Пра ролю в/ч 3214 у маючай адбыцца электаральнай кампаніі

Спакой грамадзян і парадак на вуліцах — што яшчэ трэба палітыку, каб сустрэць старасць? З гэтай мэтай і праводзяцца выбары ў краінах, якія знайшлі сваё месца на ўзбочыне гісторыі.

Ілюстрацыйная выява. Жаночы марш 12.09.2020. Фота «Новы Час»

Ілюстрацыйная выява. Жаночы марш 12.09.2020. Фота «Новы Час»

Дзесяць гадоў таму ў Пасланні–2013 быў абвешчаны курс на мадэрнізацыю. Зразумела, не грамадства і дзяржавы, а прамысловых прадпрыемстваў. Нічога арыгінальнага ў гэтым не было, бо на працягу чатырох апошніх стагоддзяў «наша Расія» жыла ў рэжыме мадэрнізацыі, якая даганяе — і сутнасць якой зводзілася да завозу імпартнага абсталявання.

«Я сябе не люблю, проста я сабе падабаюся», — неяк заўважыў адзін савецкі гумарыст. Такога кшталту праявы сарамлівасці ўласцівыя і дзяржаве для народа. А калі так, то пра якія змены можа ісці гаворка? Лепшае — вораг добрага, дык навошта мітусіцца?

Аднак жа вернемся да Паслання–2013, якое прэтэндуе на ролю выключэння з агульнага правіла. Цытую: «Выбар у нас, дарэчы, невялікі. Мы можам або прыстасавацца да бурных пераменаў, або застацца на ўзбочыне гісторыі. Іншага не дадзена».

Залатыя словы. Дзяржаве для народа хапіла двух гадоў для канчатковага вызначэння свайго месца ў гісторыі.

Крыху статыстыкі: у Пасланні–2013 слова «мадэрнізацыя» згадвалася 49 разоў, у Пасланні–2014 — 12 разоў, у Пасланні–2015 — ні разу. 

Мадэрнізацыйны Бобік здох. Ушануем яго памяць хвілінай маўчання.

Але ці азначае адмова ад мадэрнізацыі тое, што беларускай мадэлі развіцця (БМР) наканавана правесці найбліжэйшыя гады ва ўмовах геапалітычнай адзіноты? На ўзбочыне — несумненна. Аднак адзінота мадэлі не пагражае.

Вось што піша пра адзінага хаўрусніка БМР расійскі гісторык і пісьменнік Сяргей Мядзведзеў: «У 1990-я гады я думаў, што ёсць «мадэрнізацыя», «прагрэс», «законы гісторыі», але ХХІ стагоддзе перакуліла гэтыя ілюзіі, надышоў час гістарычнай асінхроннасці і распаду глабальнай цывілізацыі, грамадства адвязаліся ад лінейнай тэхналагічнай залежнасці, надбудова — ад базісу, з’явіліся джыхадзісты і апрычнікі з айфонамі, і Пуцін са сваім праектам архаізацыі ў нейкім сэнсе нават апярэдзіў час».

Перасоўванне на ўзбочыну не варта разглядаць як выключна механічную аперацыю. Падобна таму, як бальшавікам-ленінцам для рэалізацыі процьмы іх планаў патрабаваўся «новы чалавек», так іх спадчыннікам у XXI стагоддзі патрабуецца носьбіт традыцыйных (дамадэрных) каштоўнасцяў, гэта значыць, архаік. На яго фарміраванне дзяржава для народа працягне ў 2024 годзе накіроўваць значныя сродкі.

Што яшчэ трэба, каб сустрэць старасць?

Трохі афіцыйнай інфармацыі, запазычанай з дзяржаўнай прэсы. «Электаральная кампанія 2024 года шмат у чым будзе адрознівацца ад усіх папярэдніх. Упершыню ў краіне пройдзе Адзіны дзень галасавання, падчас якога абяруць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых Саветаў. А пасля прызначаных на красавік выбараў у Савет Рэспублікі будзе сфарміраваны Усебеларускі народны сход у новым, канстытуцыйным статусе. Чакаецца, што выбарчая кампанія 2024-га пройдзе маштабна, таму і рыхтавацца да яе пачалі загадзя… 3 снежня на базе вайсковай часткі 3214 адбылася калегія МУС, удзел у якой прыняла старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава».

Лепшага месца для старту электаральнай кампаніі спецыялісты па падліках бюлетэняў адшукаць не здолелі. 

«У мяне заўсёды была вялікая павага да сілавых структур, — патлумачыла Качанава сваю прысутнасць на мерапрыемстве ў вайсковай частцы, — бо разам мы працуем над агульнымі задачамі па забеспячэнні спакою грамадзян і парадку на вуліцах».

Пагадзіцеся, спакой грамадзян і парадак на вуліцах — бо што яшчэ трэба палітыку, каб сустрэць старасць? З гэтай мэтай і праводзяцца выбары ў краінах, якія знайшлі сваё месца на ўзбочыне гісторыі.

Улетку 2020 года з прычыны наяўнасці кандыдатаў, якія ўсялілі ў беларусаў надзею на перамены, адпрацаваны за чвэрць стагоддзя механізм даў збой. 

Адпаведныя высновы архітэктарамі БМР былі зробленыя, і таму няма сумневаў, што чарговая выбарчая кампанія, нягледзячы на новаўвядзенне ў выглядзе адзінага дня галасавання, пройдзе як заўсёды... дэмакратычна. Гатоўнасць сілавых структур — таму гарантыя.

У пастцы сярэдняга даходу

У адпаведнасці з Указам № 307 «Аб найважнейшых параметрах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2024 год» ад 2 кастрычніка, прырост ВУП прагназуецца на 3,8%, інвестыцый у асноўны капітал — на 3,9%, экспарт тавараў і паслуг — на 7,6%, а павелічэнне рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва — на 3,5%. І ўсё гэта шчасце павінна быць забяспечана «за кошт маштабных інвестыцыйна-вытворчых праграм, рэалізацыі беларускай прадукцыі на знешнія рынкі і пашырэння ўнутранага попыту».

Які шанец на самарэалізацыю прагнозу? Наконт «сама» — не ведаю, але пры спрыяльнай знешняй кан’юнктуры ён блізкі да 100%. Аднак узровень спрыяльнасці для БМР у надыходзячым годзе толькі ў другую чаргу будзе вызначацца Расіяй. 

Вось што піша з гэтай нагоды экс-намеснік старшыні Цэнтрабанка Расіі Сяргей Аляксашанка: «Хутчэй за ўсё, у наступным годзе мы атрымаем невялікае зніжэнне. У крайнім выпадку — рост блізкі да нуля. Рэзервы росту вычарпаныя, рост прадукцыйнасці немагчымы, затое праблемы з рабочай сілай, падобна, нарастаюць. Верагодна, мы ўбачым далейшую дэвальвацыю рубля і прыстойную інфляцыю. Без гэтага выканаць бюджэт, які вырас, будзе нерэальна. Далейшае залежыць ад таго, наколькі моцна дзяржава будзе абдзіраць бізнес і рэгуляваць рынкі. Чым гэты працэс будзе мацнейшым, тым больш імавернае падзенне эканомікі».

Вызваліўшыся ад заходняга ўплыву, БМР трапіла ў яшчэ большую залежнасць ад Расіі, якая на парадак павысіла сваю залежнасць ад Кітая. А ў тым, што Кітай напаткала пастка сярэдняга даходу ў спалучэнні з крызісам нараджальнасці, у аналітыкаў сумневу не выклікае. Але калі Кітай будзе запавольвацца, то цэны на сыравіну пойдуць уніз, што створыць праблемы для Расіі, а праз яе — і для БМР.

Хто сумняецца ў падобнай перспектыве, нагадаю словы мэра Масквы Сяргея Сабяніна з яго выступу на Маскоўскім эканамічным форуме: «Усходнія рынкі, мы павінны разумець, што яны яшчэ больш жорсткія. З намі ўжо і там ідзе сур’ёзная вайна, эканамічная вайна. < ... > На Усходзе ніхто не хоча дарыць тэхналогіі — ні ў галіне машынабудавання, ні ў галіне авіябудавання, ні ў галіне мікраэлектронікі».

Але шараговых беларусаў падарункі ў галіне высокіх тэхналогій хвалююць пастолькі-паколькі, чаго не скажаш пра курс беларускага рубля да долара, намёртва прывязанага да курсу расійскага рубля. Не здзіўлюся, калі ў надыходзячым годзе «зялёны» многіх прымусіць пахвалявацца.