780-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: абвастрэнне на фронце і баі за Багданаўку
Украіна мае патрэбу ў замежных сродках СПА, каб захаваць свой абарончы патэнцыял на фоне абвастрэння расійскага наступу пасля выбараў. Тым часам РФ, верагодна, рыхтуе да перазапуску Запарожскую АЭС.
***
Амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW) ацэньвае, што развіццё абаронна-прамысловай базы з часам можа дазволіць Украіне падтрымліваць сваю абарону супраць Расіі і задавальняць доўгатэрміновыя патрэбы нацыянальнай бяспекі са значным скарачэннем замежнай вайсковай дапамогі. Але цяпер для гэтага патрэбна супрацьпаветраная абарона Захаду.
Украінскія чыноўнікі выказвалі намеры пашырыць АПК Украіны ўнутры краіны і за мяжой з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі.
Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Мэцью Мілер заявіў, што прадастаўленне Украіне заходніх сродкаў супрацьпаветранай абароны стане крытычна важным элементам здольнасці Украіны адстаяць сваю абаронную прамысловасць, што, у сваю чаргу, зменшыць залежнасць Украіны ад заходняй дапамогі і асабліва дапамогі ЗША Украіне ў доўгатэрміновай перспектыве.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі нядаўна падкрэсліў, што Украіна не можа змякчыць праблему адсутнасці дастатковай колькасці сістэм супрацьпаветранай абароны і што толькі СПА, прадастаўленыя Захадам, а менавіта сістэмы «Patriot», дазволяць Украіне абараніць Украіну ад узмоцненай ударнай кампаніі з боку Расіі.
ISW працягвае ацэньваць, што ЗША не трэба будзе пасылаць Украіне вялікія пакеты дапамогі ў сферы бяспекі да бясконцасці, калі Украіна зможа дастаткова пашырыць свой абаронна-прамысловы патэнцыял. Але прадастаўленне сістэм СПА і ракет Украіне мае вырашальнае значэнне для здольнасці Украіны абараніць сваю энергетычную інфраструктуру і абаронную прамысловасць ад расійскіх удараў.
***
Мінабароны Украіны абвергла інфармацыю пра захоп расійцамі вёскі Багданаўка ў Бахмуцкім раёне Данецкай вобласці — там працягваюцца баі (раней аналітыкі «Deepstate» заяўлялі, што расійскія войскі акупавалі Багданаўку):
«Працягваюцца інтэнсіўныя баі за Багданаўку на Бахмуцкім кірунку. Ноччу штурмавыя групы ворага прабіліся на паўночную ўскраіну горада. Багданаўка цяпер пад кантролем сіл абароны. Ідзе бой, вораг не спыняе штурмаў».
***
Абстаноўка на Усходнім фронце апошнімі днямі істотна абвастрылася, гэта звязана са значнай актывізацыяй наступальных дзеянняў Расіі пасля правядзення выбараў прэзідэнта, заявіў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі.
Паводле яго даных, вораг актыўна атакуе на Ліманскім, Бахмуцкім кірунках штурмавымі групамі пры падтрымцы бронетэхнікі. На Пакроўскім кірунку спрабуе прарваць абарону, выкарыстоўваючы дзясяткі танкаў і БМП.
Сырскі тлумачыць гэта сухім надвор'ем, якое зрабіла танкадаступнымі большую частку адкрытых участкаў мясцовасці.
Ён заявіў, што яго першы дзень працы ў раёне аперацыі прысвечаны менавіта гэтаму кірунку і прыняццю ўсіх неабходных мер для стабілізацыі абстаноўкі, павышэння эфектыўнасці дзеянняў украінскіх войскаў і нанясення максімальных страт падраздзяленням праціўніка.
***
За мінулыя суткі адбылося 97 баявых сутыкненняў. Агулам расійцы нанеслі 2 ракетныя і 91 авіяцыйны ўдар, здзейснілі 160 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах, паведамляе Генштаб УСУ ў Facebook.
Пад артылерыйскім агнём былі больш за 110 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.
***
За 12 красавіка ўкраінскія абаронцы знішчылі 1030 акупантаў і 32 танкі. Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 да 13.04.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 452 760 (+1030) чал.;
- танкаў — 7 169 (+23) адз.;
- баявых браніраваных машын — 13 745 (+47) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 11 518 (+32) адз.;
- РСЗА — 1045 (+3) адз.;
- сродкаў СПА — 756 (+1) адз.;
- самалётаў — 347 адз.;
- верталётаў — 325 адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 9 201 (+40) адз.;
- крылатых ракет — 2 088 (+1) адз.;
- караблёў / катэраў — 26 адз.;
- падводных лодак — 1 адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 15 396 (+57) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 1 893 (+5) адз.
***
Уладзімір Пуцін паведаміў МАГАТЭ, што Крэмль плануе перазапусціць Запарожскую АЭС, якая цяпер знаходзіцца пад расійскай акупацыяй. Гэта значна павышае рызыкі інцыдэнту на найбуйнейшай атамнай станцыі Еўропы, паведамляе «The Wall Street Journal».
Міжнароднае агенцтва атамнай энэргетыкі ў Вене атрымала тэхнічныя справаздачы, напісаныя невялікай групай інспектараў, якіх яно адправіла на станцыю. З гэтых справаздач вынікае, што Расія імкнецца вярнуць Запарожскую АЭС у эксплуатацыю ўжо сёлета.
Паводле слоў еўрапейскіх дыпламатаў, знаёмых з гэтым пытаннем, мэта Расіі, падобна, складаецца ў тым, каб вярнуць у эксплуатацыю хоць бы адзін рэактар. Адзін з дыпламатаў сказаў, што Расія можа зрабіць гэта да 40-й гадавіны падлучэння станцыі да электрасеткі Савецкага Саюза ў снежні.
Старшыня МАГАТЭ Рафаэль Гросі ў мінулым месяцы наведаў расійскі курорт Сочы для сустрэчы з Пуціным і кіраўніком атамнай кампаніі «Расатам». Гросі спытаў, ці будзе адноўленая станцыя, як сцвярджаюць людзі, знаёмыя з дыскусіямі. Пуцін сказаў, што дакладна будзе. Расійскія чыноўнікі не расказалі пра планы або тэрміны.
WSJ мяркуе, што перазапуск рэактара на ЗАЭС стане тэхнічным выклікам і сімвалічнай вяхой для Расеі, якая «нармалізуе» захоп станцыі, што забяспечвала блізу пятай часткі электраэнергіі ва Украіне да 2022 года.
«The Wall Street Journal» пагутарыў з многімі людзьмі, якія працавалі на станцыі і якія сумняваюцца, што Расія мае дастаткова тэхнікаў, каб зрабіць гэта бяспечна і паспяхова. Гэта таксама створыць новую пагрозу бяспецы, якая ўжо настолькі сур'ёзная, што савет дырэктараў МАГАТЭ правёў экстранае пасяджэнне ў чацвер, каб абмеркаваць нядаўнія атакі беспілотнікаў.