Зянон Пазняк прыехаў у Бахмут разам з ваярамі палка Каліноўскага
Лідар КХП-БНФ працягвае свой візіт ва Украіну. На гэты раз беларускі палітык трапіў у самае гарачае месца на фронце.
Зянон Пазняк ужо сустрэўся з байцамі палка Каліноўскага, украінскімі палітыкамі і даў больш за 20 інтэрв'ю ўкраінскім СМІ ў Львове і Кіеве.
Нагадаем, нядаўна Зянон Пазняк у Львове на Лычакаўскіх могілках ушанаваў памяць удзельнікаў паўстання Каліноўскага.
«Сёння мы сабраліся, таму што над намі, калі зноў пагражае гэты вораг усім нам, над намі вісіць дух гэтых паўстанцаў, якія пайшлі на смерць, каб гэты дух падымаў цэлыя пакаленні. Кастусь Каліноўскі, які ўзначальваў паўстанне на Беларусі, перад шыбеніцай напісаў ліст да народа, які заканчваўся вешчымі словамі: тады, народзе, будзеш свабодны, калі над табой маскаля ўжо не будзе. Гэты запавет людзей, якія пайшлі на смерць, важны цяпер і для нас», — сказаў Зянон Пазняк на акцыі памяці.
«Патрэбна дапамога ўкраінцам, каб гэты мордар быў разбіты. І мы мусім вярнуцца да таго, што было ў пачатку. І зараз аб гэтым гаворыцца ў Польшчы, аб тым, каб Усходняя Еўропа аб’ядналася, каб была Балта-чарнаморская супольнасць. І тады Усходняя Еўропа будзе прыкладам для ўсёй Еўропы», — перакананы ён.
«Так будзе, бо ва Усходняй Еўропе кіруюцца не толькі рацыяй, але і сэрцам. Хай жа гэты сцяг будзе для нас сімвалам, як трэба змагацца і як трэба перамагаць адвечнага ворага — расійскі імперыялізм. Усімі сіламі дапамагайма Украіне! Слава Украіне! Героям слава!» — заклікаў Зянон Пазняк.