633-ці дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: украінцы вучаць палонных РФ сваёй гісторыі
Працягваюцца баявыя дзеянні пад Аўдзееўкай, дзе расійскія войскі нясуць вялікія страты, а Украіна тым часам «перавыхоўвае» палонных расійцаў. Такія навіны апошніх сутак з украінскага фронту.
***
У выніку атакі расійскіх вайскоўцаў у пятніцу, 17 лістапада, у Запарожжы загарэліся два будынкі, паведамляе Дзяржаўная служба Украіны па надзвычайных сітуацыях.
Пажарныя ліквідавалі ўзгаранне на плошчы 250 квадратных метраў. Удакладняецца, што ўдар быў нанесены з выкарыстаннем беспілотнікаў, паведамляе «Бі-бі-сі».
Таксама днём у выніку расійскіх абстрэлаў загарэўся прыватны дом у вёсцы Новаданілаўка Полагаўскага раёна, паведамілі ва ўстанове. Агонь ахапіў плошчу ў 100 квадратных метраў. Пажар патушаны. Паводле даных Дзяржаўнай службы Украіны па надзвычайных сітуацыях, ніхто не пацярпеў.
Раней паветраныя сілы УСУ паведамілі, што з восьмай гадзіны вечара ўчарашняга дня да 4-й гадзіны раніцы суботы Украіну атакавалі 38 ударных беспілотнікаў тыпу «Shahed».
Атакі адбываліся ў некалькі хваль, групамі, у розных рэгіёнах Украіны. Вайскоўцам удалося знішчыць 29 ударных дронаў «Shahed-136/131», заявілі ва УСУ.
***
Як расказаў кіраўнік Кіеўскай гарадской ваеннай адміністрацыі Сяргей Папко, у ноч на суботу на Кіеў была здзейсненая другая за месяц атака беспілотнікаў — паводле папярэдняй інфармацыі, баражуючымі боепрыпасамі тыпу «Shahed».
Каб дабрацца да ўкраінскай сталіцы, беспілотнікі пераадолелі «складаны маршрут працягласцю ледзь не 1000 км», удакладніў Папко. Паводле яго слоў, у атаку Кіева дроны заходзілі з паўночнага кірунку.
Аднак дзякуючы сістэме СПА ўсе яны, «амаль дзясятак», былі збітыя на подступах да Кіева, сцвярджае Папко. Ён падкрэсліў, што, паводле папярэдняй інфармацыі, у горадзе няма ні пацярпелых, ні пашкоджанняў.
***
Расійскія войскі 17 лістапада вялі наступальныя дзеянні пад Аўдзееўкай. Пацверджаны наступ расійскіх войскаў на ўсход ад Ураджайнага (9 км на поўдзень ад Вялікай Навасёлкі).
Апублікаваныя 16 лістапада кадры, геалакаваныя амерыканскім Інстытутам вывучэння вайны (ISW) , паказваюць, што расійскія войскі нязначна прасунуліся ў прамысловай зоне на паўднёвы ўсход ад Аўдзееўкі.
Генштаб Украіны паведаміў, што расійцы беспаспяхова атакавалі паблізу горада (14 км на паўночны ўсход ад Аўдзееўкі), Стэпавага і Аўдзееўкі, на ўсход ад Навабахмутаўкі (7 км на паўночны захад ад Аўдзееўкі) і на поўдзень ад Тоненькага (6 км на захад ад Аўдзееўкі).
Украінскія войскі праводзілі наступальныя аперацыі паблізу Бахмута і пацвердзілі наступ 17 лістапада. Геалакацыйныя кадры ISW паказваюць, што ўкраінскія войскі прасоўваліся на паўднёвы ўсход ад Паўднёвага (24 км ад Бахмута).
***
Украіна «перавыхоўвае» расійскіх ваеннапалонных у сваіх лагерах, піша «The Times».
Палонных, паводле звестак выдання, будзяць пад украінскі гімн, а на шляху ў сталовую іх праводзяць па калідоры з партрэтамі Сцяпана Бандэры і Тараса Шаўчэнкі.
Пасля сняданку ваеннапалонных збіраюць на хвіліну маўчання ў памяць аб ахвярах расійскага ўварвання. Таксама палонным чытаюць курс украінскай гісторыі, «каб абвергнуць сцвярджэнні Пуціна пра тое, што Украіна не з'яўляецца незалежнай дзяржавай».
«The Times» адзначае, што такім чынам адміністрацыя «спрабуе зжыць у людзей неаімперыялістычную ідэалогію да моманту іх вяртання на радзіму».
Расійскія ваеннапалонныя працуюць шэсць дзён на тыдзень, у прыватнасці, збіраючы мэблю, і атрымліваюць за сваю працу восем долараў на месяц. Каля траціны палонных, паводле словах прэс-сакратара Каардынацыйнага штаба па абыходжанні з ваеннапалоннымі ва Украіне, — вайскоўцы атрадаў «Шторм Z», дзе служаць завербаваныя Мінабароны РФ зняволеныя.
***
Паводле звестак брытанскай выведкі, цягам апошняга тыдня найбольш інтэнсіўныя наземныя баі ішлі на трох участках фронту, ні адзін з бакоў не дасягнуў прагрэсу, але расійцы пад Аўдзееўкай у Данецкай вобласці нясуць асабліва цяжкія страты.
Паведамляецца, што баі ішлі на Купянскім кірунку на Луганшчыне, пад Аўдзееўкай у Данецкай вобласці і на левым беразе Дняпра на Херсоншчыне, дзе ўкраінскія войскі стварылі плацдарм.
Паводле ацэнкі заходніх чыноўнікаў, у баях пад Аўдзееўкай расійскія сілы губляюць «ад 500 да 1000 чалавек у дзень».
У брытанскай выведцы са спасылкай на «сведчанні відавочцаў» таксама паказваюць на важную ролю малых беспілотнікаў і артылерыі, асабліва касетных боепрыпасаў, у супрацьстаянні нападам з абодвух бакоў.
«З надыходам халоднага зімовага надвор'я на ўсходзе Украіны істотныя змены на лініі фронту ў найбліжэйшай перспектыве наўрад ці чакаюцца», — падсумоўваецца ў зводцы.
***
За мінулыя суткі Узброеныя сілы Украіны знішчылі 620 расійскіх салдат, такім чынам агульныя страты расійскіх захопнікаў дасягнулі 317 380 вайскоўцаў, паведамляе Генштаб УСУ.
Агульныя баявыя страты РФ з 24.02.22 па 18.11.2023 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 317 380 (+620) чалавек;
- танкаў — 5422 (+7) адз.;
- баявых браніраваных машын — 10 141 (+9) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 7726 (+14) адз.;
- РСЗА — 896 (+1) адз.;
- сродкаў СПА — 586 (+1) адз.;
- самалётаў — 323 (+0) адз.;
- верталётаў — 324 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 5726 (+17);
- крылатых ракет — 1563 (+0);
- караблёў / катэраў — 22 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрн — 10 091 (+14) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 1090 (+4).
***
За апошнія суткі Сілы абароны Украіны на левабярэжжы Дняпра адбілі 12 нападаў ворага і замацоаваліся на занятых рубяжах, а таксама нанеслі агнявое паражэнне войскам РФ. Акрамя гэтага, украінскія вайскоўцы штурмуюць на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці, наносяць ворагу страты ў жывой сіле і тэхніцы і замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.
За мінулыя суткі адбылося 67 баявых сутыкненняў. Увогуле вораг нанёс 1 ракетны і 37 авіяцыйных удараў, здзейсніў 41 абстрэл з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях нашых войскаў і населеных пунктах. З прычыны расійскіх тэрарыстычных нападаў, на жаль, ёсць параненыя сярод цывільнага насельніцтва. Разбурэнні і пашкоджанні атрымалі жылыя дамы і іншая грамадзянская інфраструктура.
За мінулыя суткі расійскія акупанты нанеслі авіяцыйны ўдар па Украіне, ужыўшы ўдарныя БПЛА тыпу «Shahed-136/131». Супрацьпаветранай абаронай УСУ знішчана 9 ударных БПЛА. Інфармацыя пра наступствы начной атакі пакуль удакладняецца.
Авіяцыйным ударам падвергліся: Харкаўская, Данецкая, Запарожская і Херсонская вобласці.