Зянон Пазняк хоча вярнуцца ў актыўную палітыку?
Пазняк ва Украіне спрабуе асвяжыць і ўзмацніць вобраз самага пасіянарнага і паслядоўнага антыімперскага палітыка. Пра гэта Аляксандр Класкоўскі праспавёў «Филину».
Ужо тыдзень лідар КХП-БНФ Зянон Пазняк знаходзіцца ва Украіне. Палітык, які прадстаўляе рух «Вольная Беларусь», сустрэўся з суайчыннікамі і з украінскімі дэпутатамі ў Кіеве, узяў удзел у памінальнай імпрэзе ў Львове да гадавіны паўстання Кастуся Каліноўскага, а таксама перадаў беларускім добраахвотнікам ад «Вольнай Беларусі» аўтамабіль і беспілотнік.
Пабываў і на фронце — па сацсетках разляцеўся здымак з Бахмута, на якім Пазняк аглядае пазіцыі палка К*ліноўскага.
Якія задачы, акрамя палітычнага піяру, вырашае гэты візіт і які вынік ён можа прынесці беларусам, «Филин» абмеркаваў з палітычным аглядальнікам праекта @pozirkonline Аляксандрам Класкоўскім.— Для мяне відавочна, што Зянон Пазняк хоча асвяжыць свой імідж і вярнуцца ў актыўную палітыку.
Гэта сапраўды легендарная фігура. Думаю, што наступныя пакаленні беларусаў будуць пра яго чытаць у падручніках. Ён увайшоў ужо ў гісторыю Беларусі: Пазняк і яго паплечнікі з БНФ дзеля атрымання краінай незалежнасці, дзеля прасоўвання нацыянальнай ідэі ў гады гарбачоўскай перабудовы і на пачатку 90-х зрабілі вельмі багата.
Але потым уплыў БНФ з шэрагу прычын пачаў згасаць, Зянон Пазняк быў вымушаны эміграваць, і з цягам часу яго вобраз, шмат у чым высілкамі ягоных крытыкаў і нядобразычліўцаў, стаў трошкі карыкатурным. Маўляў, сядзіць чалавек недзе за акіянам, шле дасюль факсы сваім паплечнікам, прасоўвае замшэлыя лозунгі і пры гэтым пасварыўся амаль што з усімі апазіцыйнымі палітыкамі, заклеймаваўшы іх як «агентаў».
Безумоўна, такі імідж, які склаўся ў часткі апазіцыйнай публікі, Пазняку не даспадобы, і ён хоча зноў выглядаць актыўным, энергічным і смелым дзеячам-практыкам. Калі трошкі іранічна перафразаваць савецкую песню пра Леніна — атрымаецца «і Зянон такі малады».
Ніколькі не сумняваюся, што Пазняк шчыра зычыць Украіне перамогі ў гэтай вайне. Але разам з тым цалкам натуральна, што ён, як любы палітык, трымае ў галаве і піяраўскія мэты.
Украінская тэма ў гэтым плане вельмі выйгрышная, кажучы цынічнай мовай паліттэхнолагаў: гэта вайна з імперыяй, а для Зянона Пазняка антыімперскія лозунгі — улюбёны канёк, ён у гэтым кантэксце пачуваецца як рыба ў вадзе, натхняецца, выглядае пасіянарна.
Трэба аддаць належнае, зазначае эксперт, і таму факту, што калі раней «Вольная Беларусь» выглядала збольшага віртуальнай структурай, то цяперашняя паездка напаўняе дзейнасць руху пэўнай канкрэтыкай.
Перадача аўто і беспілотніка беларускім добраахвотнікам, выступленне ў Львове да 160-годдзя паўстання Каліноўскага, дый візіт у Бахмут, 78-гадовы Зянон Пазняк у сваім легендарным плашчы і бронекамізэльцы — усё гэта дэманструе актыўнасць, смеласць палітыка і робіць эфектнае ўражанне.
— З гледзішча піяру ўсё тут зроблена вельмі пісьменна і дакладна, — мяркуе Аляксандр Класкоўскі. — Тое ж можна сказаць і пра сустрэчу з тройчы параненым беларускім добраахвотнікам Дзянісам Урбановічам — вельмі прадуманы элемент турнэ, якое працуе на мэту асвяжыць і ўзмацніць вобраз самага нязломнага і паслядоўнага антыімперскага палітыка.
За гэта нельга кідаць камяні ў Пазняка: любы палітык, што б ён ні казаў і ні рабіў, заўжды параллельна вырашае пытанні свайго рэйтынгу, імкнецца павысіць сваю папулярнасць.
Ва ўкраінскім візіце, лічыць эксперт, крыху насцярожвае іншы аспект — своеасаблівыя палітычныя гульні вакол палка К*ліноўскага. За кошт яго заслужанага баявога аўтарытэту розныя палітычныя сілы, падобна, хочуць узняць свае акцыі.
— Так, мы бачым, што каманда Святланы Ціханоўскай ужо даволі доўгі час, але не вельмі паспяхова спрабуе завязаць стасункі з палком. Аднак нават былы бравы вайсковец Валер Сахашчык, «міністр абароны» ў Аб'яднаным пераходным кабінеце, здаецца, так і не наладзіў дастаткова канструктыўных кантактаў з палком (цяпер Сахашчык спрабуе стварыць нейкае іншае добраахвотніцкае вайсковае фарміраванне ва Украіне, але, відаць, гэта не вельмі проста).
На фоне гэтага, груба кажучы, аблому каманды Ціханоўскай Пазняк, які з'яўляецца яе актыўным крытыкам і нават прарочыць ёй суд у новай Беларусі, магчыма, выкарыстоўвае ўсталяванне сувязяў з палком К*ліноўскага і ў мэтах палітычнай барацьбы. Ва ўсякім разе, вонкава выглядае так, што ідзе саперніцтва за ўвагу і прызнанне з боку палка.
Тут, на думку Аляксандра Класкоўскага, можа палягаць адмоўны момант — правакаванне далейшага расколу ў дэмакратычных сілах. Чым далей, тым мацней у адрас Ціханоўскай і яе паплечнікаў гучыць крытыка. Гэта можна патлумачыць завышанымі чаканнямі, бо ў цяперашніх умовах ніводны з палітыкаў, не толькі Кабінет, не здолеў прапанаваць якой-небудзь цудадзейнай стратэгіі скідання рэжыму, але час ідзе, рэальных вынікаў няма, і гэта вядзе да расчаравання і кідання камянёў у гарод Ціханоўскай і яе паплечнікаў.
— Разам з тым Ціханоўская ўсё ж застаецца сімвалам дэмакратычных сіл, у яе захоўваецца пэўная легітымнасць і палітычны капітал. Пры тым, што выбары былі сфальсіфікаваныя, відавочна, што мільёны беларусаў галасавалі ў 2020 годзе за яе, — разважае эксперт.
Гэты палітычны капітал можна, канечне, пакрысе зруйнаваць у міжусобнай палітычнай барацьбе, але ці паўстане нейкі бясспрэчны лідар, нейкая новая моцная палітычная структура на гэтым месцы — наконт гэтага ёсць вялікае пытанне.
Можа атрымацца тая ж «феадальная раздробленасць», што назіралася і ў старой беларускай апазіцыі, дзе было мноства партый, рухаў, ствараліся і тут жа распадаліся сітуацыйныя кааліцыі — а рэжым гэтым напоўніцу карыстаўся.
Вось і цяпер ёсць небяспека, што гульні вакол палка К*ліноўскага нікому з беларускіх апазіцыйных палітыкаў і ўвогуле беларускаму дэмакратычнаму руху карысці не прынясуць, а нашкодзіць могуць.
Тым больш што пры ўсёй павазе да Зянона Пазняка варта зазначыць: у яго ёсць схільнасць клеймаваць як ворагаў шмат каго з апазіцыйнага лагера — і тых, хто ў Беларусі, і тых, хто за мяжой, і тых, хто ў турме. А з гэтай асаблівасцю ягонага палітычнага стылю праблематычна стварыць моцную палітычную кааліцыю дэмсіл. Цяжка бачыць у гэтай асобе патэнцыйнага інтэгратара.
І ўсё ж, падкрэслю, пры ўсіх «але» мяркую, што паездку Зянона Пазняка ва Украіну варта ацэньваць у пазітыўным ключы. Тое, што патрыярх беларускай палітыкі паказвае прыклад актыўнасці, асабістай мужнасці і канкрэтнай дапамогі Украіне, само па сабе можна толькі вітаць. Абы толькі гэта ішло на карысць, а не падштурхоўвала да расколу дэмакратычных сіл.
Што да магчымай рэакцыі беларускіх улад на візіт Пазняка ва Украіну, то суразмоўца “Филина” мяркуе, што сама паездка не так напружвае рэжым, як уласна наяўнасць палка К*ліноўскага і іншых добраахвотніцкіх фарміраванняў беларусаў.
— Як ні парадаксальна, але з апазіцыйных палітыкаў, здаецца, толькі Пазняк не аднойчы зарабляў кампліменты з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі, — нагадвае эксперт.— Хто-ніхто з гэтай нагоды з'едліва зазначаў, што палітычныя процілегласці ў нечым сыходзяцца.
Гэты штрых па-свойму паказальны: напэўна, улады таксама бяруць пад увагу, што сваімі заявамі і дзеяннямі Пазняк іншым разам здольны стварыць яшчэ болей напружаную атмасферу ўнутры дэмакратычнага лагера.
Але ў прынцыпе тое, што апазіцыя зрабіла стаўку на сілавы сцэнарый перамен у Беларусі, што з'явілася рэальная ўзброеная сіла, якая кажа пра сваю гатоўнасць удзельнічаць у змаганні за новую Беларусь, думаю, выклікае пэўную трывогу ва ўладных вярхах.
Гэта бачна па заявах Лукашэнкі, яго атачэння і прапаганды, па захадах сілавікоў, якія фарміруюць спецпадраздзяленні на выпадак, калі «баевікі зойдуць на тэрыторыю Беларусі». Нават агучваліся патэнцыйныя сцэнарыі захопу Маларыты і далейшага наступу на Мінск.
Хаця, мяркую, улады, магчыма, не столькі паказваюць спалох, колькі выкарыстоўваюць гэты чыннік, каб дэманізаваць сваіх палітычных праціўнікаў і напалохаць абывацеля прывідам вайны, страх і непрыманне якой зашыты ў беларусаў у падкорцы.
Пры тым не варта забываць, што Кіеў вядзе ўласную закулісную гульню з Мінскам і што полк К*ліноўскага — гэта найперш частка Узброеных сіл Украіны. Таму яго палітычная аўтаномнасць і перспектыва самастойных дзеянняў у кантэксце вызвалення Беларусі выглядаюць на сёння дастаткова спрэчна.