Арцём Шрайбман: Калі б Пуцін вырашыў адмовіць Лукашэнку ў крэдыце, то зрабіў бы менавіта так — па-сяброўску

Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман — аб тым, што (не) прагучала на сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу.

sraib4vjpg.jpg

Што магло быць галоўнай тэмай для абмеркавання падчас перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна? Адмовіла Масква Мінску ў крэдыце? На гэтыя і іншыя пытанні «Салідарнасці» адказаў палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман.

— Тым для абмеркавання магло быць тры. Першая — гэта бяспека і пытанні будучых вучэнняў, аб чым яны, мабыць, дамовіліся. Цяпер Расіі гэта выгадна па той прычыне, што яна хоча правакаваць Захад, дэманструючы сур'ёзную настроенасць ў дачыненні да свайго ультыматуму па гарантыях бяспекі, — мяркуе эксперт.

Па яго думку, для падобных мэтаў Масква не ўпусціць магчымасці пабразгаць зброяй у Беларусі.

Другой тэмай магла стаць эканоміка, як і на ўсіх сустрэчах Пуціна і Лукашэнкі, мяркуе Арцём Шрайбман:

— Галоўная тэма тут — просьба Беларусі аб крэдыце, за якім Лукашэнка звярнуўся ў Еўразійскі банк развіцця.

Эксперт не выключае, што кампліменты расійскага прэзідэнта ў адрас беларускай эканомікі маглі быць намёкам на адмову:

— Маўляў, вам не вельмі і трэба, у прынцыпе, у вас усё добра ідзе. Я думаю, калі б Пуцін і вырашыў адмовіць у крэдыце, то зрабіў бы ён менавіта так — бесканфліктна і па-сяброўску. Як бы і пахваліў, і адмовіў адначасова. Я не ўпэўнены, што гэта азначае менавіта адмову, пабачым. Шмат нявызначанага менавіта з-за таго, што няма апублікаваных дэталёвых рэлізаў.

Трэцяй тэмай для абмеркавання, на думку суразмоўцы, магла быць канстытуцыйная рэформа ў Беларусі:

— Лукашэнка апублікаваў праект дакумента як раз напярэдадні сустрэчы з Пуціным. Упэўнены, што ён пасвяціў яго ў дэталі таго, што хацеў зрабіць. Таксама ўпэўнены, што гэта не тое, на што разлічвала Расія.

Відавочна, што там хацелі б бачыць мадэль беларускай палітыкі, якая была б бліжэй да расійскай: кіраваную партыйную сістэму з большай роляй кіроўнай партыі, з нейкім парламентарызмам. Але нічога падобнага не адбываецца. Замест гэтага Канстытуцыя перапісваецца пад Лукашэнку.

Ці гатовы расійскі прэзідэнт такое дараваць? Палітычны аглядальнік мяркуе, што Пуцін гатовы глядзець на тое, што адбываецца досыць паблажліва, але да пэўнага моманту:

— Цяпер Лукашэнка яму нашмат патрэбней ў абвостраным супрацьстаянні з Захадам, чым год таму. Але гэта супрацьстаянне —даволі валацільная штука: сёння яно можа быць у зеніце, і сёння Лукашэнка можа быць запатрабаваны ў якасці ваеннага саюзніка, яму можна спускаць такія рэчы, накшталт выхалашчанай канстытуцыйнай рэформы. Але калі надыходзіць дээскалацыя ў адносінах з Захадам, да яго могуць прыйсці і сказаць: «Мы ж чакалі, што рэформа прывядзе да транзіту ўлады, а не да яго зацягвання. Так што давайце, Аляксандр Рыгоравіч, думайце, калі вы ў ВНС перасядзеце».

Тут магчымыя розныя развілкі ў будучыні, кажа эксперт. Але цяпер складваецца ўражанне, што Пуцін не ціснуў на беларускага кіраўніка:

— Усё-такі пакуль назіраецца настрой у адносінах Мінска і Масквы на нейкі пазітыў, на дружбу. Я маю на ўвазе афіцыйныя ўлады. І наўрад ці яны будуць лаяцца з-за таго, што Лукашэнка сваволіць ў пытаннях уласнай канстытуцыйнай рэформы.