадому і афіцыйна адмовіўся ад роднай сястры, ад сям’і «ворагаў народа». Праз многа гадоў, калі я вучылася ў Піцеры, бабуля Таццяна давала мне адрас, прасіла даведацца, як яму жывецца, але я, пакрыўджаная тым адцураннем, туды не пайшла.

Не лепшым было і жыццё маёй бабулі па бацьку Аляксандры Грыцкевіч. З дзевяці народжаных дзяцей да дарослага стану дажылі шасцёра.

Мама атрымала на ўсё жыццё псіхалагічную траўму пасля арышту дзеда і баялася нам, дзецям, штосьці расказваць. Адно казала: «Мы былі простымі сялянамі, і нам было страшна жыць».

Сям'я Аляксандры Грыцкевіч

Сям'я Аляксандры Грыцкевіч

Падчас вайны бацька быў у партызанах. Маці была партызанскай сувязной. У лес сыхо­дзілі напрыканцы 1942 — пачатку 1943 гадоў, калі немцы пачалі лютаваць. Маці з бацькам пабраліся ў 1942 годзе, каб пазбегнуць угону ў Германію. Жанатых немцы не бралі.

Пасля вайны мае бацькі ўладкаваліся на працу спачатку ў Клецку. Бацька працаваў там раённым меліяратарам, рабіў мапы мясцовасці, маці — настаўніцай пачатковых класаў. Маці — Марыя Мацвееўна Грыцкевіч — за сваю плённую працу была ўзнагароджана граматай Вярхоўнага Савета БССР. Ёй прысвоена ганаровае званне «Заслужаны настаўнік БССР».

— Што б вы хацелі сказаць нашым суграмадзянам?

— Маё сэрца да гэтага часу плача над разбураным лёсам нашай сям’і і нашай роднай Беларусі. У думках і ўспамінах нарадзіліся радкі верша:

 

Маё сэрца баліць, як рана,

Не сціхае ні на мінутку.

Як імжа паяднана з туманам,

Так і боль перавіты са смуткам.

Ветры цёмныя хмары развеюць.

Сонца ў небе. Прырода смяецца.

Толькі смутак з журбой мацнеюць.

Боль пакіне, як спыніцца сэрца.

 

З нас зрабілі іванаў, якія не помняць сваёй радні. Не забывайцеся пра тых, хто змагаўся і аддаў сваё жыццё за Беларусь. Збірайце паўсюль маленькія залатыя парушынкі звестак пра іх у адну вялікую Кнігу нашай гісторыі...

Маю надзею, што новая генерацыя маладых беларусаў, якія прысутнічалі на ўгодках Слуцкага збройнага чыну, уратуюць Беларусь ад асіміляцыі і поўнага знішчэння.