Шміт, Чэчка, Пратасевіч, Васкрасенскі. Чаму ў Лукашэнкі нічога не атрымалася з перабежчыкамі

Беларускі рэжым выкарыстоўвае былога польскага суддзю Томаша Шміта як чырвоную анучу: пазлаваць польскага быка, пастаянна размахваючы ёй за плотам. Рамана Пратасевіча памілавалі і выкінулі. Зорка Юрыя Васкрасенскага закацілася вельмі хутка. Польскі дэзерцір Эміль Чэчка пражыў у Беларусі каля чатырох месяцаў.

Фота з тэлеграм-канала, які ў Беларусі завялі для Томаша Шміта

Фота з тэлеграм-канала, які ў Беларусі завялі для Томаша Шміта

Былога польскага суддзю Томаша Шміта працаўладкавалі ў дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА. Ён называе сябе журналістам і публіцыстам і збіраецца браць інтэрв'ю ў запрошаных гасцей. У першым выпуску ютуб-канала былы суддзя пагаварыў з Матэвушам Ярасевічам, які пісаў лісты Пуціну і Лукашэнку.

6 траўня Шміт даў прэс-канферэнцыю ў Мінску, на якой папрасіў палітычнага прытулку, бо зазнаў «пераслед і пагрозы за самастойную палітычную пазіцыю».

Акруговы суд Варшавы выдаў ордэр на яго арышт. Супраць яго распачатая крымінальная справа за шпіянаж.

Якую ролю Томаш Шміт выконвае пад дырыжорствам беларускіх спецслужбаў? Выданне bgmedia.site абмеркавала гэта з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

— Шміт павінен адпрацоўваць укладзенае. Яго водзяць па савецкім сцэнары: ён адкрывае для сябе Беларусь, і на правах чалавека, які прыехаў з варожага свету, распавядае, як усё добра на «новай радзіме». Для гэтага Шміт будзе выкарыстоўвацца і ў далейшым.

Зразумела, ніякіх тэкстаў ён не пісаў і не піша, яго проста выкарыстоўваюць як шырму для правядзення сваіх наратываў. Відавочна, беларускі рэжым не змог больш нічога выціснуць з яго, калі выкарыстоўваюць яго на такіх прапагандысцкіх пачатках.

Але так доўга працягвацца не можа. У рэжыму нічога не атрымалася з перабежчыкамі: і з Пратасевічам нічога не выйшла, хоць у яго непараўнальна большы патэнцыял журналіста і публіцыста, ды і жаданне супрацоўнічаць дэманстраваў. Зорка Васкрасенскага вельмі хутка закацілася.

У Шміта ёсць свая асаблівасць — ён замежнік. Калі папярэднія перабежчыкі былі рускамоўнымі, то Шміт не гаворыць на рускай мове. Яго нельга пускаць на тэлебачанне: усе кантакты з публікай ажыццяўляюцца толькі праз перакладчыка. Тэксты пісаць? Нейкі час можна выдаваць «Беларусь вачыма Шміта», але паступова яго прапагандысцкая прывабнасць спадзе. Яна ўжо, уласна кажучы, спала: ніхто асабліва не стане яго чытаць. Уся экзотыка, звязаная са Шмітам, ужо прайшла.

Вядома, Шміт можа вывучыць рускую мову, але на гэта спатрэбіцца час. Але справа нават не ў гэтым: Шміт — вельмі карыкатурны персанаж. Яго паказалі 9 траўня, апранулі ў георгіеўскія стужачкі — ён служыць для падмацавання наратываў афіцыйнай прапаганды. Але той жа Пратасевіч — фігура значна прывабная, і з яго нічога не выйшла. Не выглядае так, што Шміт змог даць спецслужбам вялікую колькасць цікавай і важнай інфармацыі, якую маглі б выкарыстоўваць, таму і засунулі яго ў прапагандысцкую бочку. Агент, як правіла, адначасова не з'яўляецца прапагандыстам. Калі не агент, дык прапагандыст: ёсць жа радыё, якое вяшчае на польскай, могуць зрабіць яму ютуб-канал, у якім будзе распавядаць нешта па-польску.


Глядзіце таксама

— Дэзерцір Эміль Чэчка пратрымаўся ў Беларусі чатыры месяцы: 16 снежня 2021 года збег у РБ, а 17 сакавіка 2022 года яго знайшлі павешаным па месцы жыхарства ў Мінску. Колькі можа пратрымацца ў пазалочанай клетцы, выстаўленай на агульны агляд, Томаш Шміт?

— Мы ж не маем інфармацыі пра тое, ці сам павесіўся Чэчка або яго павесілі. Чэчка, павесіўшыся, дэзавуяваў сам сябе. А за Шмітам будуць сачыць, думаю, ён ужо цяпер знаходзіцца пад поўным каўпаком. Я мала веру ў канспіралагічную версію, што яго фізічна ліквідуюць і абвінавацяць у гэтым Польшчу. Напэўна, пэўны прапагандысцкі эфект атрымаўся б (калі вынесем за дужкі ўсе маральныя пытанні). Але з іншага боку такі зыход стаў бы велізарным мінусам для Лукашэнкі: трэба прызнаваць, што на тваёй тэрыторыі варочаюць польскія спецслужбы. У разуменні беларускага рэжыму Шміт такая чырвоная ануча, за якую палякам павінна быць сорамна. Злаваць польскага быка, пастаянна трасучы чырвонай анучай праз плот…

Можна лічыць прапагандысцкай удачай сам факт ўлову перабежчыка Шміта, які тэарэтычна мог расказаць шмат цікавага. Але, відаць, ён пакуль нічога суперцікавага не расказаў. Ды і на беларускую публіку, мне здаецца, гэты ўлоў не зрабіў моцнага эфекту.

— Чаму беларускія ўлады вывелі з гульні Пратасевіча?

— Рэжым згуляў з Пратасевічам сумленна: памучылі яго з прысудам, з памілаваннем (відаць, абяцалі яму зусім супрацьлеглае, што прымусіла яго моцна панервавацца), але не змаглі выкарыстаць далей у прапагандзе. Я не думаю, што Пратасевіч гэтага не хоча. Наадварот, Пратасевіч нарцыс, які хацеў бы свяціцца на публіцы. Асабіста я бачу два варыянты: альбо яму проста не змаглі дараваць 2020 год, альбо баяцца канкурэнцыі. Усё ж такі Пратасевіч — чалавек таленавіты ў сваім родзе. А акрамя таго, насамрэч мы не ведаем, у якім стане цяпер знаходзіцца Пратасевіч і ці здольны ён нешта рабіць пасля ўсяго перажытага. Але я адразу адпрэчваю варыянт, што яму прапаноўвалі, а ён адмовіўся.

— Ніяк не атрымліваецца з «агентамі»…

— Не ўпэўнены, што рэжым сам зацікаўлены ў іх выкарыстанні: і без іх хапае камянёў і пад вадой, і на вадзе. Прапагандысты самі з азвярэннем грызуцца за свой пірог, лішнія канкурэнты ім ні да чаго. Складана сказаць наогул, што атрымалася з Пратасевічам, а што не. Уся гісторыя таксама не вельмі зразумелая: колькі яго вялі, а можа быць, ён упаў ім на галаву як чалавек, які баяўся крымінальнага пераследу ў Польшчы. У гэтым ураўненні занадта шмат невядомых.