Яўген Магда: «Расія сёння заглынае Беларусь, як удаў труса»
Ці можа Украіна дапамагчы Беларусі, калі ў яе з'явіцца шанец на перамены? Пакуль Расія мае магчымасць падтрымліваць Лукашэнку, змяніць сітуацыю ў Беларусі будзе вельмі складана, лічыць украінскі палітолаг.
Святлана Ціханоўская дала інтэрв'ю ўкраінскай журналістцы Наталлі Масяйчук. На пытанне, ці бачыць яна сцэнар, пры якім звернецца да Уладзіміра Зяленскага з просьбай дапамагчы ў вызваленні Беларусі, лідарка дэмакратычных сіл адказала, што не выключае гэтага.
Таксама Ціханоўская адзначыла, што магчымы розныя сцэнары, якія прывядуць да перамен у Беларусі. Аднак, калі гэта будзе вызваленчы рух, «адных каліноўцаў можа не хапіць» і «патрэбна будзе магутная падтрымка ўнутры краіны, у першую чаргу беларускай арміі, а таксама міжнародная, у тым ліку Украіны».
— Ёсць некалькі момантаў, на якія трэба звярнуць увагу. Першае, у якой якасці Святлана Ціханоўская будзе звяртацца да Уладзіміра Зяленскага — як лідарка дэмакратычных сіл, кіраўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета, прэзідэнт-элект? — кажа Яўген Магда ў экспрэс-каментары «Салідарнасці». — Гэта міжнародны прававы прэцэдэнт, які патрабуе юрыдычнай чысціні.
24 лютага 2022 года Украіна стала ахвярай агрэсіі з боку Расіі, таму любая інтэрвенцыя з боку Украіны на іншую тэрыторыю, акрамя расійскай, будзе выклікаць пэўныя праблемы.
— Тэзіс пра тое, што неабходна шырокая падтрымка, у прынцыпе, правільны, — дадае Магда, — але як дамагчыся шырокай падтрымкі ва ўмовах паліцэйскага рэжыму, які існуе ў Беларусі? Гэта задача досыць складаная.
З нагоды таго, што адных «каліноўцаў» будзе недастаткова: сёння гэта самае шматлікае, але не адзінае падраздзяленне беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны. І ўзнікае пытанне, як яны будуць дзейнічаць далей і чаго дамагацца.
Палітолаг таксама лічыць важным адзначыць, што Наталля Масяйчук ва Украіне ўспрымаецца як «рупар Ігара Каламойскага — аднаго з вядомых украінскіх алігархаў, пра якога кажуць, што ён адзін з нямногіх, хто не дапамагае ўкраінскай арміі».
— Таму, магчыма, гэта не тая пляцоўка, якая б эфектыўна даносіла інфармацыю да грамадзян Украіны. Гэта, хутчэй, недапрацоўка паплечнікаў Святланы Ціханоўскай, не думаю, што яна сама дамаўлялася пра інтэрв'ю з Масяйчук. Можна крытыкаваць па сэнсе гэты дыялог, але сам факт, што больш украінскіх грамадзян убачаць Ціханоўскую — гэта, вядома, нядрэнна.
Сам эксперт мяркуе, што шанец на перамены ў Беларусі сёння залежыць не ад таго, хто кіруе Мінскам, а ад таго, хто кіруе Масквой.
— Гэта значыць, пакуль Расія мае магчымасць падтрымліваць Лукашэнку, змяніць сітуацыю ў Беларусі будзе вельмі складана. У Лукашэнкі амплітуда для манеўру ўжо практычна нулявая. Расія сёння заглынае Беларусь, як удаў труса. Фактычна ўжо заглынула, але працягвае працэс пераварвання. І хоць гэты працэс праходзіць навідавоку ўсёй Еўропы, нейкай выразнай рэакцыі на яго практычна няма, — заключае Яўген Магда.