688-мы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: галоўнае за суткі
Пасля абстрэлу Херсона ёсць загінулыя; Расія выкарыстоўвае ракеты Паўночнай Карэі, а ЗША ўводзяць за гэта санкцыі; за мінулыя суткі УСУ знішчылі больш за 800 акупантаў — такія апошнія навіны з украінскага фронту.
***
Эксперты амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW) прыйшлі да высновы, што расійскім войскам удаецца праводзіць планавыя ратацыі дзякуючы перавазе на ўсёй тэрыторыі Усходняй Украіны і адсутнасці ціску ўкраінскіх контрнаступальных аперацый.
«Расійскія войскі ўтрымліваюць ініцыятыву на ўсёй тэрыторыі Усходняй Украіны, а адсутнасць украінскіх контрнаступальных аперацый, імаверна, здымае ціск на аператыўнае разгортванне, якое раней часткова абмяжоўвала здольнасць расійцаў праводзіць ратацыі», — гаворыцца ў паведамленні інстытута.
Тым часам намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення ваеннай выведкі Украіны генерал-маёр Вадзім Скібіцкі заявіў, што расійскія войскі ва Украіне налічваюць 462 000 вайскоўцаў і што гэта ўвесь сухапутны кампанент іх сіл.
Ён дадаў, што большасць расійскіх падраздзяленняў ва Украіне ўкамплектаваныя на 92-95% ад іх меркаванай поўнай колькасці і што памер расійскай групоўкі ва Украіне дазваляе расійскім войскам праводзіць ратацыі па ўсёй тэрыторыі ваенных дзеянняў.
Скібіцкі таксама заявіў, што расійскія войскі адводзяць у тылавыя раёны падраздзяленні, колькасьць якіх складае 50% або менш за запланаваную, і вяртаюць іх на фронт пасля аднаўлення і папаўнення.
***
Выведка Вялікабрытаніі прааналізавала ўплыў FPV-дронаў, якія УСУ выкарыстоўваюць для паражэння тэхнікі расійскіх акупацыйных войск, на сітуацыю на левабярэжжы Херсонскай вобласці, а таксама патлумачыла, чаму расійскім акупантам цяжка ім процідзейнічаць.
Як адзначылі ў ведамстве, УСУ выкарыстоўваюць такія дроны разам з артылерыяй. Выведка прыводзіць звесткі расійскага ваенкара, згодна з якімі 90% расійскай вайсковай тэхнікі ў раёне вёскі Крынкі Херсонскай вобласці было знішчана.
«Няздольнасць Расіі процідзейнічаць БПЛА FPV, імаверна, звязаная з недахопам расійскіх сродкаў радыёэлектроннай барацьбы ў гэтым раёне», — гаворыцца ў паведамленні.
***
Расійцы не пакідаюць спроб прасунуцца наперад. За мінулыя суткі яны атакавалі на 7 кірунках, нанеслі 3 авіяўдары і здзейснілі 16 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах. За суткі на фронце было 64 баявыя сутыкненні.
На працягу сутак авіяцыя Сіл абароны Украіны нанесла ўдары па 2 раёнах засяроджання асабістага складу захопнікаў.
Падраздзяленні ракетных войскаў разбілі 2 раёны засяроджання асабістага складу, узбраення і вайсковай тэхнікі, пункт кіравання і склад боепрыпасаў расійцаў.
***
За мінулыя суткі Расія страціла ў вайне супраць Украіны каля 840 салдат, 10 танкаў, 16 баявых браніраваных машын, 11 артылерыйскіх сістэм і сродак супрацьпаветранай абароны.
Паводле даных Генштаба УСУ, агульныя баявыя страты РФ з 24.02.22 па 12.01.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага складу — парадку 368 460 (+840) чалавек;
- танкаў — 6060 (+10) адз.;
- баявых браніраваных машын — 11 254 (+16) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 8 710 (+11) адз.;
- РСЗА — 957 (+0) адз.;
- сродкаў СПА — 642 (+1) адз.;
- самалётаў — 329 (+0) адз.;
- верталётаў — 324 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 6 836 (+1);
- крылатых ракет — 1 806 (+0);
- караблёў / катэраў — 23 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрн — 11 612 (+16) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 1 339 (+2).
***
У выніку дзённага абстрэлу Херсона загінулі два чалавекі, паведамляе кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін.
Раней ён паведамляў пра загінулую жанчыну, а неўзабаве ўдакладніў, што ў аўтамабілі знойдзена абгарэлае цела, асоба загінулага высвятляецца.
Паводле яго, за мінулыя суткі расійскія войскі здзейснілі 73 абстрэлы Херсонскай вобласці.
***
Генеральная пракуратура Украіны атрымала першыя доказы магчымага прымянення расійскімі войскамі ракет, вырабленых у Паўночнай Карэі, заявіў у чацвер, 11 студзеня, генеральны пракурор Украіны Андрэй Косцін. Паводле яго слоў, ракеты паўночнакарэйскай вытворчасці выкарыстоўваліся, у прыватнасці, 2 студзеня пры абстрэле Харкава.
«Вынікі папярэдняй навукова-тэхнічнай экспертызы пацвярджаюць, што выпушчаная 2 студзеня па цэнтральнай частцы Харкава ракета з'яўляецца ракетай малой далёкасці, распрацаванай Паўночнай Карэяй», — сказаў Косцін.
Ён дадаў, што цяпер праводзіцца комплексная экспертыза, якая павінна канчаткова ідэнтыфікаваць выкарыстаную ракету. Акрамя таго, працягваецца пошук фрагментаў ракет, выпушчаных расійскімі войскамі падчас нядаўніх абстрэлаў Харкаўскай і Адэскай абласцей.
Дзярждэпартамэнт ЗША пазней учора абвясціў пра ўвядзенне санкцый у дачыненні да трох расійскіх юрыдычных асоб і адной фізічнай асобы, «датычных да перадачы Расіі і тэставання балістычных ракет з КНДР для выкарыстання супраць Украіны».