Спачатку «амерыканка», потым — Дубай. Як Пратасевіч «ратуе» беларускую палітыку

Пасадка самалёта была добрай ідэяй, эфектнай. Але жаданне дастаць Пратасевіча зламала ўсё, што да таго яшчэ можна было выправіць. Цяпер жа Пратасевіча адправілі «склейваць» тое, што ўжо не склеіш.

Раман Пратасевіч у 2019 годзе. Фота: spring96.org

Раман Пратасевіч у 2019 годзе. Фота: spring96.org

Гледзячы на Рамана Пратасевіча, які вяшчае ва ўсіх тэлевізарах краіны, разумееш, наколькі глыбокая, праніклівая і дальнабачная палітыка беларускіх уладаў. Ніколі просты беларускі зваршчык, які раскаяўся, не змог бы весці стрымы для беларускага тэлебачання з Дубая, калі б улады ў 2021 годзе не вырашылі прымусова пасадзіць самалёт «Ryanair».

А цяпер усё. Кола замкнулася. Дзеля арышту Пратасевіча ўлады паламалі адносіны з Захадам, а цяпер Пратасевічам спрабуюць іх выправіць, піша Андрэй Бранішэўскі на «PLan B».

Што пайшло не так?

У траўні 2021 года ў беларускіх уладаў былі ўсе шанцы зайсці на новае кола геапалітычных манеўраў. Усё-ткі вызваляць палітвязняў прасцей, калі іх дзясяткі. Тысячы палітвязняў вызваляць значна цяжэй.

Зноў жа, за апошнія чатыры гады саджаць людзей улады прывыклі, а вызваляць — не вельмі. Чатыры гады беларуская стабільнасць трымалася на масавых арыштах, так што масавых вызваленняў стабільнасць можа і не вытрымаць.

І санкцыі маральна-псіхалагічнай уласцівасці лягчэй адмяняць, чым аднаўляць доступ беларускім калійным угнаенням да балтыйскіх партоў. Тым больш, што ў беларускіх уладаў на той момант не было цяжкага статусу саўдзельніка расійскай ваеннай агрэсіі.


Глядзіце таксама

Але замест таго, каб зайсці на новае кола, Лукашэнка захацеў сабе блогера. Па-першае, блогер патрэбны быў для залечвання душэўных ран, якія засталіся пасля пратэстаў 2020 года. Па-другое, пасадка самалёта павінна была ўсіх напалохаць няўхільнасцю беларускай адплаты. А па-трэцяе, хацелася не мірнага працэсу, а ўтаймавання Еўропы. Каб еўрапейскія лідары на каленях паўзлі прасіць да мяжы прабачэння.

Рана не зарасла, ніхто не напалохаўся, Еўропу ўтаймаваць не атрымалася. Замест гэтага беларускія ўлады атрымалі бан на авіяпералёты. А галоўнае — запусцілі санкцыйныя працэсы на поўную моц. Да пасадкі самалёта можна было здаць назад. Пасля пасадкі здаць назад стала ўжо цяжэй.

Кейсам Пратасевіча ўлады паламалі ўсё, што можна было выправіць. І не атрымалі наўзамен нічога, акрамя сумнеўнага маральнага задавальнення. Палонны блогер аказаўся не козырам, а так. Чамаданам без ручкі. Несці нязручна, а галоўнае — незразумела навошта. Але кінуць усё роўна шкада. Атрымаецца, што дарма стараліся.

І вось цяпер

За апошнія тры гады Пратасевіча да чаго толькі ні спрабавалі прыстасаваць. Што характэрна, кожны раз да чаго-небудзь вельмі рознага. Вось мы адпускаем блогера, каб ён увасабляў свету міласэрнасць і дэманстраваў шлях правільнага пакаяння. Але штраф не здымаем, каб усе бачылі, што няўхільнасць пакарання няўхільная. А потым усё-ткі адмяняем, таму што спадзяемся, што гуманізм знойдзе попыт.

Вось блогер адкрывае свой канал, каб усе бачылі, што шчырае пакаянне перад тым, хто пакаяўся, адкрывае найшырэйшыя магчымасці. А потым закрывае канал і ідзе вучыцца на зваршчыка. Таму што віну трэба выкупаць сумленнай працай на карысць дзяржавы. А блогерствам віну выкупаць не трэба.

Але ні з адным з увасабленняў не задалося. Таму, урэшце, Пратасевіча засунулі ў заводскія цэхі да лепшых часоў, бо больш яго падзець усё адно не было куды. А цяпер улады чамусьці вырашылі, што прыдатныя часы надышлі. Што Пратасевічам можна будзе паправіць тое, што да гэтага Пратасевічам і паламалі.


Глядзіце таксама

Таму Пратасевіча выпусцілі з цэха, памылі, апранулі і адправілі ў Дубай, каб ён расказаў, як Захад не хоча размаўляць з беларускай апазіцыяй, а хоча замест гэтага размаўляць з беларускімі ўладамі. Таму што аповеды пра таемныя спружыны еўрапейскай палітыкі з Дубая глядзяцца, вядома, эфектней, чым з «амерыканкі» або заводскага цэха. І каму як ні зваршчыку электрамеханічнага завода імя Казлова ведаць, з кім Захад хоча размаўляць, а з кім — не вельмі.

Дасталі Пратасевіча, вядома, не ад добрага жыцця. Проста няма каго больш прад'явіць.  Геапалітычную арыентацыю хочацца злёгку скарэктаваць, а карэктаваць яе няма каму. Вось уся надзея, што які-небудзь зацікаўлены бок заўважыць стрым з Дубая і расшыфруе ў ім таемныя сігналы.

Праўда, калі б самалёт не пасадзілі, то і на Дубай для Пратасевіча марнавацца б не давялося. А так да ідэі пасадкі самалёта прэтэнзій, вядома, няма. Гэта быў цудоўны план. Надзейны, як швейцарскі гадзіннік.