Ва Украіне збіраюць подпісы за разрыў дыпламатычных адносін з Беларуссю
На сайце прэзідэнта Украіны зарэгістраваная петыцыя з заклікам разарваць дыпламатычныя адносіны з Беларуссю. Яе ініцыятарам стаў дэпутат украінскай Вярхоўнай Рады, старшыня міжфракцыйнага аб'яднання «За дэмакратычную Беларусь» Аляксей Ганчарэнка.
У петыцыі адзначана, што пасля фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе Беларусь знаходзіцца пад уладай дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі. На гэты момант краіна дэ-факта страціла дзяржаўнасць і незалежнасць і знаходзіцца пад поўным кантролем Расіі. 24 лютага 2022 года Беларусь стала плацдармам для расійскіх сіл. Войскі РФ пачалі наступ на Кіеў менавіта з тэрыторыі Беларусі.
«Адтуль прыйшлі тыя, хто здзяйсняў генацыд украінцаў у Ірпені, Бучы і Гастомелі», — зазначана ў дакуменце.
Як канстатуецца ў петыцыі, цяпер на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца каля 11 тысяч расійскіх вайскоўцаў, а таксама ваенная тэхніка і самалёты. Усяго колькасць авіяцыі, якая знаходзіцца на аэрадромах Беларусі, налічвае не меней за 50 адзінак.
«У Беларусі пастаянна праходзяць вучэнні з удзелам краіны-тэрарыста. Так, з 16 студзеня пачалося чарговае сумеснае авіяцыйнае навучанне, а паблізу мяжы размясцілі авіяцыю РФ. Таксама з тэрыторыі Беларусі ўсё яшчэ ёсць пагроза наступу. Лукашэнка працягвае рабіць неадназначныя заявы, пагражаючы ўладам Украіны і пастаянна нагнятае сітуацыю. І адначасова з гэтым у Мінску да гэтага часу знаходзіцца ўкраінскі амбасадар і мы захоўваем дыпламатычныя адносіны з нелегітымным рэжымам Лукашэнкі», — гаворыцца ў петыцыі
Аляксей Ганчарэнка адзначае, што ён, як дэпутат і старшыня міжфракцыйнага аб'яднання «За дэмакратычную Беларусь», неаднаразова падкрэсліваў неабходнасць разрыву дыпламатычных стасункаў з рэжымам Лукашэнкі — яшчэ да пачатку паўнамаштабнага ўварвання. Але да гэтага часу тое не было зроблена.
«Менавіта таму мы разам з грамадскасцю звяртаемся да прэзідэнта Украіны і патрабуем адклікаць амбасадара і разарваць дыпламатычныя адносіны з Беларуссю і нелегітымным рэжымам Лукашэнкі», — тлумачыць ён.
У дзень апублікавання петыцыю падпісала больш за 300 чалавек. Калі за 90 дзён яна набярэ 25 тысяч подпісаў, то прапанову адправяць на разгляд прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.