«Мы ганарымся» — бацькі і жонка распавялі пра затрыманага па справе «Белага легіёну» Віктара Мароза
Чацьвёрты тыдзень трохагдовы Ярамір ня можа дачакацца, каб
пасьля працы дахаты вярнуўся ягоны тата. З СІЗА КДБ ад Віктара Мароза
толькі прыходзяць лісты з казкамі пра эльфаў і малюнкамі Сонечнай
сыстэмы. Жонка і бацькі затрыманага па справе «Белага легіёну» распавялі
Свабодзе, чаму яны чакалі затрыманьня.
Гэта патрыятызм, у тым рэчышчы, у якім мы выхоўвалі сына
«Калі я толькі пачуў пра гэтую справу, я чакаў, што па сына прыйдуць, — распавядае пра Віктара бацька Генадзь Мароз. — Пад яе могуць узяць усіх, хто засьвяціўся».
«Белы легіён» у сям’і ведаюць. Калі Віктар вучыўся ў старэйшых клясах, ён уваходзіў у арганізацыю. Але ні тады, ні цяпер бацькі не лічылі «Белы легіён» шкодным.
«Я ня бачыў нічога такога, чаму мой сын ня можа быць там, — кажа Генадзь Барысавіч. — Гэта патрыятызм у тым рэчышчы, у якім мы яго выхоўвалі. Я бачыў, што ён знайшоў сябе. Знайшоў сапраўдных таварышаў».