Раманчук: Ніякага паляпшэння становішча для рэжыму не будзе, колькі б самітаў ШАС ні праводзілася

У Самаркандзе 16 верасня было агучана, што краіны ШАС вырашылі запусціць працэдуру аб прадастаўленні Беларусі статусу сябра арганізацыі.

photo_2022_09_16_16_01_03.jpg


Напярэдадні Лукашэнка правёў перамовы з кіраўнікамі КНР, Узбекістана, Пакістана, а прэзідэнту Ірана Эбрахіму Раісі прапанаваў «трымацца разам, каб не проста выжыць, а заняць сваё месца пад сонцам». Што атрымаецца з устаноўкі «інтэнсіфікаваць адносіны» і ці зменіцца нешта для Беларусі ад перамены статусу?
Пра тое, што ШАС — гэта чарговае незразумелае для нас утварэнне кшталту СНД, мы пісалі два месяцы таму, калі Беларусь падала заяўку на ўступленне ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва. А вось што на гэты конт думае эканаміст Яраслаў Раманчук. 
— Таталітарныя рэжымы ўсіх краін, яднайцеся! — адзначыў ён «Салідарнасці». — Лукашэнка настолькі загнаў сябе ў кут, самаізаляваў і зрабіў таксічным, што шукае руку, плячо або кішэню — усё, што заўгодна — сярод падобных сабе, такіх жа таксічных рэжымаў.
Іран — такі ж ізгой, Расія — агрэсар-ізгой, і нават Кітай цураецца такога роду партнёрства. Таму падобныя заявы — хутчэй, спроба зрабіць выгляд, маўляў, мы прарываем ізаляцыю, у нас ёсць свой лагер шасаўцаў, якія не далучыліся.
На самой справе за гэтымі словамі — поўная сэнсавая і арганізацыйная пустата. Ніякага эканамічнага, сацыяльнага прагрэсу, паляпшэння становішча для рэжыму не будзе, колькі б самітаў ШАС ні праводзілася.
Таму што гэта арганізацыя шмат у чым знаходзіцца на пабягушках у Кітая, а Кітай вырашае свае пытанні ў зусім іншым фармаце і рэжыме.
І тое, што Лукашэнка будзе падтакваць Кітаю або «гнаць бочку» на ЗША і Захад, у канчатковым выніку нічога не зменіць. Проста хор у падтрымку вялікага, моцнага, багатага цара, які можа даць грошы, тэхналогіі або, па меншай меры, не перашкаджаць рабіць схематоз.
— Успамінаючы ранейшы досвед, у прыватнасці з «Самандамі», ці можа з Ірана быць для Беларусі што добрае?
— Там жа таксама ёсць шмат схематознікаў з вялікай колькасцю мільярдаў у кэшы. Ну, будзе магчымасць лётаць адзін да аднаго самалётамі, будаваць нейкія аб'екты. Але ўспомніце, колькі здзелак Ірану «засяклі» ў Беларусі: «Саманд» — не атрымаўся, нерухомасць — не атрымалася, рэстаранны бізнес, авечкі, сельская гаспадарка — таксама не атрымаліся. Так што давер у Ірана да Беларусі, думаю, досыць блізкі да нуля.
Знайсці пяць чалавек з вялікімі грашыма, якія хацелі б іх вывесці праз Беларусь — чаму б не. Думаю, на гэтым можа быць зроблены акцэнт. Але стварэнне нейкай краінавай стратэгіі, або ісламскага фундаменталізму і ваеннага камунізму — гэта наўрад ці.
Краіны зусім розныя, адзінае падабенства ў тым, што яны супраць свабоды чалавека, супраць правілаў заходняй цывілізацыі.
Таму яны могуць на пасяджэннях ШАС, або СНД, або нейкай сумеснай камісіі «Беларусь-Іран» казаць пра тое, што трэба трымацца разам — але гэта ўплывае роўненька толькі на ўнутраную прапаганду і больш ні на што.
— Запушчана працэдура атрымання Беларуссю сяброўства ў ШАС. Гэта нешта дасць краіне з пункту гледжання эканамічнага развіцця?
— Любы інтэграцыйны дагавор прадугледжвае практыку правапрымянення і выканання. Лукашэнка за 28 гадоў даказаў, што ён парушае любыя дамоўленасці — на сваю карысць і ў той момант, калі палічыць гэта выгадным для сябе. І ШАС ён будзе выкарыстоўваць для сваіх мэт: паралельны экспарт, кантрабандныя схемы і ўсё іншае.
Ад таго, што Кыргызстан і Узбекістан у ШАС, што для іх змянілася? Узбекістан — краіна з ВУП на душу насельніцтва крыху больш за $1,5 тысяч, бедная, аўтарытарная, замкнёная, шмат у чым этатысцкая. Гэта значыць, нічога яму сяброўства ў ШАС не дае.
Для многіх краін ШАС — своеасаблівы злепак, нешта сярэдняе паміж СНД і ААН: сабрацца, пагаварыць, панты пакідаць, сказаць, якія мы добрыя, развесці дыпламатычны палітэс.
Але аб тым, каб вызваліць гандаль, або інвестыцыі, або нават дазволіць свабодна хадзіць — на гэта яны ніколі не пойдуць. Размовы размовамі, ШАС ШАСам, а эканоміка эканомікай.
Ніякіх перспектыў для Беларусі ні з пункту гледжання дэмакратызацыі і стабілізацыі сітуацыі ў краіне, ні з пункту гледжання пазітыўнага ўплыву на эканоміку я не бачу.