800-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: Украіна не зможа выйграць вайну на полі бою?

Украінскі генерал заявіў пра неабходнасць перамоў. Паврдле яго слоў, такія войны на полі бою не выйграюцца.

Ілюстрацыйнае фота: ТГ-канал Уладзіміра Зяленскага

Ілюстрацыйнае фота: ТГ-канал Уладзіміра Зяленскага

***

Уладзімір Пуцін 2 траўня сустрэўся з губернатарам Тульскай вобласці, афіляваным з «ПВК Вагнера», Аляксеем Дзюміным. Гэта паказвае на тое, што Пуцін, магчыма, імкнецца зменшыць уладу міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу, ураўнаважыць яго з канкурэнтамі і пакараць за няздольнасць дасягнуць ваенных мэтаў Крамля, мяркуюць эксперты амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW).  

У прэзідэнцкай рэзідэнцыі ў Нова-Агарове Маскоўскай вобласці Дзюмін, у прыватнасці, праінфармаваў Пуціна аб унёску Тульскай вобласці ў поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну. 

Губернатар засяродзіўся на трох тэмах: падтрымка і забеспячэнне жыллём удзельнікаў баявых дзеянняў ва Украіне, удасканаленне расійскай абаронна-прамысловай базы і паляпшэнне медыцынскай сістэмы ў Тульскай вобласці. 

Справаздача Дзюміна выглядала як спроба заваяваць прыхільнасць Пуціна пасля таго, як ён страціў яе падчас бунту «ПВК Вагнера» і Яўгена Прыгожына напрыканцы чэрвеня 2023 года.

Дзюмін неаднаразова станавіўся на бок Прыгожына ў 2022-м і 2023 гадах, спадзеючыся замяніць самога міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу.

Пуцін, верагодна, наўмысна апублічыў сваю сустрэчу з Дзюміным пасля гучнага арышту намесніка міністра абароны Расіі Цімура Іванова 24 красавіка і перад прэзідэнцкай інаўгурацыяй 7 траўня, каб пакараць Мінабароны, якое ўзначальвае Шайгу, за няздольнасць дасягнуць ваенных мэтаў Крамля. 

Сустрэча Пуціна і Дзюміна выклікала значную колькасць дыскусій у расійскай інфармацыйнай прасторы: шматлікія блогеры і палітычныя каментатары адзначалі, што сустрэча адбылася ў перыяд паміж арыштам Іванова і чаканымі перастаноўкамі ва ўрадзе пасля інаўгурацыі. 

Расійскія інсайдарскія крыніцы меркавалі, што Крэмль можа прызначыць Дзюміна на новую ролю, звязаную з расійскім АПК, а таксама інтэрпрэтавалі заяву Шайгу падчас нарады ў Аб'яднаным штабе «спецыяльнай ваеннай аперацыі» 1 траўня аб тым, што Расіі неабходна павялічыць колькасць і якасць узбраення і вайсковай тэхнікі для «падтрымання неабходнага тэмпу наступу», — як наўпроставую атаку на пэўных расійскіх палітычных дзеячаў.

Расійская інсайдарская крыніца таксама сцвярджала 1 траўня, што Шайгу рэзка раскрытыкаваў Мантурава, «Растэх» і намесніка старшыні Рады бяспекі Расіі Дзмітрыя Мядзведзева ў адказ на арышт Іванова. 

Паведамлялася, што Шайгу меў асабліва блізкія адносіны з Івановым і што арышт Іванова разам з раптоўным вяртаннем на пярэдні план Дзюміна можа сведчыць пра тое, што Крэмль незадаволены працай Шайгу. Адна з расійскіх крыніц, аднак, ацаніла адстаўку Шайгу ў 2024 годзе як «малаверагодную».

Сустрэча Пуціна і Дзюміна таксама сведчыць пра тое, што Пуцін, імаверна, з'яўляецца адказнай асобай, якая прымала пастанову аб арышце Іванова. 

ISW назірае, што Пуцін рэгулярна ратуе чыноўнікаў і ваенных камандзіраў, якія карыстаюцца яго добразычлівасцю, спадзеючыся стымуляваць розныя фракцыі да дасягнення яго мэтаў.

***

Дырэктарка нацыянальнай выведкі ЗША Эўрыл Хэйнс падчас слуханняў у Кангрэсе ЗША 2 траўня заявіла, што Пуцін адчувае «паранаідальны страх» праз нібыта намер Захаду абмежаваць уладу РФ у свеце і гэта прывяло яго да рашэння марнаваць гістарычна рэкордныя сумы на мілітарызацыю, піша «Голас Амерыкі».

«Пуцін працягвае лічыць, што Расія знаходзіцца пад пагрозай, і амаль напэўна мяркуе, што вялікая, лепш абсталяваная армія данясе гэтую думку да заходняй і ўнутранай аўдыторыі... Ён працягвае разглядаць пашырэнне NATO і падтрымку Украіны Захадам як умацаванне яго даўняга пераканання, што Злучаныя Штаты і Еўропа імкнуцца абмежаваць уладу Расіі».

На думку Хэйнс, гэта ўжо «пэўная параноя».

У той жа час чыноўніца мяркуе, што насамрэч дзеянні NATO накіраваныя на запэўніванне Расіі ў адваротным, зрэшты, рашэнні Пуціна паскорылі падзеі, якіх ён спрабаваў пазбегнуць — напрыклад, пашырэнне альянсу, калі ў NATO ўступілі Фінляндыя і Швецыя, якія цягам дзесяцігоддзяў захоўвалі нейтралітэт.

Паводле слоў Хейнс, кіраўнік Крамля павялічыў выдаткі на абарону амаль да 7% ВУП Расіі, што амаль удвая перавышае сярэдні паказчык за гісторыю, і цяпер абаронны бюджэт РФ складае прыкладна 25% усіх федэральных выдаткаў.

***

Паводле звестак брытанскай выведкі, пасля атакі на аэрадром «Кушчэўская» расійцы разгрупавалі прыкладна 40 самалётаў розных тыпаў па шматлікіх аэрадромах далей ад лініі фронту.

Як адзначылі брытанскія аглядальнікі, уплыў гэтага разгрупавання наўрад ці будзе адразу відавочным або драматычным. Аднак Украіна ўжо прадэманстравала здольнасць наносіць удары значна далей углыб Расіі, чым гэтыя пункты разгрупавання.

Тое, што Расія пайшла на гэтыя меры, азначае, што працягласць вылетаў яе самалётаў давядзецца павялічыць, каб захаваць такую ж сталасць на поле бою, як было да гэтага часу.

Гэта, у сваю чаргу, запатрабуе выкарыстоўваць больш паліва і павялічыць выдаткі, а таксама — нагрузку на экіпажы.

***

Намеснік кіраўніка ГУР Украіны Вадзім Скібіцкі заявіў, што Украіна не зможа выйграць вайну толькі на полі бою.

На фронце склалася самая складаная для Украіны сітуацыя з пачатку вайны — і яна можа пагоршыцца, расказаў ён у інтэрв'ю «The Economist».  

Паводле слоў Скібіцкага, расійскія вайскоўцы атрымалі загад «узяць што-небудзь» да святкавання Дня Перамогі ў Маскве 9 траўня або (калі гэта не атрымаецца) да візіту Уладзіміра Пуціна ў Кітай тыднем пазней.

«Наша праблема вельмі простая: у нас няма зброі. Яны заўсёды ведалі, што красавік і травень будуць для нас цяжкім часам», — падкрэсліў Скібіцкі.

«The Economist» адзначае, што амерыканскія пастаўкі зброі наўрад ці будуць супастаўныя з расійскімі запасамі снарадаў або забяспечаць эфектыўную абарону ад нізкатэхналагічных, але разбуральных расійскіх авіябомб.

Перамовы

Вадзім Скібіцкі сказаў часопісу, што не бачыць для Украіны спосабу выйграць вайну толькі на полі бою. Паводле яго слоў, нават калі Украіна змагла б адціснуць расійскія войскі да межаў 1991 года, гэта не спыніла б вайну.

На думку Скібіцкага, такія войны могуць скончыцца толькі перамовамі, а цяпер абодва бакі спрабуюць заняць найбольш выгадную пазіцыю перад патэнцыйнымі перамовамі. Змястоўныя ж перамовы могуць пачацца не раней за другую палову 2025 года, лічыць ён.

Трохузроўневы план дэстабілізацыі

Паводле слоў Скібіцкага, у траўні Расія плануе ўжыць «трохузроўневы» план дэстабілізацыі сітуацыі ва Украіне.

Галоўным будзе ваенны фактар, паколькі павінны прайсці яшчэ тыдні да атрымання Украінай ваеннай дапамогі ЗША, нядаўна адобранай Кангрэсам.

Другі фактар — кампанія дэзінфармацыі ва Украіне, накіраваная на падрыў мабілізацыі і палітычнай легітымнасці Уладзіміра Зяленскага, прэзідэнцкі тэрмін якога тэарэтычна заканчваецца 20 траўня. Хоць у Канстытуцыі краіны выразна прапісана, што ў ваенны час паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы падаўжаюцца на нявызначаны тэрмін.

Трэцяя частка плана, паводле слоў Скібіцкага, — кампанія Расіі па ізаляцыі Украіны на міжнародным узроўні.

Часаў Яр

Асаблівы непакой Украіны цяпер выклікае горад Часаў Яр, паколькі яго ўзяцце адкрые расійцам шлях на апошнія неакупаваныя гарады Данецкай вобласці. Паводле слоў Скібіцкага, верагодна, акупацыя Часавага Яра — гэта толькі пытанне часу, і горад падзе гэтак жа, як Аўдзееўка, якую расійскія войскі цалкам разбамбілі ў лютым.

«Не сёння і не заўтра, вядома, але ўсё залежыць ад нашых рэзерваў і паставак», — сказаў генерал. Ён прызнаў, што Украіна далёкая ад стабілізацыі сітуацыі, а Расія выкарыстоўвае ўсё, што можа, для дасягнення сваіх мэтаў.

Расійская армія ўжо не такая, якой была ў 2022 годзе, і цяпер дзейнічае як «адзіны арганізм, з выразным планам і пад адзіным камандаваннем», адзначыў Скібіцкі.

Харкаў і Сумы

Таксама Скібіцкі мяркуе, што Расія рыхтуецца да наступу ў Харкаўскай і Сумскай абласцях. Асноўны ўдар, паводле яго прагнозаў, пачнецца «напрыканцы траўня або на пачатку чэрвеня».

Паводле даных ГУР, Расія мае агулам 514 тыс. сухапутных вайскоўцаў, якія былі задзейнічаныя ва ўкраінскай аперацыі. У той жа час паўночная групоўка УС РФ, якая базуецца праз мяжу ад Харкава, налічвае 35 тыс. чалавек, але яе плануюць пашырыць да 50-70 тыс. вайскоўцаў. Расія таксама стварае «раздзел рэзерваў» (ад 15 да 20 тыс.), якія могуць дадаць да асноўных сіл.

Скібіцкі адзначае, што гэтага «недастаткова» для захопу вялікага горада (таксама гэтае меркаванне падзяляюць заходнія вайсковыя чыноўнікі), але можа быць дастаткова для меншай задачы.

«Хуткая аперацыя для ўваходу і выхаду — магчымая. А вось аперацыя па захопу Харкава або Сумаў — гэта іншы парадак. Расійцы гэта ведаюць. І мы гэта ведаем», — дадаў прадстаўнік ГУР.

***

Расійскія вайскоўцы ціснуць на ўсіх кірунках, гарачэй за ўсё было на Аўдзееўскім, усяго за мінулыя суткі на фронце адбылося 134 баявыя сутыкненні, гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ ў Facebook паводле стану на раніцу 3 мая.  

«Увогуле вораг нанёс 3 ракетныя і 70 авіяцыйных удараў, здзейсніў 116 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях нашых войскаў і населеных пунктах».

З артылерыі акупанты білі па больш за 120 населеных пунктах Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.

За мінулыя суткі УСУ абясшкодзілі 1 270 акупантаў і знішчылі 181 адзінку тэхнікі. Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 па 03.05.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 472 140 (+1 270) чалавек;
  • танкаў — 7 354 (+22) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 14 129 (+33) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 12 102 (+58) адз.;
  • РСЗА — 1 053 (+0) адз.;
  • сродкаў СПА — 786 (+2) адз.;
  • самалётаў — 348 (+0) адз.;
  • верталётаў — 325 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 9 580 (+19) адз.;
  • крылатых ракет — 2 126 (+0) адз.;
  • караблёў / катэраў — 26 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 16 266 (+42) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 1 993 (+5) адз.

***

Двое чалавек загінулі і яшчэ двое атрымалі раненні ў выніку расійскіх абстрэлаў горада Курахава Данецкай вобласці, паведаміў кіраўнік Курахаўскай гарадской ваеннай адміністрацыі Раман Падун у Facebook.  

«Сёння раніцай вораг зноў абстраляў г.Курахава аскепкава-фугаснымі боепрыпасамі. У зоне паражэння апынулася цэнтральная частка горада, пашкоджаны шматпавярхоўкі. Параненыя два чалавекі, двое загінулі».

Паводле яго слоў, білі акупанты па Курахаве і ўвечары 2 траўня — пашкодзілі электрычныя сеткі. Частка горада застаецца без электразабеспячэння.

Таксама ў чацвер захопнікі пашкодзілі электрасеткі ў сяле Ганоўка — без святла засталіся жыхары Успенскай акругі. Энергетыкі працуюць над аднаўленнем электразабеспячэння.

***

У часова акупаваным Бярдзянску Запарожскай вобласці ўвечары 2 траўня прагрымеў выбух і ўспыхнуў маштабны пажар, напісала кіраўніца Бярдзянскай ваеннай адміністрацыі Вікторыя Галіцына ў Telegram.

«Пажар у Бярдзянску. Каля 20:20 жыхары Бярдзянска чулі выбух, пасля чаго агонь разгарэўся лакальна ў мікрараёне Калонія».

Кіраўніца ГВА дадала, што цяпер чакаюць удакладненую інфармацыю.

У сацсетках паведамляюць, што ў гэтым раёне размешчаны завод «Дормаш», дзе раней акупанты рамантавалі сваю ваенную тэхніку.