Беларуская армія — частка расійскай арміі
«Таталітарныя рэжымы заўсёды патрабуюць ворага. Польшча з увагі на сваю пазіцыю, гісторыю, спецыфічныя адносіны з Расіяй ідэальна пасуе да такога вобразу», — адзначае экс-амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шарэпка.
На гэтым тыдні мы назіралі чарговую інтэнсіфікацыю сяброўства ў польска-беларускіх дачыненнях. Цікава, што візіт Уладзіміра Макея ў Варшаву прайшоў амаль не заўважаны ў медыях, ад якіх, дарэчы, міністр замежных справаў хаваўся.
Чаму Польшча ўсцяж працягвае руку ўладам нашае краіны?
— Міністра МЗС Уладзіміра Макея запрасілі ў Варшаву на саміт «Усходняга партнёрства». Ці гэта азначае, што можна чакаць запрашэння Аляксандра Лукашэнкі на саміт у Бруселі?
— Гэта не быў саміт «Усходняга партнёрства», гэта была сустрэча міністраў, што рыхтавала пазіцыю групы дзяржаваў напярэдадні саміту, які плануецца ў Бруселі. Што датычыць запрашэння на саміт Лукашэнкі, то практыка такая: беларусы, яны часта гэта падкрэсліваюць, што хочуць, каб іх трактавалі роўна як іншыя дзяржавы, каб не было дыскрымінацыі.
Таму звычайна запрашаюць кіраўніка дзяржавы. Але далікатна звяртаюць увагу беларускага боку, што добра было б, каб узровень візіту быў крыху ніжэйшы.
Аліна Коўшык у «ПраСвеце» паразмаўляла з экс-амбасадарам Польшчы ў Беларусі Лешэкам Шэрэпкам.
— На гэтым тыдні шмат увагі прыцягнуў фільм «Белы легіён чорных душ», дзе наўпрост абвінавацілі Польшчу і таксама Украіну, што яны рыхтуюць тэрарыстаў. Ці Польшча павінная адказаць афіцыйна на такія абвінавачанні?
— Я лічу, што так. Зрэшты, не першы раз такія абвінавачанні гучаць з Менску ў кірунку Польшчы. Я памятаю такое інтэрв’ю Лукашэнкі для Савіка Шустэра. Адразу пасля падзеяў ва Украіне, дзе ён сказаў, што палякі таксама рыхтавалі тэрарыстаў і баевікоў на Украіну.
Лукашэнка лічыць нас традыцыйна тымі, хто рыхтуе тэрарыстаў. Я думаю, што гэта вынікае з пэўнага разумення Польшчы ўладамі Беларусі. Такія таталітарныя рэжымы заўсёды патрабуюць ворага. Польшча з увагі на сваю пазіцыю, гісторыю, спецыфічныя адносіны з Расіяй ідэальна пасуе да такога вобразу.
Я лічу, што Лукашэнка часта гэта выкарыстоўвае. Цікава, ці ён выкарыстаў гэта цяпер. Можа, гэта вынікае з такіх не вельмі добрых адносінаў з Расіяй. Гаворка ішла аб прэзентацыі, што вось у нас ёсць больш сур’ёзны праціўнік і нам трэба трымацца разам. І Беларусь такі фарпост Расіі.
— Але гэта сам Лукашэнка выкарыстоўвае ці гэта сілавікі, якія згуртаваліся вакол яго?
— Я не ведаю, мне цяжка сказаць, натуральна, у Беларусі заўсёды было такое змаганне сілавікоў і эканамічных установаў, якія больш зацікаўленыя лібералізацыяй. Але гэтае змаганне лёгка было прасачыць на прыкладзе памежнай палітыкі. Напрыклад, Міністэрства спорту было зацікаўленае ў тым, каб не было візаў для багатых турыстаў з-за мяжы. А міністэрства сілавікоў заўсёды імкнуліся максімальна блакаваць магчымасці бязвізавых падарожжаў у Беларусь.
— Яшчэ хацелася б запытацца, ці сапраўды гэтая інтэнсіфікацыя польска-беларускіх адносінаў прыносіць Польшчы карысць? Бо таваразварот паміж нашымі краінамі цяпер падае, ёсць вялікая праблема з польскімі школамі. Што мае Польшча ад таго, што сябруе з Лукашэнкам?
— Я б не пагадзіўся да канца, што палякі вельмі выразна інтэнсіфікуюць адносіны з Менскам. Я ўжо казаў, што гэта такое вяртанне да нармальнасці. Бо быў такі перыяд, цягам чатырох гадоў мы амаль не размаўлялі. Цяпер мы размаўляем.
Я не ведаю, якая атмасфера гэтых размоваў, але я б хацеў, каб польскі бок шчыра перадаваў беларускаму боку свае заўвагі ды свае чаканні. Калі падчас гэтых размоваў яны шчыра абменьваюцца думкамі, то гэта можа быць карысна для абодвух бакоў.
Хоць я не ведаю, ці ёсць такая практыка. Бо я чытаў апошняе апісанне парламентарнага візіту ў Беларусі, калі старшыня гэтай групы польскіх парламентароў сказаў адкрыта, што мы не размаўлялі пра пытанні «Белага легіёну» і базаў, якія нібыта арганізоўвала Польшча для тэрарыстаў ці баевікоў з Усходу.
— Адзін з экспертаў, Міхал Патоцкі, наўпрост кажа, што Аляксандр Лукашэнка можа гарантаваць тое, што расійскія танкі не стануць на Бугу. Ці сапраўды ў Польшчы вераць у тое, што Лукашэнка можа іх уратаваць ад расійскай навалы?
— Можа, нехта і верыць, але я ў сваёй кнізе кажу, пра якую мы калісьці размаўлялі, што для мяне сучасная беларуская армія — частка расійскай арміі. Ды ідэальна ўпісваецца ў абарончую дактрыну ці нават агрэсіўную дактрыну, якую ўжывае Масква.
— То бок не мае значэння беларускія ці расійскія танкі?
— Таксама па-мойму Лукашэнка не будзе мець магчымасці заблакаваць ідэі, каб расійскія танкі стаялі на Бугу.
— А тое, што звязанае з атакаю на нашых журналістаў, тэлеканал «Белсат», якую мы адчулі вельмі моцна: у нас адабралі тэхніку, наш аператар сядзеў у турме. Што гэта азначае?
— Азначае тое, што ўлады Беларусі насамрэч не змянілі сутнасці сваёй інфармацыйнай палітыкі. Яны хочуць максімальна кантраляваць інфармацыйную прастору. Вы выбіваецеся з гэтай прасторы, якую кантралююць улады, і яны хочуць вас максімальна абмежаваць. І так было заўсёды. Калі хтосьці меў ілюзію, што будзе інакш, то гэты прыклад паказаў, што нічога не змянілася.