Conflict Intelligence Team: «Украінская» ракета, якая пакінула варонку каля Белгарада, прыляцела з боку Расіі
Расследавальнікам удалося геалакаваць месца трапляння і траекторыю палёту ракеты пад расійскім Белгарадам.
Прыводзім тэкст публікацыі:
«"Украінская ракета", якая пакінула варонку на поўдзень ад Белгарада, на самай справе прыляцела з тэрыторыі Расіі.
Учора адзін з белгарадскіх тэлеграм-каналаў апублікаваў кадры з відэарэгістратара, дзе відаць траплянне невядомага боепрыпасу, як паведамляецца, у раёне Нікольскага на поўдзень ад Белгарада. Раней у расійскіх СМІ і сацыяльных сетках сцвярджалі, што туды трапіла ўкраінская ракета. Гэта адбылося ўжо пасля верагоднага налёту ўкраінскіх верталётаў на аб'екты ў ваколіцах Белгарада.
Нам удалося геалакаваць месца здымак у момант трапляння ракеты. Аказалася, што відэарэгістратар здымае ў паўднёва-ўсходнім кірунку, а ракета прылятае злева — гэта значыць з усходу ці паўночнага ўсходу, а значыць — з тэрыторыі Расіі.
Памеры варонкі прымушаюць выказаць здагадку, што боепрыпас, які пакінуў яе, быў крылатай або балістычнай ракетай. Па суадносінах яе памераў і слупоў побач гэта можа быць крылатая ракета 9М728 АТРК "Іскандэр-М" , але мы не ўпэўненыя ў гэтым апазнанні. Так ці інакш, нам невядома аб выкарыстанні ўкраінскім бокам крылатых ракет у гэтым канфлікце, а ўкраінская балістычная ракета прыляцела б з боку ўкраінскіх пазіцый — гэта значыць з захаду ці паўднёвага захаду.
Акрамя таго, паводле слоў белгарадскага губернатара Гладкова, яшчэ адно падобнае траплянне мела месца ў той жа час непадалёк ад Ясных Зораў Белгародскай вобласці. Улічваючы, што Ясныя Зоры знаходзяцца прыкладна па кірунку палёту ракеты ад Нікольскага, цалкам магчыма, што гэтае траплянне адносіцца да таго ж інцыдэнту.
Мы не можам адназначна сцвярджаць, ці стаў прычынай інцыдэнту збой, які выклікаў сход ракеты з курсу, або памылка навядзення. Улічваючы тое, што гэтая падзея амаль не асвятлялася ў расійскіх федэральных СМІ, наўмысная расійская правакацыя з запускам ракеты па расійскай тэрыторыі з мэтай абвінаваціць Украіну ўяўляецца нам малаверагоднай. Так ці інакш, у адрозненне ад атакі на нафтабазу (і, магчыма, некаторыя іншыя аб'екты), мы гатовыя выключыць дачыненне Украіны да гэтага інцыдэнту.
Мы працягваем маніторынг сітуацыі і просім дзяліцца наяўнымі ў вас крыніцамі, якія дапамаглі б праліць святло на падрыхтоўку і ход уварвання ва Украіну, на пошту info@citeam.org або ў телеграм @leviev, а таксама просім далучыцца да валанцёрскай ініцыятывы нашых калег з "Bellingcat"».