Валер Карбалевіч: Беларусь уступае ў перыяд трансферу ўлады
Упершыню больш-менш дакладна Лукашэнка прагаварыў, што пасля рэферэндуму аб Канстытуцыі Беларусь чакаюць датэрміновыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары, піша «Свабода».
Сцісла:
- Магчыма, такі план і ёсць галоўным вынікам перамоў у Сочы.
- Беларусь уступае ў цэлы шэраг электаральных кампаній: мясцовыя выбары, рэферэндум па Канстытуцыі, прэзідэнцкія выбары, парламенцкія выбары.
- Кіраўніцтва рэжыму імкнецца зрабіць гэты працэс абсалютна кантраляваным. Таму ліхаманкава ладзіць татальную зачыстку грамадства.
- Лукашэнку неабходна вызначыцца з пераемнікам. І зрабіць гэта дзесьці да канца году.
- Краіну чакае вельмі драматычны перыяд.
«Ніякага трансферу ўлады быць у Беларусі не можа», — сказаў Лукашэнка. І ўдакладніў дэталі гэтага самага трансферу 2 сакавіка падчас нарады, у якой удзельнічалі прэм’ер Раман Галоўчанка, міністр абароны Віктар Хрэнін, дзяржсакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч і начальнік дэпартаменту міжнароднага супрацоўніцтва Алег Воінаў.
Лукашэнка сказаў: «Канстытуцыю мы прымем, як я казаў, у студзені-лютым наступнага года... Усе, нават вы ўчатырох (удзельнікі нарады), вы можаце ўдзельнічаць у гэтых выбарах пасля Канстытуцыі — і ў парламенцкіх, і ў прэзідэнцкіх».
Упершыню больш-менш дакладна Лукашэнка прагаварыў, што пасля рэферэндуму аб Канстытуцыі Беларусь чакаюць датэрміновыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. То-бок, да 2025 году ён сядзець у крэсле прэзідэнта не збіраецца.
Як усім вядома, Лукашэнка — гаспадар свайго слова, усё яшчэ можа шмат разоў памяняцца. Не будзем таксама забываць пра яго намеры застацца пры ўладзе з дапамогай схемы Усебеларускага народнага сходу. Але ніхто яго за язык не цягнуў, ён сам гэтыя словы прамовіў.
Магчыма, такі больш-менш дакладны план і ёсць галоўным вынікам перамоў у Сочы. Невыпадкова, што Лукашэнка так настойліва сцвярджае, што тэма «трансферу ўлады» ў Беларусі падчас сустрэчы з Пуціным не абмяркоўвалася. Калі ён нешта настойліва адмаўляе, то варта якраз на гэта звярнуць увагу.
Што ўсё гэта азначае?
Найперш, Беларусь уступае ў цэлы шэраг электаральных кампаній: мясцовыя выбары, рэферэндум па Канстытуцыі, прэзідэнцкія выбары, парламенцкія выбары. Ва ўмовах палітызаванага грамадства гэта азначае перманентны палітычны крызіс. Мы памятаем, чым скончылася прэзідэнцкая кампанія мінулага году. А тут цэлыя чатыры кампаніі адразу. Нават калі іх і паспрабуюць сумясціць.
Відавочна, кіраўніцтва рэжыму імкнецца зрабіць гэты працэс абсалютна кантраляваным. Таму ліхаманкава ладзіць татальную зачыстку грамадства. Магчыма, паспрабуюць увогуле закрыць магчымасць удзельнічаць у выбарах апанентам рэжыму. Не перарэгіструюць апазіцыйныя партыі. Разбураць інфраструктуру пратэсту. Вось 2 сакавіка адбыліся затрыманні адміністратараў раённых і профільных тэлеграм-чатаў. Садзяць за краты незалежных журналістаў. Дайшла чарга і да палітолагаў, іх забіраюць на вайсковыя зборы.
Але ёсць вялікія сумневы, што ўладам удасца правесці электаральныя кампаніі ў стэрыльных умовах.
Яшчэ адна праблема, якая паўстае перад Лукашэнкам. Яму трэба вызначыцца з пераемнікам. І зрабіць гэта дзесьці да канца года. Бо патрэбны час, каб яго «раскруціць». Усё ж нават на выбарах пад кіраўніцтвам Лідзіі Ярмошынай патрэбна нейкая электаральная падтрымка кандыдата ў прэзідэнты.
І як павядзе сябе наменклатура, сілавікі пасля таго, як Лукашэнка публічна заявіць, што ён сыходзіць з пасады прэзідэнта і не ўдзельнічае ў новых выбарах? Гэта вялікае пытанне.
Увогуле, сам па сабе трансфер улады ва ўмовах жорсткага персаналісцкага рэжыму правакуе палітычны крызіс. А калі дадаць сюды абуджанае грамадства, якое прэтэндуе на статус суб’екта палітыкі, то краіну чакае вельмі драматычны перыяд.