Былы палітвязень: Вітольда Ашурка катавалі, а з Паўлам Севярынцам забаранялі размаўляць

"Самае цяжкае — ШІЗА, там рэальна можна памерці", — распавядае былы палітзняволены, які адбываў пакаранне ў ПК-17 у Шклове.

_belarus_2022_drot_turma_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas_logo.jpg

За кратамі А. (імя мужчына не называе з меркаванняў бяспекі) страціў здароўе, пазбавіўся магчымасці працаваць па спецыяльнасці, займеў праблемы ў асабістым жыцці. Пасля вызвалення мужчына быў вымушаны з'ехаць за мяжу, каб прыйсці ў сябе. Ён падзяліўся часткай успамінаў аб перажытым у шклоўскай калоніі. Прыводзім яго маналог.

Вісіць спіс тых, хто павінен быць на "адстрэле"

Мне цяжка ўсё ўспамінаць. Я памяняўся там, стаў злапомслівым, халоднакроўным, бязлітасным, і я баюся думак аб адплаце і помсце.

Не ведаю, што гэта за рытуал, але ўсе адразу праходзяць праз ШІЗА і трапляюць злосныя парушальнікі. Там парушаюцца ўсе правы чалавека. Пазбаўляюць сну — ад гэтага ў мяне былі галюцынацыі: бачыў дзяцей, чуў голас мамы, былі думкі аб суіцыдзе. Іншыя гублялі прытомнасць. Людзей трымаюць у холадзе, праз гэта пачынаюцца праблемы з кровазваротам і ныркамі, лекары і псіхолагі не прыходзяць. Сядзіш у цішыні і нельга размаўляць, ляжаць, спаць, заплюшчваць вочы. Гэта жахліва.

У ШІЗА пастаянна хтосьці сядзіць, такога не бывае, каб яно было пустое. Калі (вязні. — «НЧ») прыязджаюць у калонію, ва ўсіх пазнакі: як сябе паводзіў у СІЗА, на этапе, у аўтазаку. На ўсіх "экстрэмістаў" хутка складаюць рапарты за дробязі, якія спачатку цяжка выконваць (гузік не зашпілены, няправільна прадставіўся супрацоўніку, размовы ў страі, несвоечасова ўстаў з ложка і многае іншае).

Адразу пазбаўляюць усіх спатканняў, пасылак і адпраўляюць у ШІЗА на 3 — 5 сутак, і робяць злоснымі парушальнікамі, каб 2 базавыя засталіся на ежу з крамы.

Стаўленне да палітвязняў перадузятае, з нянавісцю, часта ініцыятыва сыходзіць ад саміх супрацоўнікаў. Але і ў пакоі дзяжурнага вісіць спіс прозвішчаў тых, хто павінен быць на "адстрэле" — гэта значыць, на каго абавязкова павінен быць складзены рапарт за любое парушэнне.

У медчастцы не лечаць, не пускаюць займацца спортам, пазбаўляюць пасылак, спатканняў, грашовых сродкаў (робяць усіх злоснымі парушальнікамі). Прымушаюць спяваць гімн і вучыць правілы ўнутранага распарадку, Канстытуцыю і змены ў яе, прынятыя на незаконным рэферэндуме. Пытаюцца, хто прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, адказ павінен быць — Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч.

Палітычных прымушаюць працаваць на самай бруднай і цяжкай працы, дзе дым, дыхаць цяжка, холадна. Пастаянныя фразачкі і жартачкі ад супрацоўнікаў, што мы заходнія шлёндры, геі, прастытуткі. І нас вядуць, каб намазаць зялёнкай лоб і паставіць да сценкі.

img_2815_logo_1.jpg

Чуў крыкі з кабінетаў

Шмат хлопцаў смелых адстойваюць свае правы, і іх доўга "марынуюць" у ШІЗА: тры разы запар даюць па 10 сутак, потым ПКТ 1 месяц і адпраўляюць на крытую турму. Многія з каранціну туды з'язджаюць.

Былі выпадкі, што супрацоўнікі палітычных у нізкі статус адпраўлялі — такім людзям трэба мыць прыбіральні і смецце выносіць за сотняй чалавек у атрадзе, жудасць.

Калі на званках ці ў лістах супрацоўнікі пачуюць, што ты паскардзіўся ці нечым незадаволены, то чакай "гасцей": 1 — 2 дні — і прыйдуць, знойдуць любую прычыну, каб напісаць рапарт (правераць рэчы, тумбачку, матрац, палічаць цыгарэты, шкарпэткі ў сумцы). І на пакаранні ў начальніка будзе пазнака, што ты скардзіўся ці незадаволены, а гэта адразу 10 сутак ШІЗА, пагрозы дадаць 1 — 2 гады па 411 артыкуле (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

Асабіста мяне не білі там, але я чуў крыкі з кабінетаў. Са слоў іншых палітычных зняволеных, за татуіроўкі, запісы ў сшытках і лістах, выказванне свайго меркавання або непрызнанне віны ставілі на расцяжку (кшталту зорачка: рукі-ногі ўбакі і кайданкамі прышпільвалі да ложкаў або клеткі) і білі па тулаве (ныркі, печань, селязёнка), сцёгнах. Кагосьці душылі проста ў ШІЗА, не баючыся камеры.

Чуткі былі, што першых, хто прыехаў, жорстка білі і падвешвалі на нейкі ланцуг у кайданках.

Апроч таго, здзекуюцца псіхалагічна — для мяне асабіста гэта было горш за ўсё.

"Вітольда Ашурка прэсавалі па поўнай"

На курылцы ад іншых вязняў чуў пра Вітольда Ашурка. Ён заўсёды стаяў на сваім і ўсім даказваў свой пункт гледжання. Шмат паліў, не мог змірыцца з тым, што людзі не разумеюць простых рэчаў і не могуць адказаць на простыя пытанні. З зэкамі, з канвоем, з супрацоўнікамі смела гаварыў. Яго прэсавалі па поўнай: рвалі лісты, рэзалі рэчы, ламалі цыгарэты, абзывалі блазнам заходнім, кожны дзень яго вадзілі на пакаранне. Ён казаў, што яго пасадзяць у ШІЗА, таму што ён жорстка з начальнікам пагаварыў, настойваў на сваім.

Казаў, што тыя, хто трапіў за краты пасля пратэстаў, — малайцы, што не прайшлі міма, выканалі сваю ролю ў гэтай вайне, але трэба вяртацца дадому да дзяцей і сем'яў. А яго місія ў большым.

Яму далі 10 сутак ШІЗА, потым яшчэ 10 сутак. Потым чуткі пайшлі, што супрацоўнікі сказалі яго рэчы і матрац пакласці на месца для "апушчаных". І ён ганарліва адмовіўся ад выхаду з ШІЗА. А потым 20 ці 21 траўня мы былі на званках, прыехала хуткая і праз 2 гадзіны чорная газэль са шторкамі. Сказалі, што ён упаў галавой аб стол.

Чуткі хадзілі, што яго выводзілі ў дворык для шпацыраў і білі па нагах і тулаве, каб не мог сядзець, спаць і хадзіць у туалет. Я бачыў відэа, што ён ад бессанні і знясілення мог страціць прытомнасць у камеры, бо нягледзячы на канец траўня, было холадна, і яны спецыяльна адчыняюць вокны і робяць скразняк. Вельмі дзьме, немагчыма сядзець, трэба ўвесь час хадзіць, каб грэцца.

"Пасля 24 лютага 2022 не было ніводнага ліста"

Трымацца дапамагалі лісты, вера ў падтрымку і дапамогу родным ад людзей (там перажываеш, што нешта здарыцца, а ты бездапаможны).

Лісты перасталі хадзіць у канцы студзеня 2022 года. На кожных 15 — 20 палітычных замацаваны супрацоўнік, і ён правярае лісты. Зверху прыйшоў загад, што перапіска дазваляецца толькі ад блізкіх сваякоў. Асуджаных выклікалі адмыслова ў вольны час, даводзілася 2 — 3 гадзіны стаяць і чакаць у калідоры. Кожны заходзіў на 5 — 10 хвілін, супрацоўнік чытаў лісты, а потым прымушаў рваць, не чытаючы, і выкідаць у смецце. Калі вязень адмаўляўся — то рапарт за тое, што лаяўся нецэнзурнымі словамі ці жаргонам.

Пасля 24 лютага 2022 не было ніводнага ліста. Прэсінг узмацніўся. Гэта зрабілі, каб не дайшла інфармацыя "неналежная", баяцца бунтаў. Зэкі чакаюць, што Украіна выйграе вайну і іх вызваляць і перасудзяць па нармальных законах без прадузятасці. 

Але лісты палітвязням пісаць трэба. Таксама можна пісаць скаргі ў пракуратуру, што са зняволеных здзекуюцца і прыгнятаюць — тады чапаць не будуць. А яшчэ можна патэлефанаваць у калонію, прадставіцца сваяком і спытаць, чаму лісты не даходзяць.  Гэта значыць, што чалавека памятаюць і лепш яго не чапаць.

Забаранілі размаўляць з Севярынцам

Я гаварыў толькі з Паўлам Севярынцам і Аляксандрам Троцкім (нагадаем, Аляксандр Троцкі быў асуджаны на 10 гадоў зняволення нібыта за замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў. — «НЧ»), у санчастцы і пару разоў у царкве. Там забарона на зносіны з іншымі палітычнымі.

У царкву пускаюць. Але калі іншыя зняволеныя паскардзіліся, што Севярынец там збірае гурткі палітычных на беларускай мове, сталі прыходзіць міліцыянты і стаялі, сачылі — рацыя гарлапаніць ва ўсю падчас службы. Семкі жуюць.

Севярынца не чапалі да лета 2022 года.  Потым чуў, што і ў ШІЗА, і ў атрадзе забаранілі ўсім з ім размаўляць. Ён заўсёды на беларускай мове гаворыць, міліцыянты яго не разумеюць.

"Абавязковы прагляд фільмаў аб сіле міліцыі"

У калоніі прыборка шэсць разоў у дзень пад кантролем супрацоўніка з відэарэгістратарам. Трэба стрыгчыся налыса. Даводзілася стаяць па дзве гадзіны на вуліцы на холадзе без пальчатак. Або пад дажджом, і потым у мокрым адзенні хадзіць.

Абавязковы прагляд праўладных фільмаў і ролікаў аб сіле міліцыі і літасці прэзідэнта да нас. Маўляў, маглі расстраляць, але далі шанц падумаць.

Там кожныя паўгода мяняюць (кілішуюць) людзей па розных атрадах, каб не сябравалі і не размаўлялі.

Шмат хлопцаў пакутуюць з 10-м прафулікам (схільнасць да экстрэмізму), але іх няма ў спісах палітвязняў.  Хтосьці сядзіць за крадзеж або наркотыкі.  Але ў іх было фота з бчб-сімволікай ці адміністратыўка за 2020 год.

Шкада хлопца, Аўчарава, які сказаў, што ўкраінцы абараняюць свой дом. У яго быў тэрмін 5 гадоў, 1,5 адседзеў, і яго кінулі на 30 сутак у ШІЗА, на месяц у ПКТ, і потым па 411 артыкуле дадалі 1,5 гады. Яго павезлі ў турму ў Глыбокае і аб'явілі па рупары, каб астатнія баяліся.

img_0629_2_logo_1.jpg

"Я стаў нацыяналістам"

Вельмі цяжка вярнуцца ў нармальнае грамадства, не ўжываць турэмны слэнг, цяжка давяраць людзям. Прайшлі месяцы, здароўе да гэтага часу аднаўляецца. Лёгкія ачышчаюцца ад забруджання і дыму (там вакол заводы дымяць хіміяй), грыбок з'явіўся ад матрацаў, камяні ў нырках (там вада жудасная). У ежы трапляюцца камяні, косці (я страціў дзве пломбы). Валасы сівыя з'явіліся.

Я з'ехаў, таму што я туды без бою не вярнуся, а цяпер за гэта вышэйшая мера. Яны крылы распусцілі і могуць адабраць у цябе, што заўгодна, і ты ім нічога не зробіш.

Плюс убачыў шмат расійскіх салдат у маім горадзе і страціў з-за турмы назаўжды магчымасць працаваць па спецыяльнасці.

Блізкія нічым мне не дапамаглі, таму я з'ехаў ад іх, і завёз дзяцей у бяспечнае месца, дзе выконваюць законы і ёсць свабода слова і дэмакратыя. Цяжка ім было, мама плакала 2 гады. А жонка адвыкла, і ў нас шмат размоваў пра развод.

Я стаў нацыяналістам. Ненавіджу камуністаў і расійскіх акупантаў.

Мне шкада, што добрыя людзі сядзяць, а п'яніцы, злодзеі, ашуканцы жывуць, іх ніхто не чапае. Я хачу, каб людзі, якія засталіся ў краіне, не баяліся. Напрыклад, убачыў п'янага — тэлефануй у міліцыю. Няхай працуюць — яны ж за гэта атрымліваюць крывавыя грошы.

Я рэаліст і бачу, што пакуль нічога не зменіцца. 

Трэба, каб больш людзей прайшлі праз гэтую машыну карную, тады хутчэй за ўсё знімуць ружовыя акуляры.