Меркаванне: Колькасць загінулых у Марыупалі можа дасягаць 20 тысяч
Дарадца мэра Марыупаля Пётр Андрушчанка заявіў, што ў горадзе склалася катастрафічная сітуацыя, а колькасць ахвяр расійскіх абстрэлаў можа набліжацца да 20 тысяч. Па афіцыйнай і пацверджанай інфармацыі, па стане на 14 сакавіка колькасць загінулых у Марыупалі складае каля 2357 чалавек.
Меркаванне пра 20 тысяч ахвяр Пётр Андрушчанка выказаў у эфіры «Настоящего времени», піша «Украінская праўда».
«Па загінулым мірным жыхарам у нас ёсць дадзеныя, якія
не адпавядаюць рэчаіснасці, таму што яны атрыманы ад паліцыі, узгоднены з
медустановамі. Гэта малая жменька людзей, пра якіх мы ведаем. На ўчора (13
сакавіка) гэта было 1800 з невялікім чалавек. Яшчэ чатыры дні таму мы
казалі пра «аптымістычныя» сцэнары — каля 10 тысяч ахвяраў на цяпер.
Але з павялічанай інтэнсіўнасцю і з той жорсткасцю, якая ўзрасла ў разы, мы
можам казаць пра тое, што калі цяпер завершыцца блакада і мы зможам прыступіць
хоць бы да пошуку гэтых людзей, то ўжо на цяпер колькасць ахвяр будзе
набліжацца да 20 тысяч», — сказаў Андрушчанка.
Ён адзначыў, што гарадскія могілкі размешчаныя на тэрыторыі,
якая кантралюецца расійскім войскам, таму загінулых хаваюць «у дварах, на
вуліцах». Аднак з-за інтэнсіўнасці абстрэлаў людзі «не могуць выйсці
на вуліцу нават пахаваць блізкіх».
Андрушчанка таксама дадаў, што людзі эвакуіруюцца з Марыупаля на свой страх і рызыку, бо няма гарантый з боку расійскай арміі. Бяспека гарантуецца толькі на тым участку, які кантралюе ўкраінскае войска.
У сваю чаргу, у Марыупальскім гарсавеце заявілі, што па афіцыйнай і пацверджанай інфармацыі, па стане на канец дня панядзелка, 14 сакавіка, колькасць загінулых складае каля 2357 чалавек.
Раней у панядзелак дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч заявіў, што колькасць загінулых ужо перавысіла 2,5 тысячы чалавек. «Больш за 2,5 тысячы забітых — гэта па афіцыйных паведамленнях ад мясцовасці ўлады, наколькі я разумею. І гэта катастрофа, якой свет даў адпаведную ацэнку», — сказаў ён.