Брытанская выведка: пашкоджаны ў Мачулішчах самалёт А-50 каардынаваў абстрэлы Ўкраіны ракетамі

У выведцы Міністэрства абароны Вялікабрытаніі паведамілі, што пашкоджаны на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах расейскі самалёт транспартавалі на рамонт у расейскі горад Таганрог.

А-50. Ілюстрацыйнае фота ТАСС

А-50. Ілюстрацыйнае фота ТАСС

Пашкоджаны на вайсковым аэрадроме пад Менскам расійскі самалёт транспартавалі на рамонт у расейскі горад Таганрог, піша «Св*бода».

«Транзытны палёт адбыўся на меншай, чым звычайна, вышыні, пэўна, з прычыны пашкоджаньня гермэтычнасьці кабіны», адзначылі ў брытанскай выведцы.

Выведнікі Вялікай Брытаніі мяркуюць, што самалёт, хутчэй за ўсё, атакавала «невялікая паветраная сыстэма без экіпажу».

Расійскі самалёт, пашкоджаньне якога 7 сакавіка 2023 году пацьвердзіў Аляксандар Лукашэнка, «забясьпечваў інфармацыю аб сытуацыі для зьнішчальніка МіГ-31K FOXHOUND D, мадыфікаванага для запуску балістычнай ракеты паветранага старту AS-24 KILLJOY («Кінжал». — Рэд.), якую Расея разглядае як ключавы стратэгічны патэнцыял».


Нагадаем, Расея ў ноч на 9 сакавіка атакавала Ўкраіну 48 гіпэргукавымі і балістычнымі ракетамі, у тым ліку «Калібр» і «Кінжал». Паводле ўкраінскіх уладаў, паветраныя сілы Ўкраіны зьбілі 34 крылатыя ракеты.

Вайна Расеі супраць Украіны

• А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.

• Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.

• У 2022 годзе ва Ўкраіне загінулі 19 беларусаў, якія змагаліся за яе незалежнасьць. Вядома пра двух ваяроў-беларусаў, якія трапілі ў расейскі палон.

• 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы генацыду ў Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.


• Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.

• 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзесяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.

• 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.

• 29 ліпеня ў выніку ўдару па калёніі ў Аленаўцы загінулі як найменей 53 украінскія палонныя, якія баранілі завод «Азоўсталь» у Марыюпалі і здаліся ў палон пасьля выкананьня баявога заданьня. Расейцы абвінавацілі ў нападзе Ўкраіну, украінскі бок заявіў пра наўмыснае забойства палонных расейскім бокам. Расейскія акупацыйныя ўлады не дапусьцілі ў Аленаўку місіі ААН і Чырвонага крыжа.

• За шэсьць месяцаў вайны Расея змагла акупаваць каля 20% украінскай тэрыторыі. У сакавіку плошча акупаваных земляў даходзіла да 30%. Аднак у канцы месяца расейскія войскі адступілі з поўначы Ўкраіны, а таксама з большай часткі Харкаўскай вобласьці. На канец жніўня цалкам акупаванымі былі Крым, Луганская і Херсонская вобласьці. А таксама 50% тэрыторыі Данецкай вобласьці, каля 70% Запароскай, прыкладна 30% Харкаўскай.

• З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Кіеў падазрае частку былога кіраўніцтва Херсону і вобласьці ў здрадзе дзяржаве. Таксама па такім падазрэньні затрымалі былога кіраўніка СБУ Харкаўскай вобласьці.

• У верасьні ўкраінскія войскі пачалі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пачалі імкліва ўцякаць са сваіх пазыцыяў у Харкаўскай вобласьці.


• 21 верасьня Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайскаматаў. Прызываць у войска пачалі нават людзей без вайсковага досьведу, нягледзячы на абяцаньні, што на вайну адправяцца толькі дасьведчаныя. Мабілізацыя мужчынаў у расейскае войска праходзіць таксама на акупаваных тэрыторыях Украіны.

• 2 кастрычніка Пуцін унёс на разгляд расейскага парлямэнту законапраект, які зьяўляецца спробай анэксіі частак чатырох рэгіёнаў Украіны. У складзе Расеі павінны будуць зьявіцца дзьве новыя рэспублікі — «ЛНР» і «ДНР» і дзьве вобласьці — Запароская і Херсонская. Але дзякуючы контранаступу ўкраінцаў намаляваныя ў Маскве межы ня цалкам кантралююцца акупацыйнымі войскамі.

• У кастрычніку ўкраінскія войскі пасьпяхова працягнулі контранаступ, у пачатку кастрычніка яны вызвалілі Ліман і Ямпаль, а таксама істотна наблізіліся да Сватава ў Луганскай вобласьці, а адтуль адкрываецца шлях на Севераданецк і Лісічанск.

• Раніцай 10 кастрычніка расейцы распачалі інтэнсіўны абстрэл украінскай тэрыторыі, у тым ліку цэнтру Кіева. Ракеты даляцелі і да Львова, пазбавіўшы горад электрычнасьці. З таго часу Расея зрабіла каля 10 ракетных нападаў на аб'екты інфраструктуры і іншыя цывільныя мэты на тэрыторыі Ўкраіны.

• Лукашэнка 10 кастрычніка правёў паседжаньне з Саветам бясьпекі і заявіў пра разгортваньне сумеснай з Пуціным групоўкі войскаў.

• Увечары 15 лістапада Расея выпусьціла 100 ракет па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны, у першую чаргу па энэргетычных аб'ектах, а ў Польшчы ў вёсцы Пшэводаў за 6 км ад мяжы з Украінай упалі дзьве ракеты, два чалавекі загінулі. Польскія ўлады выклікалі расейскага амбасадара для тлумачэньняў. Затым высьветлілася, што гэта, імаверна, наступствы працы ўкраінскай СПА, якая зьбівала расейскую ракету.

• У лістападзе з наступленьнем халадоў Расея ўзмацніла ракетныя абстрэлы энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны. У выніку многія ўкраінскія гарады і частка Малдовы засталіся без электрычнасьці і вады. Украіна склікала тэрміновае паседжаньне Рады бясьпекі ААН.


• Упраўленьне стратэгічных камунікацыяў Узброеных сілаў Украіны 1 студзеня 2023 году паведаміла пра амаль 400 загінулых расейцаў пры атацы на будынак Політэхнічнай вучэльні № 19 у Макееўцы. Там былі расейскія вайскоўцы і мабілізаваныя. Міністэрства абароны РФ прызнала 89 забітых.

• 14 студзеня 2023 году ў выніку чарговага абстрэлу расейская ракета пацэліла ў шматпавярховік у горадзе Дніпро, загінулі і атрымалі раненьні дзесяткі чалавек. Ратавальная апэрацыя па пошуку целаў расьцягнулася на некалькі дзён.

• У лютым баі адбываюцца за Бахмут, Крамянную, Сватава. Аднак выведка ЗША адзначыла, што расейцы ня маюць дастатковага патэнцыялу для паўнавартаснага наступу, а ў Мінабароны Вялікай Брытаніі заявілі, што расейцы ў першай палове лютага зазналі найбольшыя страты за год.