Беларускамоўную журналістку выганялі з участка за «польскі акцэнт»

Пра гэта распавядае Радыё Свабода.

Журналістка Юлія Сівец

Журналістка Юлія Сівец

Інцыдэнт здарыўся на ўчастку для галасавання № 15 Гомельскай Цэнтральнай акругі № 33, што ў будынку каледжу чыгуначнага транспарту. На ўчастак прыйшлі журналісты, але ім забараніў там прысутнічаць старшыня ўчастковай камісіі, ён жа дырэктар каледжу — Анатоль Шэвель.
«Мы прыйшлі працаваць на выбарчы ўчастак, і старшыня камісіі пачаў патрабаваць у нас акрэдытацыю. Я спыталася па-беларуску: пра якую акрэдытацыю ідзе гаворка, пра які менавіта закон? Анатоль Шэвель адказаў, што я не маю права працаваць, бо я замежная журналістка, прыехала з Польшчы, бо ў мяне ён заўважыў польскі акцэнт. Я з 2001 году размаўляю на беларускай мове і ўпершыню чую, што ў мяне польскі акцэнт. Мы з калегамі ўдакладнілі ў старшыні камісіі — а з якім акцэнтам можна размаўляць? Украінскім, расійскім? Ён прабурчаў няўцямна, што з расійскім можна», — пракамэнтавала Юлія Сівец.
Яна супрацоўнічае з шэрагам СМІ, уваходзіць у Беларускую асацыяцыю журналістаў.
Анатоль Шэвель не дазваляў знаходзіцца на ўчастку і карэспандэнту БелаПАН, патрабуючы «акрэдытацыю». На пытанне, дзе можна ўзяць «акрэдытацыю», што яна сабой уяўляе, адказаць не мог. Настойліва прапаноўваў пакінуць участак, паказваючы рукой на дзверы. Адна з членаў камісіі нават схапіла карэспандэнта БелаПАН за куртку. Пасля вуснай скаргі ў акруговую камісію Цэнтральнай акругі Анатоль Шэвель змяніў рыторыку і дазволіў журналістам працаваць.