Справа Юрася Зянковіча, Аляксандра Фядуты, Рыгора Кастусёва перададзеная ў суд
Генеральная пракуратура перадала справу Юрася Зянковіча, Аляксандра Фядуты, Рыгора Кастусёва ў суд
Генеральная
пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу паводле абвінавачвання Юрася
Зянковіча, Аляксандра Фядуты, Рыгора Кастусёва ў змове, учыненай з мэтай захопу
дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса
Рэспублікі Беларусь); Вольгі Галубовіч і Дзяніса Краўчука — за актыўны ўдзел у
групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342
Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Пра гэта паведамляецца ў
тэлеграм-канале Генпракуратуры
Адначасова Юрасю Зянковічу інкрымінаваныя:
- стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва такім фарміраваннем (ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь);
- публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, распаўсюджванне матэрыялаў, якія змяшчаюць такія заклікі, учыненыя з выкарыстаннем глабальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь);
- распальванне сацыяльнай варожасці, здзейсненае групай асоб (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).
Генеральная пракуратура заявіла: «вывучэнне матэрыялаў справы паказала, што папярэдняе расследаванне па ім праведзенае ўсебакова, поўна і аб'ектыўна, а прад'яўленае абвінавачванне абгрунтавана сабранымі доказамі».
Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці следчага ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі.
Таксама адзначаецца, што пры накіраванні крымінальнай справы ў суд намеснік генеральнага пракурора пакінуў без змены раней абраную ў дачыненні да абвінавачаных меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.